Беларуская Служба

Хто каго ўкусіў?

24.02.2020 21:24
Сведка заяўляе, што старшыня выбарчага штабу прэзідэнта Анджэя Дуды падчас выбарчай цішыні ў лістападзе 2018 году разносіла палітычныя ўлёткі. 
Jolanta Turczynowicz-Kieryłło i Andrzej Duda
Jolanta Turczynowicz-Kieryłło i Andrzej DudaTwitter/@mecenasJTK

Сведка заяўляе, што старшыня выбарчага штабу прэзідэнта Анджэя Дуды падчас выбарчай цішыні ў лістападзе 2018 году разносіла палітычныя ўлёткі. Жанчына не прызнаецца.

Gazeta Wyborcza напісала, што Яланта Турчыновіч-Керыла (Jolanta Turczynowicz –Kieryłło) укусіла за руку жыхара варшаўскага прыгараду Мілянувэк Кшыштафа Умястоўскага. Здарэнне адбылося два гады таму, ноччу напярэдадні другога тура муніцыпальных выбараў. Жанчына заяўляе, што гэта яна з’яўляецца ахвярай. Яланта Турчыновіч-Керыла апублікавала ў Твітэры судова-медыцынскі агляд, паводле якога, яе душылі за шыю, а ўкусіла яна Умястоўскага, абараняючы сябе і 15-гадовага сына ад нападальніка.

Умястоўскі расказаў газеце іншую версію – а менавіта, што ноччу з 2 на 3 лістапада 2018 году ўбачыў жанчыну з двума мужчынамі, якія раскладалі ўлёткі ў паштовыя скрынкі дамоў (гэта былі паклёпніцкія ўлёткі супраць дзейнага бургамістра). А паколькі была ўжо выбарчая цішыня, Умястоўскі паведаміў у гарадскія службы аховы правапарадку. Мае нават запіс гэтай размовы. Калі патруль службаў пад’язджаў, жанчына стала крычаць, што гэта напад і ўкусіла мужчыну.

Умястоўскі пытае, ці калі б ён быў бандытам, то выклікаў бы і чакаў бы на службы аховы парадку?

Каментатар газеты Яраслаў Курскі адзначае, што на самой справе гутарка ідзе не аб тым, хто каго душыў ці кусаў, а аб тым, што старшыня выбарчага штабу прэзідэнта Дуды падчас нядаўніх муніцыпальных выбараў парушыла выбарчы кодэкс. А паколькі Яланта Турчыновіч-Керыла па адукацыі адвакат, яна не можа засланяцца недастатковымі ведамі. Адвакат ведае, што пагражае за агітацыю падчас выбарчай цішыні.

яс