Беларуская Служба

Грамадзянскія саюзы могуць дапамагчы пазбегнуць падаткаў?

08.01.2025 12:10
Паасобныя ведамствы паведамляюць пра свае засцярогі наконт законапраекта, які ўводзіць у польскае права інстытут грамадзянскага саюза.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.qimono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Заключэнне грамадзянскага саюза можа быць спосабам аптымізаваць падаткаабкладанне, пазбегнуць абавязак падаваць падатковыя дэкларацыі або абысці абмежаванні на набыццё нерухомасці іншаземцамі. Dziennik Gazeta Prawna звяртае ўвагу на сумневы, датычныя праекту міністра па справах роўнасці Катажыны Катулі, які ўводзіць у польскае заканадаўства інстытут грамадзянскага саюза.



Між тым, некаторыя міністэрствы асцерагаюцца, што грамадзянскія саюзы будуць выкарыстоўвацца інструментальна.

У тым ліку, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і амбудсмен выказваюць занепакоенасць магчымым выкарыстаннем грамадзянскіх саюзаў не для пабудовы трывалых адносін, а, напрыклад, для абыходу абмежаванняў, звязаных з набыццём нерухомасці іншаземцамі або атрыманнем міжнароднай абароны на тэрыторыі Польшчы.

У сваю чаргу, Міністэрства юстыцыі ў сваёй пазіцыі, прадстаўленай падчас кансультацыяў па праекце, адзначае, што грамадзянскія саюзы ў форме, прапанаванай міністрам Катажынай Катуляй, не гарантуюць трываласці, як традыцыйны шлюб. Для скасавання такіх адносін дастаткова, каб фігуранты падалі адпаведную аднагалосную заяву кіраўніку ЗАГСа. Паводле чыноўнікаў, гэта «можа прывесці да сітуацый, у якіх партнёры выкарыстоўваюць прэферэнцыі ў кароткатэрміновай перспектыве, без намеру будаваць працяглыя адносіны».



Гэткіх боязяў не падтрымлівае, напрыклад, член Камісіі па пытаннях роўнасці пры Вышэйшым савеце адвакатаў Анна Ячун, якую цытуе газета.

«Я не бачу такіх пагроз, пра якія пішуць міністэрствы. На мой погляд, гэта прыдзіркі і пошук нейкіх элементаў у гэтым праекце, якія прымусяць нас зноў вырашыць, што грамадзянскіх саюзаў наогул уводзіць нельга, таму што гэта занадта рызыкоўна» - кажа адвакатка, якая дадае, што людзі, якія жывуць у неафіцыйных грамадзянскіх саюзах, доўга чакалі магчымасці легалізаваць гэтыя адносіны.

Паводле яе, інструментальна можна таксама разглядаць і інстытут традыцыйнага шлюба.  

IAR/аз