Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў, што для польскіх уладаў і катынскіх сем'яў важна правесці годнае ўшанаванне 80 гадавіны Катыні. Нагадаем, што ў гэтай вёсцы пад Смаленскам у 1940 годзе былі расстраляныя тысячы польскіх афіцэраў на загад вышэйшага кіраўніцтва СССР. Расстрэлы праводзіліся ў розных месцах, але ў памяці палякаў гэтая трагедыя застаецца як Катынскі генацыд, у звязку з месцам, дзе былі адкрыты першыя магілы расстраляных польскіх афіцэраў.
Прэзідэнцкі міністра Павал Муха паведаміў, што таксама прэзідэнт Анджэй Дуда выступае за тое, каб годна правесці памятныя ўрачыстасці.
- Няма сумневу ў тым, што гэта павінна быць сапраўдная ўрачыстасць. Аднак нам трэба браць пад увагу шматлікія акалічнасці. У першую чаргу, ідзецца пра месца правядзення. Таксама абмяркоўваецца справа таго, хто з вышэйшага кіраўніцтва краіны будзе ў гэты месцы, каб ушанаваць памяць і нагадаць пра тыя падзеі.
Канцылярыя ўраду паведаміла, што плануецца візіт прэмʼер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага ў Катынь і Смаленск.
Кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч паведаміў, што вядуцца размовы пра тое, як будзе выглядаць цырымонія памяці.
- З боку катынскіх семʼяў ёсць спадзяванні, што польскія ўлады будуць у гэтым удзельнічаць. Ёсць прыхільнае стаўленне кіраўніцтва дзяржавы, у першую чаргу прэм'ер-міністра. Вядуцца размовы на дадзеную тэму ў канцылярыі прэзідэнта. Таксама будуць дэбаты ў парламенце. Зразумела, што трэба будзе правесці размовы з расійскім бокам. Ідзецца пра доступ да месца. Гэта будзе прадметам нашых перамоваў у бліжэйшым часе. Пакуль мы чакаем на рашэнні ў Польшчы адносна формулы мерапрыемства, удзелу розных асобаў.
Пасля таго, як польскі бок вызначыцца з формулай урачыстасцяў, афіцыйная Варшава будзе звяртацца да расійскага боку з нотай у справе адзначэння 80 гадавіны Катынскага генацыду.
- У бліжэйшым часе мы звернемся да расійскага боку з нотай, з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі візіту дзяржаўных прадстаўнікоў 10 красавіка ў Катыні пад Смаленскам, з просьбай дазволіць правесці ўрачыстасці там на месцы. Гэта будзе афіцыйны зварот. Мы разлічваем на прыхільнае стаўленне расійскага боку.
Першыя размовы на гэтую тэму могуць адбыцца ўжо ў бліжэйшыя дні. Польскі міністр замежных спраў і расійскі міністр будуць удзельнічаць у Канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене. Іх сустрэча пакуль не пацверджаная.
- Пры канцы тыдня з пятніцы па нядзелю я буду на канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхен. Наколькі мне вядома міністр Лаўроў таксама збіраецца ўзяць удзел. Паглядзім, ці будзе магчымасць кароткай сустрэчы ды размовы на гэтую тэму. Мы адкрытыя на размовы з расійскім бокам, каб забяспечыць годнае ўшанаванне важнай для нас гадавіны.
Сёлета мінае 80 год з расстрэлу ваеннапалонных польскіх афіцэраў савецкімі карнымі органамі. Польшча хоча годна адзначыць гэтую гадавіну. Варшава рыхтуе ноту з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі ўрачыстасцяў да расійскага боку.
Юры Ліхтаровіч