Беларуская Служба

Гісторык Аляксандр Фрыдман: У Беларусі ўлады ставяць Армію Краёву ў адзін шэраг з нацыстамі

29.07.2022 19:45
Гісторык Аляксандр Фрыдман агучвае важную думку: яшчэ ў савецкі час знішчалі месцы жыцця людзей, якіх улада не лічыла патрэбнымі, карыснымі для сістэмы.
Аўдыё
  • Гісторык Аляксандр Фрыдман: У Беларусі ўлады ставяць Армію Краёву ў адзін шэраг з нацыстамі
 .
Аляксандр Фрыдман.Фота з прыватнага архіву

Гэтым летам улады Беларусі аб’явілі вайну памерлым – у Заходняй частцы краіны знішчана некалькі пахаванняў і помнікаў салдатам Арміі Краёвай. Робіцца гэта цішком, улады афіцыйна не прызнаюць гэтых фактаў, не каментуюць іх. Тым не менш магілы руйнуюць трактарамі, значыць рашэнні і загады сыходзяць ад афіцыйных асобаў.

Слухайце далучаны файл!

Гісторык Аляксандр Фрыдман агучвае важную думку: яшчэ ў савецкі час знішчалі месцы жыцця людзей, якіх улада не лічыла патрэбнымі, карыснымі для сістэмы.

– Гэтая кампанія фактычна супала з прапагандысцкімі атакамі на Армію Краёву. Яны як бы не прызнаюць афіцыйна, але паколькі такая інфармацыя праходзіць, то, відаць, лічаць, што беларусы, якія асабліва гісторыяй і палітыкай не цікавяцца, а інфармацыю атрымліваюць пра падзеі, то ім трэба патлумачыць.

Я крыху даследаваў пытанне стаўлення да могілак у Беларусі, Польшчы, Расіі. Савецкае стаўленне. Гэтая традыцыя руйнаваць «непажаданыя» могілкі – савецкая, нават падыход савецкі. Яны гэта робяць, але руйнаваць могілкі – сорамна. Бо нават для палітычна неангажаваных людзей, калі даведаюцца пра руйнаванне могілкаў нейкіх жаўнераў, выглядае дрэнна. У традыцыйнай культуры гэта выглядае непрывабна. Таму яны гэта не афішуюць і не прызнаюцца ў гэтым.

Па-другое, гэта ўсё трэба разглядаць у кантэксце антыпольскай палітыкі. Польшча па-ранейшаму галоўны вораг. Усё звязанае з Польшчай паказваецца негатыўна. Уключаюць Армію Краёву ў канцэпцыю генацыду беларускага народа, фактычна ставяць Армію Краёву ў адзін шэраг з нацыстамі, з тым, што яны называюць «генацыд беларускага народу». І калі размова ідзе пра карнікаў, забойцаў, памяці пра іх не павінна быць.

Гісторык праводзіць паралель у стаўленні да памяці, аб’ектаў памяці з габрэйскім насельніцтвам на тэрыторыі СССР.

– Гэта адносіны да тых могілак, якія непатрэбныя. Было габрэйскае насельніцтва. Яно знікла за час Халакосту. Засталіся ад гэтых людзей толькі будынкі і могілкі. Будынкі прыстасавалі да сваіх патрэбаў. А што рабіць з могілкамі? Палітыка была такая, што ўжо з другой паловы 1940-ых і далей габрэйскія могілкі знішчалі як непатрэбныя. Гэта называлася добраўпарадкаванне тэрыторыі – будавалі паркі, стадыёны. Але галоўнае – чаму прымаецца такое рашэнне? Бо гэтыя могілкі непатрэбныя. І з Арміяй Краёвай мы назіраем тое ж самае. Гэта помнікі людзям, выкрасленым з гісторыі. Тым больш, сёння праводзіцца лінія паміж арміяй краёвай і палітыкай польскіх уладаў: у тыя часы Армія Краёва хацела здзейсніць генацыд беларускага народу, так цяпер польскія ўлады рыхтавалі дзяржаўны пераварот і хацелі захапіць частку тэрыторыі.

Разам з тым Аляксандр Фрыдман гаворыць, што беларускія ўлады мог падштурхнуць да такога кроку і працэс зносу савецкіх манументаў у Еўропе. Але гэта ўсё здагадкі, бо рэальнага механізму прыняцця гэтых рашэнняў ніхто не ведае.

– Калі б гэта было ў адным горадзе ці мястэчку, можна было б думаць, што гэта мясцовая ініцыятыва. Але раз гэта адбылося ў розных месцах, мае ўжо сістэмны характар, значыць можна меркаваць, што загад ідзе з Мінска. Калі паглядзець на прапагандысцкую абгортку тэмы Арміі Краёвай, то гэтым займаюцца афіцыйныя гісторыкі – Вадзім Гігін і Ігар Марзалюк.

Таксама гісторык звяртае ўвагу, што ў антыпольскай палітыцы ўлады Беларусі імкнуцца працаваць з моладдзю, падручнікі па гісторыі маюць адпаведны акцэнт. Але застаецца адкрытым пытанне, наколькі сучасныя маладыя людзі гатовыя паглыбляцца ў падзеі і ідэалогію з мінулага стагоддзя.

Армія Краёва

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і акупацыі тэрыторыі Польшчы Трэцім рэйхам і Савецкім Саюзам, узнік шэраг арганізацый, галоўнай мэтай якіх было вызваленне Польшчы ад захопнікаў. Для кансалідацыі і эфектыўнасці гэтыя арганізацыі былі аб’яднаныя пад адным кіраўніцтвам – польскім урадам у Лондане.

Таму 14 лютага 1942 года пасля перайменавання найбуйнейшай польскай падпольнай арганізацыі Саюза ўзброенай барацьбы была створана Армія Краёва (АК). У яе ўвайшлі цэлы шэраг ваенных арганізацый, якія дзейнічалі як пад нямецкай, так і пад савецкай акупацыяй. Армія Краёва – гэта была ўсепольская, надпартыйная арганізацыя, а яе галоўнакамандуючы – камандзір Нацыянальных узброеных сіл, упаўнаважаны легітымным польскім урадам у выгнанні.

вх