Беларуская Служба

Віцэ-міністр польскага МЗС: Палітычны крызіс у Беларусі будзе працягвацца і канца яму не відаць

07.03.2024 11:01
Зараз «Карта паляка» з’яўляецца пагрозай для кожнага грамадзяніна Беларусі, падкрэсліў Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.
Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскіwww.gov.pl/web/dyplomacja

Мы імкнемся да таго, каб усе санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, былі распаўсюджаныя і на Беларусь, якая супрацоўнічае з расійскім агрэсарам, запэўніў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі. Пра сітуацыю ў Беларусі і дзеянні па вызваленні палітвязняў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі гаворка ішла на паседжанні парламенцкай Камісіі па замежных справах, нагадвае старонка wnp.pl.

Намеснік кіраўніка МЗС нагадаў, што ў 2020 годзе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя, а ў выніку рэпрэсіяў беларускага рэжыму пасля гэтых выбараў зараз у беларускіх турмах знаходзіцца больш за паўтары тысячы чалавек, прызнаных міжнароднай супольнасцю палітычнымі зняволенымі.

«Усе дзеянні папярэдняга польскага ўрада і Сейма папярэдняга склікання, а таксама МЗС не прынеслі канкрэтных вынікаў. На жаль, я не магу сказаць, што нашыя дзеянні істотна палепшылі згаданую сітуацыю. Колькасць палітвязняў у Беларусі вырасла, узмацняюцца рэпрэсіі», – сказаў Барташэўскі.
Ён адзначыў, што, напрыклад, «Карта паляка» зараз з’яўляецца пагрозай для кожнага грамадзяніна Беларусі.

«У Беларусі цяпер няма шанцаў апраўдаць чаканні беларускіх грамадзян і тых беларусаў, якія выехалі ў прымусовую эміграцыю і часткова пасяліліся ў Польшчы», – падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС.
Ён дадаў, што парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі 25 лютага, не маюць нічога агульнага з сапраўднай дэмакратыяй. Паводле палітыка, «ліцэнзійная апазіцыя» якая была дапушчаная да ўдзелу ў выбарах, застаецца пад поўным кантролем уладаў у Мінску. «І гэта фарс, а не дэмакратыя», – падкрэсліў намеснік кіраўніка польскай дыпламатыі.

Паводле палітыка, заява Аляксандра Лукашэнкі аб удзеле ў наступных прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе паказвае, што палітычны крызіс у Беларусі будзе працягвацца і канца яму не відаць.
«Беларусь сёння моцна звязана сваёй дзейнасцю, у тым ліку антыўкраінскай, з пуцінскай Расіяй. Таму мы імкнемся да таго, каб усе санкцыі, якія выкарыстоўваюцца супраць Расійскай Федэрацыі, былі распаўсюджаныя іншымі краінамі таксама на Беларусь», – сказаў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі.

аз

Польшча звернецца да Еўракамісіі, каб увесці санкцыі супраць Беларусі і Расіі ў справе экспарту сельгаспрадукцыі

06.03.2024 22:01
У Сейм Польшчы ўнесены праект рэзалюцыі з заклікам да Еўракамісіі ўвесці санкцыі на імпарт расійскай і беларускай сельгаспрадукцыі ў Еўрасаюз.