Беларуская Служба

«Незалежная Беларусь павінна быць закладзена ў польскія нацыянальныя інтарэсы»

24.02.2020 13:38
«Беларусь трэба лічыць партнёрам у імкненні да забеспячэння стабільнасці ў рэгіёне і абмежавання расійскага апетыту на новую калонію».
Granica polsko-białoruska
Granica polsko-białoruskaWikimedia Commons/By Yarl/CC BY-SA 3.0/https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=8780120

Былы прэс-сакратар прэзідэнта Аляксандра Квасьнеўскага Антоні Стырчуля на старонках выдання Dziennik Gazeta Prawna аналізуе польскую палітыку ў адносінах Беларусі з 90-тых гадоў XX стагоддзя.

Стырчуля адзначае, што Вашынгтон сур’ёзна баіцца аншлюсу Беларусі Расіяй. Аднак цяжка сказаць, якім чынам Захад мог бы дапамагчы Беларусі. Для Польшчы ўзаемадачыненні з Беларуссю застаюцца адным з найбуйнейшых нерэалізаваных выклікаў.

Аўтар прыгадвае візіт прэзідэнта Аляксандра Квасьнеўскага ў Беларусь у 1996 годзе. Палітычныя ўмовы не дапамагалі, бо ў Польшчы ішла падрыхтоўка да далучэння да НАТА і ЕЗ.

Візіт Квасьнеўскага, зладжаны за некалькі дзён да падпісання пагаднення аб асацыяцыі Расіі і Беларусі, павінен быў паказаць Лукашэнку, што ў яго ёсць іншы вектар адносін, чым толькі Расія.

У Віскулях па загаду Лукашэнкі адбылася доўгая гутарка ў чатыры вочы з Квасьнеўскім, падчас якой беларускі гаспадар шчодра частаваў польскага госця алкагольнымі напіткамі. (Потым з гэтага ўзніклі непрыемнасці для польскага прэзідэнта – рэд.)

У Віскулях Лукашэнка абяцаў даглядаць палякаў у Беларусі, але слова не стрымаў пасля таго, як ягоны чалавек не перамог на выбарах старшыні Саюзу палякаў у Беларусі. Потым беларуска-польскія дачыненні «сапсавала» Карта паляка (2008). 

Стырчуля піша, што Беларусь трэба лічыць партнёрам у імкненні да забеспячэння стабільнасці ў рэгіёне і абмежавання расійскага апетыту на новую калонію (Беларусь - рэд.).

«Польская дыпламатыя павінна выправацаць такі стыль працы, каб абараняць свае інтарэсы і абараняць суверэнітэт Беларусі, адначасова захоўваючы крытычнае стаўленне да аўтарытарных дзеянняў Мінска», – піша ў Dziennik Gazeta Prawna былы прэс-сакратар прэзідэнта Квасьнеўскага Антоні Стырчуля.

яс