Прайшло шэсць гадоў з таго часу, як Расія распачала вайну супраць Украіны. Ва Украіне да сёння няма закона аб ваенных злачынствах і пераследзе злачынстваў супраць чалавечнасці. У выніку дзейнасці праваабаронцаў Вярхоўная Рада Украіны павінна даручыць апрацоўку адпаведнага законапраекту. Дакумент павінен дапамагчы адаптацыі ўкраінскага крымінальнага заканадаўства да стандартаў міжнароднага крымінальнага і гуманітарнага права. На аснове закону можна будзе прыцягнуць да судовай адказнасці ваенных злачынцаў з акупаванай расійскімі сіламі тэрыторыі і забараніць прымяняць амністыю адносна пакараных за ваенныя злачынствы.
У Крымінальным кодэксе Украіны няма спісу ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, – кажа начальнік Дэпартамента па наглядзе за крымінальнымі справамі па злачынствах, здзейсненых падчас ваеннага канфлікту Юрый Руд.
- Узброеная агрэсія Расіі працягваецца з 20 лютага 2014 года. За гэты час былі выяўлены тысячы фактаў парушэння міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека. У цяперашні час Крымінальны кодэкс дае следчым і пракурорам права працаваць толькі на падставе аднаго артыкула. Па гэтай прычыне ваеннае злачынства акрэслена толькі ў 132 выпадках крымінальнага расследавання, 42 чалавекі атрымалі паведамленне, што яны падазраюцца ў ваенным злачынстве, у дачыненні да 9 чалавек было вынесена абвінаваўчае заключэнне, і толькі адзін чалавек атрымаў прысуд.
Гэтая сітуацыя азначае, што праваахоўныя органы і пракуратура практычна пазбаўленыя юрыдычных магчымасцей, якія дазваляюць забяспечыць належную прававую класіфікацыю злачынстваў, здзейсненых на Данбасе і ў Крыме, падкрэсліў дацэнт Кафедры крымінальнага права і крыміналогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Канстанцін Задоя:
-Напрыклад, пераслед крымскіх татараў у Крыме. Пераслед з'яўляецца асобнай класіфікацыяй злачынстваў супраць чалавечнасці, але пераслед не пазначаны як злачынства ў Крымінальным кодэксе. Нават калі б прымяніць іншую прававую норму і крыміналізаваць дзеянні, якія зʼяўляюцца злачынствамі паводле міжнароднага права як шырока распаўсюджанае крымінальнае злачынства, то гэта не будзе ўлічваць кантэкст арганізаванай злачыннасці. Злачынствы супраць чалавечнасці нельга называць звычайнымі забойствамі і катаваннямі, бо гэта забойствы і катаванні, здзейсненыя падчас працяглай акупацыі насельніцтва. І гаворка ідзе не адзінкавыя выпадкі гвалту, але пра гвалт, які ўпісваецца ў агульную палітыку дзяржавы ці арганізацыі.
Падрыхтаваны пры ўдзеле экспертаў няўрадавых арганізацый законапраект прадугледжвае пералік усіх ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, якія існуюць у міжнародным праве. Эксперт Украінскага інстытута будучыні Вікторыя Мазгова тлумачыць, што яны датычацца чатырох асноўных відаў злачынстваў.
- Першае міжнароднае злачынства – гэта злачынства агрэсіі. Іншыя – гэта ваенныя злачынствы, якія былі часткова, але недастаткова кваліфікаваныя. Яны не ахопліваюць усе тыя злачынствы, якія здзяйсняюцца на акупаваных тэрыторыях. Акрамя таго, злачынства супраць чалавечнасці наагул не было ўключана ў Крымінальны кодэкс. Наша задача заключалася ў тым, каб даць следчым, пракурорам і суддзям магчымасць распазнаваць гэтыя дзеянні, кваліфікаваць іх, накіроўваць справы ў суд і прыцягваць вінаватых да адказнасці. Неабходнай умовай зʼяўляецца тое, што гэтыя злачынствы не пратэрміноўваюцца. Незалежна ад таго, калі чалавек здзейсніў такое злачынства і скрыўся ад пераследу, тэрмін даўнасці не спрацуе, і асоба павінна быць пакарана незалежна ад таго, калі здзейсніла злачынства.
