Слухайце размову ў далучаным файле!
– Два гады вайны. Беларусь – суагрэсар. Пытанне да вас як да палітыка, можаце згадаць пра крокі, якія былі зробленыя Абʼяднаным пераходным кабінетам, офісам Ціханоўскай, каб не было знака роўна паміж рэжым Лукашэнкі і людзьмі, народам краіны?
– Я абсалютна не згодны з тым, што кабінет наш нічога не рабіў, каб дапамагчы Украіне. Другая справа, што, па-першае, улады Украіны не хацелі, можа быць баяліся кантактаў з дэмакратычным рухам, каб не злаваць Лукашэнку.
Доўгі час было адчуванне, што войска беларускае можа пайсці ва Украіну, гэта было б балюча. І ўкраінцы рабілі ўсё, каб гэтага не здарылася. Нефармальныя кантакты падтрымліваліся ў атачэнні Лукашэнкі і была поўная ізаляцыя Аб’яднанага пераходнага кабінету.
Але ўвесь час і асабіста, і Святлана Ціханоўская, увесь кабінет намагаліся зрабіць усё. Каб дапамагчы Украіне, каб падвысіць узровень кантактаў. Таму я не пагаджуся з такімі папрокамі. Дарэчы Полк Кастуся Каліноўскага спрабаваў нешта рабіць з украінскімі палітыкамі. Не сам полк, бо салдаты ваявалі і далёкія ад пытанняў палітыкі, але штаб Палка імкнуўся стаць самастойнай палітычнай сілай. Украінскія палітыкі, якія з імі сябруюць таксама спрабавалі ў нейкіх сваіх інтарэсах выкарыстаць гэтую сілу. Таму Палку не вельмі былі патрэбныя кантакты з нашым Аб’ яднаным пераходным кабінетам. Яны марылі, што будуць моцнай палітычнай сілай, якая пазней зможа вырашаць нешта ў Беларусі. Але час паказаў, што нічога з гэтага не выйшла. І ўжо напрыканцы мінулага года пачаліся рухі на збліжэнне, і сёння мы ідзем у гэтым кірунку.
Вялікая колькасць беларускіх добраахвотнікаў ваявала і ваюе на баку Украіны, і не два гады, а ўжо на працягу дзесяці гадоў, бо столькі ідзе вайна. Я думаю што прадстаўнікі беларускага народу шмат зрабілі, каб гэтую ганьбу змыць і мы змаглі нармальна глядзець адзін аднаму ў вочы пасля гэтай вайны.
– Можа быць, вам вядомая агульная колькасць беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне за гэтыя гады?
– На жаль, у нас няма дакладных дадзеных з 2014 года. Напэўна, гэтая лічба будзе больш за 40 чалавек. Мы атрымліваем інфармацыю нерэгулярна, дазнаемся, калі людзі ўжо загінулі, і тое не заўсёды.
Я доўгі час дамагаўся, каб былі ўнесеныя змены ў заканадаўства Украіны наконт статусу беларусаў, якія ваююць на яе баку. З маёй ініцыятывы Міністэрства абароны Украіны ўнесла законапраект у Вярхоўную раду, каб адбыліся змены.
Бо, калі шчыра казаць, на сённяшні дзень беларусы, іншыя чужаземцы, якія ваююць на баку Украіны, абмежаваныя ў правах. І гэта таксама паўплывала на развіццё добраахвотніцкага руху. Украіна зрабіла некалькі памылак у гэтым плане. Калі б не гэта, то, думаю, было б іншаземных добраахвотнікаў нашмат больш.
На сённяшні дзень беларусы, іншыя чужаземцы, якія ваююць на баку Украіны, абмежаваныя ў правах
На вайне няма нічога прыгожага і рамантычнага, пра што мне хацелася б распавядаць
– Распавядзіце пра беларускую асобную дэсантна-штурмавую роту, справамі якой вы займаецеся?
– Рота з’яўляецца падраздзяленнем 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады ва Украіне, увесь час базуецца ў Мар’інцы (Невялікі горад на Захад ад Данецка, на гэты момант ён цалкам разбураны. – Рэд.). Рота ваюе ад сакавіка мінулага года, без ратацый, то бок увесь час знаходзіцца на фронце. Таму ўсе праблемы ўкраінскай арміі маем і мы.
На вайне няма нічога прыгожага і рамантычнага, пра што мне хацелася б распавядаць, гэта кроў і бруд. Ніколі і нікому не пажадаў бы ўдзельнічаць у вайне. Таму ніколі не агітаваў ехаць ваяваць ва Украіну. Гэта быў асабісты выбар беларусаў з вострым пачуццём справядлівасці, якія вырашылі ехаць дапамагаць нават з рызыкаю ўласнага жыцця, здароўя.
Я гэты час імкнуўся падвысіць верагоднасць таго, што хлопцы, якія туды ўжо прыехалі, застануцца жыві. То бок арганізоўваў дапамогу тэхнічную, навучанне і гэтак далей. Рота доўгі час працуе як рэзерв камандзіра брыгады, выконвае заданні на складаных участках фронту.
У ракетах, якія ляцяць на Украіну, расійскіх складнікаў толькі 15 працэнтаў, астатнія – з Еўропы, Амерыкі
– Шмат хто кажа: вайна зайшла ў тупік. Патрэбны тэхналагічны прарыў. Што гэта магло б быць? Патлумачце папулярнай мовай гэтую сітуацыю?
– Па-першае, усе мы разумеем, што баявы патэнцыял Расіі і Украіны несувымерныя. Казалі, што войска Расіі – другое ў свеце. Думаю, гэта недалёка ад праўды.
