Народная міліцыя" ДНР атрымала дазвол адкрываць "папераджальны агонь" па пазіцыях украінскай арміі. Крэмль пачаў казаць пра "набіраючыя сілу рэакцыйныя тэндэнцыі ва Украіне" ды сцягвае войскі да мяжы з Украінай. Эксперты пачалі ўсё часцей казаць пра тое, што Расія рыхтуецца да новай вайны.
Расія не спыняе канцэнтрацыю войскаў на мяжы з Украінай. Расійскія эксперты прагназуюць, што гэта робіцца з мэтай напалохаць Кіеў ды Зеленскага, які вырашыў палепшыць свой імідж, гуляючы ў галоўнакамандуючага.Так журналістка Юлія Латыніна выказала здагадку, што такі ваенны шантаж дазволіць Крамлю перанакіраваць увагу Захаду з Аляксея Навальнага на Данбас, распавядае маскоўскі карэспандэнт Польскага радыё Мацей Ястшэмскі.
- З пачатку красавіка расійскія незалежныя СМІ паведамляюць пра найбольшую канцэнтрацыю расійскіх войскаў каля межаў Украіны пасля 2015 года. Міністэрства абароны Расіі тлумачыць, што гэта практычная праверка баявой гатоўнасці пасля зімовых трэніровак у казарме. Улады Кіева і краіны НАТА, уключаючы Польшчу, выказалі занепакоенасць дзеяннямі Расіі, баючыся абвастрэння ўзброенага канфлікту на Данбасе. На думку ваеннага эксперта Аляксандра Гольца, не трэба панікаваць, але неабходна быць вельмі пільным, бо Расія ў 2014 годзе ўжо паказала, што гатовая парушыць усе міжнародныя правілы і стандарты. Расійскі аналітык таксама звяртае ўвагу на меншую колькасць войскаў, сабраных Расіяй каля ўкраінскай мяжы, чым 7 гадоў таму, і сцвярджае, што на гэты раз гаворка ідзе не пра вайну, а пра дэманстрацыю сілы. У той жа час ён падкрэслівае, што, улічваючы надзвычай кепскія адносіны Расіі з Захадам, адзіная магчымасць аказаць ціск, якая застаецца ў Масквы - пагроза вайной.
Украінскі бок заяўляе, што не рыхтуецца да вайны і не збіраецца сілай вырашаць пытанне данбаскага сепаратызму. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі хоча паразмаўляць з Уладзімірам Пуціным наконт абвастрэння сітуацыі на Данбасе. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар украінскага прэзідэнта. Па яе словах, Крэмль не адказаў на заклікі Украіны да перамоваў.
Пакуль жа апошнія тыдні кожны дзень паведамляецца пра парушэнні перамір'я на Данбасе. Вайсковыя падраздзяленні самаабвешчаных "рэспублік" актыўна выкарыстоўваюць на лініі сутыкнення ўдарныя беспілотнікі, артылерыю ды інтэнсіфікавалі снайперскі агонь. З пачатку гэтага года загінулі 15 ваеннаслужачых Узброеных сіл Украіны. Вядомы расійскі палітолаг Андрэй Піанткоўскі рэгулярна заяўляе ў размовах з украінскімі журналістамі пра тое, што Расія рыхтуецца напасці на Украіну.
- Звяртаю ўвагу на змену рыторыкі Масквы за апошнія дні ды гадзіны. Так, напрыклад, Пяскоў заявіў, што вельмі не хацелася б, каб з-за правакацый украінскай ваеншчыны зноў разгарэлася грамадзянская вайна ва Украіне. Гэта мова агрэсіі, калі адкрыта гаворыцца, што мы рыхтуемся да наступальнай вайсковай аперацыі. Такой мовай размаўлялі Гітлер ды Сталін напярэдадні ўварвання ў Польшчу, Латвію, Літву ды Фінляндыю.
Пры гэтым гучаць і крытычныя галасы. Сапраўдная вайна не патрэбна Крамлю, кажа палітолаг Павал Усаў.
- Мала верагодна, што дойдзе да поўнамаштабнай вайны. Гэта азначала бы сур'ёзныя страты для расійскай арміі. Украінскае войска не тое, што было 7 год таму. Яно ўзмацнілася, грамадства гатовае да змагання, жаўнеры матываваныя. Цяперашняе абвастрэнне мае хутчэй палітычны характар. Пагражаючы вайной Крэмль хоча змусіць Захад адмовіцца ад радыкальнай рыторыкі ў дачыненні да Расіі, зменшыць ціск на Маскву.
Расія сцягвае войскі да мяжы з Украінай, дзе ўжо размешчана больш за 20 тысяч расійскіх жаўнераў ды вайсковая тэхніка. Крэмль заявіў, што гэта рэакцыя на наступальныя намеры Украіны. Афіцыйны Кіеў абвяргае гэтыя абвінавачанні ды просіць міжнародную супольнасць падтрымаць украінскі суверэнітэт.
Юры Ліхтаровіч