Беларуская Служба

Колькі зарабляюць медсёстры ў Польшчы? Найбольш у ЕС!

19.11.2024 15:25
Затое Польшча прызначае адносна мала на сістэму аховы здароўя.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Blue Planet Studio

Польскі медперсанал зарабляе найбольш у ЕС, калі параўноўваць зарплаты з сярэднім заробкам у дадзенай краіне, але з пункту гледжання выдаткаў на ахову здароўя Польшча адстае ад іншых дзяржаў - Forsal.pl прыводзіць высновы справаздачы, прысвечанай сістэме аховы здароўя ў краінах Еўрасаюза.

У 2022 годзе краіны ЕС прызначылі ў сярэднім 10,4% ВУП на ахову здароўя. Польшча выдзеліла на гэтыя мэты 6,4%. Гэта чацвёрты найгоршы вынік у ЕС - Польшчу апярэджваюць толькі Люксембург (5,6%), Румынія (5,7%) і Ірландыя (6,1%).

Дадзеныя таксама паказваюць на адносна малую колькасць медыцынскіх работнікаў у Польшчы. У 2022 годзе на 1000 жыхароў прыходзілася 5,7 медсястры і 3,5 лекара, у той час як сярэдні паказчык па ЕС складае 8,4 і 4,2 ​​адпаведна.

Польшча спрабуе дагнаць іншыя краіны-члены ў плане кадраў, пашыраючы набор. З 2012 па 2022 год набор у медыцынскія школы вырас з 5202 да 9707 чалавек у год. Расце таксама колькасць лекараў у Польшчы, якія атрымалі адукацыю за межамі краіны – іх доля вырасла з 0,4 да 3,8 адсотка.

У той жа час у Польшчы медсёстры могуць разлічваць на адносна высокія заробкі. Яны зарабляюць 160% ад сярэдняй зарплаты, што ставіць краіну на першае месца, разам з Бельгіяй. У ЕС гэты паказчык складае ў сярэднім 120%.

У справаздачы таксама адзначаецца, што чаканая працягласць жыцця ў Польшчы павялічылася з 77,1 года ў 2013 годзе да 78,6 года ў 2023 годзе. Аднак гэта ўсё яшчэ менш, чым чаканая працягласць жыцця сярэднестатыстычнага жыхара супольнасці, які дажывае да 81,5 года. Як і ў астатніх краінах Еўрасаюза, у Польшчы існуе вялікі адрыў паміж перспектывай даўжыні жыцця жанчын (у Польшчы — 82,4 года; у ЕС — 84,2) і мужчын (74,8 і 78,8 году адпаведна). Аднак жанчыны даўжэй, чым мужчыны, жывуць са слабым станам здароўем (17 гадоў – жанчыны, 12,6 – мужчыны.

У дакладзе таксама абмяркоўваецца праблема псіхічнага здароўя розных узроставых груп насельніцтва. Польскія 15-гадовыя падлеткі маюць найбольш псіхічных праблем сярод аднагодкаў у ЕС – індэкс псіхічнага дабрабыту ў гэтай групе складае 46,7 (ва ўсім ЕС – 53,7). У сваю чаргу ва ўзроставай групе людзей, старэйшых за 50 гадоў, 29,1% заяўляюць аб сімптомах дэпрэсіі – амаль удвая больш, чым у сярэднім па ЕС (16,75%).

«Health at Glance» — штогадовая справаздача Еўрапейскай камісіі і Арганізацыі еўрапейскага супрацоўніцтва і развіцця аб стане здароўя еўрапейцаў. Сёлетні выпуск прысвечаны дэфіцыту медыцынскіх работнікаў і чаканай працягласці жыцця.

нг