Расія мае свае асаблівасці. У Расіі аграмадная карпуцыя, балаган. І, дзякуючы гэтаму, Украіне ўдаецца стрымліваць навалу. Расія штодзень прадае вуглевадародаў на два мільярды долараў (Нафтагазавыя даходы РФ у 2023-м годзе склалі 30% усіх паступленняў у бюджэт РФ – 8,8 трыльёна расійских рублёў або каля 86 млрд еўра. – Рэд.). Гэтыя грошы ідуць на вайну, яна мае магчымасць карумпаваць эліты розных краін, купляць усё, што ім патрэбна.
На сёння ў ракетах, якія штодзень ляцяць на ўкраінскія гарады, расійскіх складнікаў толькі 15 працэнтаў, астатнія – з Еўропы, Амерыкі. Пра што гэта сведчыць? Што ўдаецца Расіі вырашаць усе свае праблемы, абыходзіць санкцыі. Краіны Захаду да гэтай пары не настроіліся, каб паставіць гэтаму заслон. Задача перад украінцамі складаная. Усе эксперты свету прагназавалі, што гэтая фаза вайны будзе доўжыцца максімальна некалькі тыдняў і Расія заваюе Украіну. Але, дзякуючы патрыятызму, адданасці ўкраінцаў, Украіна пратрымалася і трымаецца.
Мой прагноз – не будзе вайны на тэрыторыі Беларусі
І калі б не спыненне дапамогі, а на сёння мы назіраем практычна поўнае спыненне – ужо два месяцы Украіна не атрымлівае а-ні-чо-га! І якім бы героем ты не быў, калі ў цябе няма што закласці ў гармату, цяжка стрымліваць агрэсію. На сёння сітуацыя цяжкая, мы гэта бачым і разумеем.
І калі краіны Захаду абяцалі падтрымку, то мусяць адказваць за свае словы і рабіць тое, што абяцалі. Альбо шчыра сказаць: «Не, аддаем Украіну на волю лёсу і хай самі вырашаюць». На сёння ўкраінцы робяць усё магчымае і нават больш за гэта. Захад Мае перавагу тэхналагічную над Паўночнай Карэяй, над Іранам. Я ўпэўнены, што на працягу года можна дабіцца тэхналагічнай перавагі над Расіяй. І тое, пра што ўвесь час казаў генерал Залужны, можна было б ажыццявіць, Украіна змагла б дабіцца перамогі.
– Вы часта бываеце ва Украіне, пракаментуйце выказванні, што ў краіне, у грамадстве радыкальна змяніліся настроі за два гады, што датычна вайны, абароны.
– Ну, гэта простая чалавечая псіхалогія. Нацыя стамілася: дзесяць гадоў вайны, два гады вайны ў актыўнай фазе. Калі была большая падтрымка, былі б большыя поспехі на фронце. І настрой быў бы абсалютна іншым.
Немагчыма рабіць наступ, калі ў цябе няма авіяцыі, перавагі ў сілах і сродках. Зразумела, гэта была вялікая рызыка – распачынаць наступ у мінулым годзе. На жаль, вынікі атрымаліся не такімі, як планавалася, не дастаткова вялікімі. Але гэта ўсё лагічна, бо не было адпаведных сілаў і сродкаў. Я ўпэўнены, што гераізм і баявы дух украінцаў нікуды не дзеўся, але яны павінны адчуць дапамогу ўсяго цывілізаванага свету.
– Што для Украіны ў вайне цяпер слабае месца, крытычная кропка? Ці зноў-такі ўсё зводзіцца да паставак узбраення?
– Гэта самае балючае месца. Канешне, хацелася б, каб не было ўнутрыпалітычных праблем, каб не было карупцыі. Бо гэта моцна б’е па нервах людзей на фронце: няма неабходнага, а яны атрымліваюць інфармацыю, што нехта скраў, вывез за мяжу вялікія грошы. Гэта дрэнна ўплывае. Я б хацеў бачыць ад прэзідэнта Украіны жорсткія захады, каб такіх прыкладаў не было.
– Вернемся напрыканцы размовы да тэмы Беларусі. Лукашэнка даволі часта ў сваіх прамовах кажа, што Беларусь мусіць быць гатовая да вайны – і маральна, і фізічна. Ён нешта ведае, гэта папулізм? Як вы ставіцеся да гэтых выказванняў?
– Кожная імперыя існуе толькі пакуль пашыраецца, вядзе захопніцкія войны. Імперыя ў нас Расія. Яна цяпер працягвае гэта рабіць, а Лукашэнка закладнік Расіі. Аўтарытарны і нават ужо таталітарны рэжым Лукашэнкі можа існаваць, калі вакол ворагі, унутры ворагі, трэба выстаяць. І мы так стаім ужо трыццаць гадоў. І так будзе пакуль Лукашэнка жывы, пакуль ён на гэтай пасадзе. Калі Лукашэнка не ўцягне краіну ў вайну, яе і не будзе. Ніхто Беларусі не пагражае. Адзіная пагроза – усходні сусед і рэжым унутры Беларусі.
Мой прагноз – не будзе вайны на тэрыторыі Беларусі, веру, што атрымаецца гэтага пазбегнуць. І што ў Беларусі людзі змогуць аб’яднацца без грамадзянскай вайны, вырашыць свой лёс, дабіцца дэмакратычных зменаў і пачнуць жыць як нармальныя цывілізаваныя краіны.
Я ўпэўнены ў аграмадным патэнцыяле беларускай нацыі. Калі даць свабоду, то праз пяць гадоў мы будзем паважанай у Еўропе нацыяй, усе будуць адкрываць перад намі дзверы, рабіць бізнес. Трэба толькі даць беларускаму народу волю і нічога больш.
вх