Беларуская Служба

Былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы: Уваход любога члена НАТА ва Украіну будзе азначаць поўнамаштабны канфлікт

01.03.2024 12:04
Заява французскага прэзідэнта аб тым, што нельга выключыць адпраўкі еўрапейскіх войскаў на фронт ва Украіну, выклікала вострую рэакцыю Уладзіміра Пуціна і шэраг каментароў сярод еўрапейскіх лідараў. 
Аўдыё
  • Былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы: Уваход любога члена НАТА ва Украіну будзе азначаць поўнамаштабны канфлікт
Палігон пад КракавамPAP/EPA/SERGEY KOZLOV

Нагадаем, словы Эманюэля Макрона прагучалі падчас парыскай канферэнцыі, прысвечанай сітуацыі ва Украіне, на якой прысутнічалі лідары 28 краін Еўрасаюзу.

- Мы абмяркоўвалі ўсе тэмы адкрыта і непасрэдна. Сёння няма адзінага меркавання аб адпраўцы сухапутных войскаў адкрыта і афіцыйна. Але нічога выключаць нельга. Мы зробім усё магчымае, каб Расія не выйграла гэтую вайну.

Словы прэзідэнта Макрона сталі нечаканасцю як для еўрапейскіх грамадстваў, так і для кіраўнікоў краін ЕС. У пазнейшых рэакцыях не знайшлося ніводнага, хто пацвердзіў бы намер выслаць свае войскі на вайну ва Украіну. Яны сышліся ў меркаванні: пастаўка зброі – так, адпраўка жаўнераў – не.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон запэўніў у чацвер, праз некалькі дзён пасля выказвання пра магчымасць уводу войскаў ва Украіну, што кожнае ягонае слова па гэтых пытаннях было прадуманым.

Урады Германіі, Іспаніі, Італіі і Венгрыі выказалі негатыўныя меркаванні аб магчымасці ўводу сухапутных войскаў ва Украіну.

-Каб быць ясным: як канцлер Германіі, я не пашлю ва Украіну ніякіх вайскоўцаў нашага Бундэсвера, – сказаў Олаф Шольц у відэазвароце ў чацвер. Ён дадаў, што НАТА не будзе ўдзельнічаць у вайне Расіі супраць Украіны. -Мы не хочам, каб вайна Расіі супраць Украіны ператварылася ў вайну паміж Расіяй і НАТА, – заявіў канцлер.

Прэм'ер-міністры Польшчы і Чэхіі Дональд Туск і Пётр Фіяла заявілі, што не плануюць адпраўляць вайскоўцаў. Прадстаўнік Белага дома заявіў агенцтву Reuters, што ЗША не плануюць пасылаць войскі ваяваць ва Украіне, а таксама не плануецца пасылаць вайскоўцаў НАТА.

Словы Эманюэля Макрона пракаментаваў і Уладзімір Пуцін. Ён папярэдзіў аб небяспецы ядзернага канфлікту ў выпадку ўводу войскаў НАТА ва Украіну. Пра гэта ён казаў у штогадовым звароце да народу. Пуцін таксама паўтарыў свае абвінавачванні ў тым, што Захад хоча знішчыць Расію знутры, і папярэдзіў, што Расія не дазволіць нікому ўмешвацца ў свае ўнутраныя справы.

-Краіны Захаду «павінны разумець, што ў нас таксама ёсць зброя, якая можа паражаць мэты на іх тэрыторыі. Усё гэта рэальна пагражае канфліктам з прымяненнем ядзернай зброі і знішчэннем цывілізацыі. Няўжо яны гэтага не разумеюць?, – заявіў ён.

Гэтага можна было спадзявацца, так міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш каментуе словы Уладзіміра Пуціна, які зноў пужае свет выкарыстаннем ядзернай зброі. Неабходна быць падрыхтаваным на кожны сцэнар, зазначае кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы:

-Няма сітуацыі спакою і вечнага міру. Спадзяюся, што Еўропа прачынаецца, таксама ў выніку нашых дыпламатычных крокаў. Павінна абудзіцца збройная прымысловасць. Павінна быць адноўленае не толькі ў лідарах, але і ў грамадствах пачуццё непрымання вайны, і што Расія з’яўляецца пагрозай для заходняй цывілізацыі.

Міністр абароны пацвердзіў, што Польшча не адправіць свае войскі ва Украіну.

Уваход любога члена НАТА ва Украіну будзе азначаць поўнамаштабны канфлікт і развязванне Трэцяй сусветнай вайны, заявіў PAP былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы генерал Вальдэмар Скшыпчак. На яго думку, гэта немагчыма.

Скшыпчак падкрэсліў, што размова паміж кіраўнікамі дзяржаваў праходзіла ў закрытым рэжыме, таму, паводле яго слоў, ён быў здзіўлены рашэннем зрабіць гэтую тэму размовы публічнай. Ён сказаў, што «такая дыскусія не мае рацыянальнага абгрунтавання ў кантэксце таго, што цяпер адбываецца ў свеце».

-Вайна ва Украіне – гэта, вядома, наша справа, але мы не можам удзельнічаць у гэтым канфлікце ваенным шляхам, – сцвердзіў Вальдэмар Скшыпчак.

Іншага меркавання прытрымліваецца камандор Максымільян Дура, эксперт вайсковага парталу Defence24.pl. Ён тлумачыць, што французскі прэзідэнт не меў на думцы адпраўку жаўнераў для змагання з расіянамі:

-У сваю чаргу прэзідэнт Макрон зрабіў вельмі добры рух, паколькі раззлаваў Пуціна. Думаю, час ад часу неабходна злаваць Крэмль, паколькі яны пастаянна думаюць, што ёсць згода на тое, што яны робяць ва Украіне, Захадзе, а нават, што мяняецца настрой заходніх краін, то бок адбываецца стомленасць вайной. Гэта не так. Макрон гэта пацвердзіў. Адначасова памятайма, што адпраўка жаўнераў НАТА ва Украіну не абавязкова павінна быць звязана з непасрэднымі баявымі дзеяннямі.

Максымільян Дура гаворыць, што жаўнеры НАТА маглі б даследаваць злачынствы Расіі, як гэта ўжо было ў Бучы, гэта, напрыклад, арганізацыя ваенных шпіталяў, размінаванне ўкраінскай тэрыторыі.

Менавіта ў такім ключы выказаўся міністр абароны Францыі, які ўдакладняў словы прэзідэнта Макрона. Паводле яго, жаўнера НАТА маглі б дапамагаць у вытворчасці зброі, прымаць удзел у размініраванні, аказваць падтрымку ў сферы кіберабароны.

ав

слухайце аўдыё


Прэзідэнт Анджэй Дуда ў Парыжы нагадае пра неабходнасць падтрымліваць Украіну

26.02.2024 10:07
Анджэй Дуда ад самага пачатку вайны звяртаўся да міжнароднай супольнасці з просьбай дапамагаць Украіне.

Канцлер Германіі выступае супраць прысутнасці вайскоўцаў НАТА ва Украіне

27.02.2024 16:05
Па гэтай справе згодна выказваюцца лідары нямецкай кааліцыі і апазіцыі.

Толькі Беларусь у структурах НАТА гарантуе надзейную бяспеку краінам Еўропы – дыскусія ў Варшаве

28.02.2024 14:52
«Беларусь у НАТА» – пад такім загалоўкам у Польшчы выйшла кніга – зборнік артыкулаў, прысвечаных сістэме геапалітычнай бяспекі ў Еўропе ды свеце, і ролі Беларусі ў гэтай сістэме.