Беларуская Служба

Жанчыны зоймуць галоўныя пасады ў Еўрасаюзе

03.07.2019 15:11
Дзве галоўныя пасады ў Еўрасаюзе будуць займаць жанчыны. Гэта рэвалюцыйная сітуацыя.
       .
Урсула фон дэр Ляен стане кіраўніком Еўрапейскай Камісіі.PAP/EPA/MICHAEL KAPPELER / POOL

Урсула фон дэр Ляен стане кіраўніком Еўрапейскай Камісіі, а Крысцін Лагард - кіраўніком Еўрапейскага банку. Так будуць выглядаць найважнейшыя змены ва ўладах супольнасці, паведамляе „Rzeczpospolita”.

Кандыдатуру Урсулы фон дэр Ляен падтрымала ўся Вышаградская група, у тым ліку Польшча.

„Яна крытычна выказваецца пра Расію. Выступае за ўзмацненне абароннай палітыкі ЕС. Гэта для нас важныя аргументы”, - заявіў неафіцыйна адзін з польскіх дыпламатаў.

Для ўраду польскай кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” таксама важным можа быць факт, што 60-гадовая жанчына прадстаўляе ХДС, то бок кансерватыўныя сілы. У яе арыстакратычныя карані, яна маці семярых дзяцей.

Польскаму ўраду не перашкаджае нават нацыянальнасць (яна - немка), што, на думку некаторых, празмерна пашырае ўплыў нямецкай дзяржавы ў Еўрасаюзе.

Аднак у Германіі Урсула фон дэр Ляен не карыстаецца асабліва станоўчымі ацэнкамі. Наадварот, яе лічаць некампетэнтным міністрам. Таму для нямецкіх СМІ ейная кандыдатура была сюрпрызам.

Кампраміс удалося дасягнуць таксама па справе кандыдатаў на іншыя важныя пасады ў ЕС. Між іншым, прэзідэнтам Еўрапейскага цэнтральнага банка будзе францужанка Крысьцін Лагард, якая ў цяперашні час з’яўляецца выканаўчым дырэктарам Міжнароднага валютнага фонду.

Гэта азначае, што дзве галоўныя пасады ў Еўрасаюзе будуць займаць жанчыны. Паводле каментатараў, гэткую сітуацыю варта лічыць рэвалюцыйнай, паведамляе „Rzeczpospolita”.

аз