Беларуская Служба

Як на палітычную сцэну паўплывае рашэнне Д. Туска не балатавацца ў прэзідэнты Польшчы

07.11.2019 14:36
Рашэнне былога прэм'ер-міністра ставіць перад палітыкамі апазіцыі складаную задачу.
Donald Tusk
Donald TuskPAP/Riccardo Pareggiani

Для часткі польскай апазіцыі, бадай, стала нечаканасцю інфармацыя пра рашэнне былога прэм’ер-міністра, старшыні Еўрапейскай рады Дональда Туска, што ён не будзе прымаць удзел у выбарах прэзідэнта Польшчы, якія адбудуцца ў будучым годзе. Rzeczpospolita (Michał Kolanko, Bogusław Chrabota) піша, што дзякуючы гэтаму за пасаду могуць пазмагацца іншыя кандыдаты ад апазіцыі, паколькі прагматычны былы прэм’ер-міністр, які дасягнуў шмат у Еўразвязу, ведае, што ён з’яўляецца прывабным ворагам для цяперашняй улады, якая згадае ўсе яго памылкі падчас перадвыбарчай кампаніі. А памылковых рашэнняў было шмат, як персанальных, так і палітычных. Таму апанентам лёгка было б яго «адстрэліць».

Парадаксальна, заява Туска адчыняе новыя дзверы ў польскай палітыцы. Яна ставіць перад палітыкамі апазіцыі сур’ёзны выклік. Не будзе ўжо такога выразнага падзелу палітычнага лагеру на дзве партыі: «Грамадзянскую платформу» (якую засноўваў Д. Туск – нг) і «Права і справядлівасць», кандыдат якой, актуальны прэзідэнт Анджэй Дуда мае вялікія шанцы перамагчы. Кампанія можа быць поўная сюрпрызаў, і выхадзіць за лінію простага партыйнага падзелу. Адной з найбольш верагодных кандыдатур «Грамадзянскай платформы» з’яўляецца віцэ-маршал Сейму Малгажата Кідава-Блоньска. Хаця, магчыма, унутры групоўкі адбудуцца яшчэ ўласныя выбары кандыдата. Польская сялянская партыя хутчэй за ўсё выставіць свайго старшыню Уладзіслава Касіняка-Камыша, якога, дарэчы, падтрымлівае Туск. Анджэй Дуда ўжо практычна пачаў кампанію, напрыклад, у сераду ён разам з паслом ЗША выступіў з заявай пра адмену амерыканскіх візаў для палякаў, што, канешне, будзе згадвацца перад выбарамі як важны поспех прэзідэнта і яго партыі.

нг