Беларуская Служба

5 мільёнаў долараў на хабар перад выбарамі. Паліцыя Малдовы заяўляе пра карупцыю Расіі

04.10.2024 12:22
Паліцыя Малдовы паведаміла, што 15 мільёнаў долараў былі незаконна ўвезеныя ў іх краіну для куплі галасоў перад выбарамі.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

 Грошы нібыта паступалі з расійскіх банкаўскіх рахункаў, а боты ў Тэлеграме ўжо пачалі дзейнічаць у Малдове, чытаем на сайце gazeta.pl. 

Малдаўскія службы паведамляюць, што, паводле звестак паліцыі, 15 мільёнаў долараў павінны былі быць выкарыстаны для карумпавання грамадзян і дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне перад прэзідэнцкімі выбарамі і рэферэндумам, якія павінны адбыцца ў Малдове 20 кастрычніка. Праваахоўныя органы ўжо высветлілі прыкладна 130 тысяч людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтай справе.

Грошы ў верасні паступілі кіраўнікам мясцовых выбарчых камісіяў, актывістам і прыхільнікам асобных партыяў. Цікава, што дзейнасць грамадзян Малдовы нібыта кантралявалася ботамі ў Тэлеграм.

Начальнік паліцыі Малдовы Віярэл Чэрнаўцяну растлумачыў, што больш за 100 мясцовых кіраўнікоў занялі пасады «каардынатараў», а людзі ніжэйшых узроўняў вербавалі чарговых выбаршчыкаў. Таксама паведамлялася, што фігуранты справы адкрылі рахункі ў «Прамсувязьбанку». Кожны кіраўнік атрымліваў штомесячны заробак у 250 тысяч рублей. Ніжэйшым па іерархічнай прыступцы ўдзельнікам змовы плацілі ад 900 да 25 600 рублёў.

- Асобы, якія падалі персанальныя дадзеныя для адкрыцця банкаўскіх рахункаў у Расійскай Федэрацыі для такіх мэтаў, рызыкуюць атрымаць не толькі штраф у памеры больш за 37 тысяч леяў, але і канфіскацыю ўсіх пераводаў і, што з'яўляецца самым цяжкім наступствам, турэмнае зняволенне, - пракаментавала Вераніка Драгалін, галоўны пракурор Антыкарупцыйнай пракуратуры Малдовы.

Пракуратура і супрацоўнікі Дзяржаўнай следчай інспекцыі ўжо канфіскавалі шэраг дакументаў, мабільныя тэлефоны, грашовыя сродкі ў рознай валюце і іншыя прадметы, якія маюць значэнне для следства. Праведзены вобшук 25 месцаў. Як паведамляе Радыё Свабодная Еўропа, змовай нібыта кіруе Ілан Шор, алігарх-уцякач, які падтрымліваецца Расіяй і былы дэпутат парламента Малдовы, які мае дачыненне да банкаўскіх махлярстваў.

Gazeta.pl/ав