Ён удзельнічаў учора ў сустрэчы дарадцаў штаб-кватэры НАТА, адказных за пытанні бяспекі.
Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэк Сявера прадстаўляў Польшчу на пасяджэнні Паўночнаатлантычнай рады ў фармаце дарадцаў па нацыянальнай бяспецы краін НАТА. Сустрэча пад старшынствам генеральнага сакратара НАТА была прысвечана абмеркаванню сітуацыі з бяспекай на ўсходнім флангу, вайны ва Украіне, сітуацыі ў Ціхаакіянскім рэгіёне і на Блізкім Усходзе. Абмяркоўвалася тэма ўступлення Швецыі ў НАТА. На гэты конт венгерскаму боку быў накіраваны моцны сігнал. Дату патэнцыйнай ратыфікацыі і шлях дасягнення гэтага этапу прадстаўнік Венгрыі не ўдакладніў.
Захад пачаў павялічваць вытворчасць зброі і амуніцыі, але, на думку кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Яцэка Сяверы, гэтага мала. Намаганні, якія мы бачым сёння на еўрапейскім форуме, недастатковыя, і гэта агульная ацэнка многіх краін, адзначылі ў Бюро нацыянальнай бяспекі:
-Вытворчыя здольнасці РФ у бліжэйшым часе будуць расці. Бліжэйшыя тры гады – гэта час, калі заходнія краіны павінны развіць сваю вытворчую моц так, каб быць здольным супрацьдзейнічаць патэнцыйнай рызыцы і верагодным чынам пабудаваць сістэму адпужвання.
У Польшчы, паводле Яцэка Сяверы, ключавым з’яўляецца развіццё вытворчасці артылерыйскай і танкавай амуніцыі, а таксама рэалізацыя захадаў, якія служаць развіццю польскай арміі, напрыклад, вытворчасць танкаў К2:
-Ужо ў мінулым годзе мы атрымлівалі сігнал, што інвестыцыі такога тыпу альянс успрымае як пазітыўныя.
Паводле кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі, яны могуць аказацца істотнымі для бяспекі Польшчы і рэгіёну.
Па дадзеных Бюро нацыянальнай бяспекі, Украіна зараз праводзіць стратэгічную абарончую аперацыю і павінна засяродзіць на ёй намаганні па планаванні, мабілізацыі і лагістыцы. Сярод лідараў ёсць усведамленне неабходнасці працягваць падтрымку Украіны і рабіць нейкія змены. Сёння Украіна дасягае поспехаў у Чорным моры, адціскаючы расійскі Чарнаморскі флот, дазваляючы гандаль з партоў Адэсы.
Бюро нацыянальнай бяспекі паведаміла ў сваёй заяве, што тое, як заходнія лідары ўспрымалі пагрозу, значна змянілася за два гады вайны. У размовах у кулуарах сустрэчаў гучаць параўнанні з сітуацыяй жалезнай заслоны, якая можа чакаць Еўропу ў найбліжэйшай будучыні. «Можна выкарыстоўваць тэрміны «гібрыдная заслона» або «заслона ўсходняга флангу». Пэўнае размежаванне адбываецца само па сабе – ад закрытых пераходаў на фінска-расійскай мяжы, праз планы пабудовы ўмацаванняў на межах балтыйскіх краінаў да плоту на ўсходняй мяжы Польшчы.
Падчас размовы з газетай «Nasz dziennik» Яцэка Сяверу запыталі, ці існуе рэальная пагроза таго, што можа адбыцца напад з боку Расіі на Паўночнаатлантычны альянс, як прагназуецца ў дакладзе Нямецкага таварыства знешняй палітыкі, таму ў заходніх краінаў ёсць 5-9 гадоў, каб падрыхтавацца супрацьстаяць гэтаму.
- На жаль, так. Гэты аналіз адпавядае даследаванням, падрыхтаваным у ЗША. Аднак, на маю думку, часовыя рамкі, прадстаўленыя нямецкімі аналітыкамі, занадта аптымістычныя. Калі мы хочам пазбегнуць вайны, краіны НАТА на ўсходнім флангу павінны прыняць больш кароткі, 3-гадовы гарызонт, каб падрыхтавацца да канфрантацыі. Гэта час, калі на ўсходнім флангу павінен быць створаны патэнцыял, які будзе выразным сігналам стрымлівання агрэсіі, – падкрэсліў кіраўнік БНБ.
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў, што альянс не адмовіцца ад падтрымкі Украіны. Пасля сустрэчы галоўных дарадцаў па нацыянальнай бяспецы краінаў альянсу ў Бруселі Енс Столтэнберг заявіў, што магчымая перамога Расіі падштурхне да агрэсіўных дзеянняў Кітаю, Ірану і Паўночнай Карэі, што стане пагрозай не толькі для еўрапейскіх краінаў, але і Злучаных Штатаў.
Злучаныя Штаты на сустрэчы прадстаўляў дарадца па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. На сумеснай прэс-канферэнцыі ён выказаў упэўненасць, што яго краіна працягне дапамагаць Украіне. Ён дадаў, што НАТА таксама хоча ўмацаваць абаронны патэнцыял краіны:
-Як Альянс мы імкнемся не толькі падтрымліваць Украіну ў цяперашняй вайне, але і дапамагаць ёй будаваць магчымасці стрымлівання ў будучыні, каб яна магла стаць членам НАТА.
Джэйк Саліван дадаў, што ў ЗША няма альтэрнатывы, акрамя як забяспечыць Украіну неабходнымі пастаўкамі артылерыі, сістэм супрацьпаветранай абароны і іншага абсталявання.
Аднак неўзабаве стала вядома, што рэспубліканцы заблакавалі ў Сенаце ЗША пакет падтрымкі Украіны, Ізраілю і Тайваня, і які таксама прадугледжваў узмацненне аховы паўднёвай мяжы ЗША. Выпадак пракаментаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які сказаў, што «ніколі не думаў, што ўбачыць нешта падобнае».
Двухпартыйны пакет выдаткаў на падтрымку Украіны, Ізраілю, Тайваня і ўзмацненне аховы амерыканскіх межаў падтрымалі 50 сенатараў, 49 былі супраць. Аднак для працягу працы над праектам патрабавалася 60 галасоў.
Рэспубліканцы не хавалі, што на іх рашэнне адмовіцца ад пакета паўплываў былы прэзідэнт Дональд Трамп, які заклікаў адмовіцца ад яго. На думку дэмакратаў, Трамп не хоча вырашаць памежны крызіс, таму што хоча выкарыстаць гэтае пытанне ў сваёй выбарчай кампаніі.
Пасля рашэння Сената спікер гэтай палаты і лідар дэмакратычнай большасці Чак Шумер унёс новы законапраект. Ён прадугледжвае падтрымку Украіны ў памеры 60 мільярдаў долараў, Ізраілю ў памеры 14 мільярдаў долараў і ўзмацненне бяспекі Тайваню, але не ўключае палажэнняў аб ахове паўднёвай мяжы. На дадзены момант невядома, калі адбудзецца галасаванне па гэтым пакеце. Таксама незразумела, ці атрымае ён падтрымку ў Палаце прадстаўнікоў у выпадку яго прыняцця Сенатам.
Праект, які заблакавалі рэспубліканцы, ствараўся на міжпартыйнай аснове. Найбольшая дапамога павінна была быць аказана Украіне. Больш за палову пакета, які складае каля 118 мільярдаў долараў, была прадугледжаная Кіеву.
ав
слухайце аўдыё