Беларуская Служба

У Польшчы пачалася вытворчасць верталётаў для Войска Польскага (ФОТА + ВІДЭА)

11.06.2024 18:33
Агульны кошт кантракту складае 1 млрд 905 млн еўра.
  PZL-Świdnik     AW149
На авіязаводзе PZL-Świdnik пачалася вытворчасць шматмэтавых верталётаў AW149 для Войска ПольскагаFoto: PAP/Wojtek Jargiło

На авіязаводзе PZL-Świdnik каля Любліна, які належыць італьянскаму канцэрну Leonardo, на нядаўна адкрытай вытворчай лініі пачалася вытворчасць шматмэтавых верталётаў AW149 для Войска Польскага.

У 2022 годзе, пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны, Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы зрабіла замову на набыццё 32 шматмэтавых верталётаў AW149 для Войска Польскага. Агульны кошт кантракту складае 8 млрд 250 млн злотых (1 млрд 905 млн еўра) і з'яўляецца найбуйнейшым падобным заказам за апошнія гады.

Галоўнае ў гэтай замове – гэта тое, што машына будзе цалкам вырабляцца ў Польшчы. Гэта значыць, што ў выпадку патэнцыйнага збройнага канфлікту польская армія зможам вырабляць неабходныя запчасткі для рамонту машын на месцы. Больш за тое, вытворчасць верталётаў – гэта вялікі плюс для айчыннай прамысловасць і рынку працы.

Першыя верталёты AW149, вырабленыя не ў Польшчы, а ў Італіі, былі пастаўленыя ў 2023 годзе 25-й паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Лодзінскім ваяводстве. Пастаўкі ўсіх 32 машын, згодна з кантрактам, павінны быць завершаныя да 2029 года.

AW149 - гэта шматмэтавая машына, створаная італьянскай кампаніяй Leonardo   PAP/Wojtek Jargiło AW149 - гэта шматмэтавая машына, створаная італьянскай кампаніяй Leonardo PAP/Wojtek Jargiło

AW149 – гэта шматмэтавая машына, створаная італьянскай кампаніяй Leonardo. Згаданыя верталёты выкарыстоўваюцца ў транспарце, непасрэднай авіяцыйнай падтрымцы, баявых і марскіх выратавальных місіях. Лятальныя апараты таксама могуць быць каманднымі пунктамі і пунктамі кіравання. Іх канфігурацыя ахоплівае, у прыватнасці, сістэмы назірання, стралковую зброю, ракеты і сістэмы самаабароны.

Максімальная ўзлётная маса AW149 складае 8 тыс. 300 кілаграмаў і можа быць павялічаная да 8 тыс. 600 кілаграмаў. Паводле вытворцы, польскія машыны абсталяваныя двума рухавікамі General Electric. Для бяспекі ўсе верталёты маюць дзве незалежныя электрычныя і гідраўлічныя сістэмы.

Дагэтуль за ўсю гісторыю авіязавода ў Свідніку было выраблена больш за 7 тыс. верталётаў розных класаў і тыпаў.

вс