Размова ішла пра сацыяльную палітыку ўраду, пра адносіны Польшчы з ЕЗ, пра пагрозу каронавіруса ды пры стасункі з апазіцыяй.
Старшыня партыі ПіС Яраслаў Качыньскі быў госцем 1 праграмы Польскага радыё. Палітык падкрэсліў, што толькі «Права і справядлівасць» можа гарантаваць працяг дзейных сацыяльных праграм. Палітык спаслаўся на словы кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі Малгажаты Кідавы-Блоньскай з «Грамадзянскай кааліцыі», якая некалькі дзён таму зазначыла, што сацыяльныя праграмы такія, як «500+», аказваюць дэмаралізуючы ўплыў на грамадства.
Лідар ПіС нагадаў, што ўрад абапіраецца на большасць галасоў у Сейме пры правядзенні сваёй сацыяльнай палітыкі.
- Я хачу адну рэч нагадаць, што прэзідэнцкія выбары – гэта вельмі важная справа, але гэта не парламенцкія выбары. Мы кіруем краінай да 2023-га года. Прэзідэнт сам ня можа змяняць законаў, таму праграма 500+ будзе, мы гарантуем, што праграма будзе, але трэба быць уважлівым, бо ў доўгатэрміновай перспектыве існуе пагроза перагляду гэтых праграм.
Старшыня партыі заявіў, што абвінавачванні апазіцыі ў парушэнні законнасці ўладай у Польшчы – беспадстаўныя, бо ў краіне не парушаюцца грамадзянскія правы. Госць Польскага радыё звярнуў увагу на тое, што ў Польшчы ніхто не трапляе ў турму за ўдзел у сацыяльных пратэстах, як гэта адбываецца ў Францыі ці Іспаніі. Яраслаў Качыньскі падкрэсліў, што яго партыя не супраць Еўразвязу, але хоча роўнага стаўлення да ўсіх краін ЕЗ.
- Мы выступаем за Еўрапейскі Звяз, але моцна дамагаемся, каб быў адзін Еўрапейскі Звяз а не дзве. Каб была адна катэгорыя дзяржаў, а не дзве. Мы ня хочам змагацца, каб належыць да першай катэгорыі, а за тое, каб была адна катэгорыя. Мы хочам, каб выконвалася еўрапейскае права. Ёсць пра што размаўляць, але не пра стан польскай дэмакратыі. Польскай свабодзе і дэмакратыі – нічога не пагражае.
Таксама палітык пракаментаваў сітуацыю з распаўсюдам каронавіруса ў Еўропе. Польскі ўрад рыхтуецца да таго, што хворыя неўзабаве з’явяцца і ў Польшчы. Яраслаў Качыньскі заклікаў апазіцыю падтрымаць урад у дадзенай сітуацыі ды нагадаў, як у свой час ПіС, будучы ў апазіцыі, падтрымліваў улады, калі гэта патрабавалі інтарэсы краіны.
- Калі пачаліся рэвалюцыйныя падзеі ва Украіне і адбылася змена еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Украіны, і да Расіі, тады партыя «Права і справядлівасць» насуперак сваім партыйным інтарэсам, і падтрымала ўрад. Ці «Грамадзянская кааліцыя» ды ўся апазіцыя здольная на такі крок? Я вельмі хачу тут памыляцца, але з паводзін галоўных людзей у апазіцыі вынікае, што ня будзе нічога апроч агрэсіі.
У панядзелак адбудзецца надзвычайнае паседжанне польскага Сейма, падчас якога ўрад краіны прадставіць інфармацыю пра развіццё сітуацыі з эпідэміяй каронавіруса ў Польшчы. Ініцыятарам паседжання выступіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра Міхал Дворчык паведаміў, што ў польскім бюджэце закладзена мільярд дзвесце мільёнаў злотых на антыкрызісныя меры.
Юры Ліхтаровіч