Другі важны крытэрый – адсутнасць амністыі для такога роду злачынства, падкрэслівае прэзідэнт Цэнтра грамадзянскіх свабод Аляксандра Матвійчук, якая доўгі час пастулюе прыняцце адпаведных законаў.
- Гэта абсалютна неабходна для Украіны ў кантэксце Мінскіх пагадненняў, дзе частка аб амністыі напісана вельмі агульна. Толькі выкананне міжнароднага права можа спыніць любы расійскі ціск на Украіну з мэтай прымусіць Кіеў да амністыі ваенных злачынцаў.
Адзін з міжнародных кансультантаў па падрыхтоўцы праекта ваенных злачынцаў Скотт Марцін, кіруючы партнёр міжнароднай групы Global Rights Compliance лічыць, што падрыхтаваны праект не толькі адпавядае стандартам міжнароднага права, але і нясе выдатную гуманітарную ідэю для ахвяр ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці.
- Гэты праект дае пачуццё справядлівасці ахвярам міжнародных злачынстваў. Мы задаволеныя якасцю законапраекта і тым, наколькі ён адпавядае патрабаванням міжнароднага права, – сказаў Скотт Марцін.
Ветэрынарны ўрач Аляксандр Грышчанка, які быў вызвалены з палону тэрарыстаў у Луганску. Ён зʼяўляецца адным з прыхільнікаў прыняцця гэтага закона і адным з нямногіх былых вязняў, які здольны змагацца са сваім страхам і распавядаць пра злачынствы, учыненыя супраць яго і супраць іншых асоб, сведкам якіх ён быў. Злачынствы былі здзейсненыя ў камеры катаванняў, створанай у падвале школы-інтэрната Усходнеўкраінскага нацыянальнага універсітэта імя Уладзіміра Даля.
- Тое, што я там бачыў і перажыў, здавалася кашмарным сном, які ніколі не кончыцца. Я не мог зразумець, як можна арыштаваць чалавека, які не парушыў ніводнага закона, і без якіх-небудзь доказаў абвінаваціць яго і катаваць. Цяжка апісаць свае адчуванні, калі я бачыў палавыя органы людзей, пакрытыя ранамі ад укусаў дрэсураваных нямецкіх аўчарак, жорсткае абыходжанне з параненымі, выкарыстанне зняволеных у якасці баксёрскай грушы, паламаныя рэбры, сінякі і гематомы...
Грышчанка падкрэслівае, што тэрарысты Пуціна здзяйсняюць ваенныя злачынствы супраць тых жыхароў Луганска, якіх яны падазраюць у лаяльнасці адносна Украіны або робяць гэта па цалкам банальных прычынах.
- Я бачыў, як людзей катавалі і кідалі ў турму за найменшыя падазрэнні ў вернасці Украіне або дапамозе Украінскім узброеным сілам. Часта адзінай прычынай быў тэлефонны званок – данос на погляды дадзенага чалавека. Ніхто не правяраў гэтай інфармацыі. Прычынай пазбаўлення волі стала нават тое, што два чалавекі перайшлі вуліцу перад машынай камандзіра незаконнага ўзброенага фарміравання. Яму гэта не спадабалася, ён загадаў злавіць гэтых людзей, пакласці іх тварам да асфальту і жорстка пакараць. Я бачыў маладую жанчыну, якую рэгулярна, уначы, нібыта выводзілі на допыты, але ўсе ведалі, што яе проста гвалтавалі ў суседнім пакоі. Я бачыў, як непаўнагадовую дзяўчынку неаднаразова бралі на фронт у якасці падарунка тэрарыстам для задавальнення іх сексуальных патрэбаў.
Так апісвае злачынствы ў акупаваным расійскімі тэрарыстамі іх былы вязень у Луганску, украінскі ветэрынарны ўрач Аляксандр Грышчанка.
Аўтар: карэспандэнт Украінскай службы Польскага радыё ў Кіеве Вільгельм Смоляк, пераклад Яланта Смялоўская