Амбасада Расіі ў РПА і пракрамлёўскія СМІ рэгулярна выкарыстоўваюць дэзынфармацыю, каб паслабіць баявы дух праціўніка і сфармаваць негатыўны імідж краінаў, якія падтрымліваюць Украіну, у тым ліку Польшчы, паведамляе старонка defence24.pl.
Апошні прыклад – фальшывая інфармацыя пра тое, што польскія «найміты» нібыта ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Курскай вобласці, ваюючы на баку Украіны, а нават здзяйснялі жорсткія злачынствы супраць мірнага насельніцтва Расіі.
Як паведамляе агенцтва ТАСС, расіяне, быццам бы, «нейтралізавалі» польскую групу байцоў, якія падтрымлівалі ўкраінскую армію, а ў перахопленых радыёпаведамленнях былі словы на польскай мове, што сведчыць аб тым, што гэта палякі.
Расія часта прасоўвае гэты наратыў, каб перабольшыць замежную падтрымку Украіне і ўзмацніць антызаходнія настроі. Меркаваны ўдзел польскіх наймітаў накіраваны на тое, каб адбіць ахвоту ў расійскага грамадства і міжнароднай грамадскай думкі ад далейшай падтрымкі Украіны.
Згадкі пра «замежных баевікоў» становяцца часткай больш шырокай кампаніі па дэзынфармацыі, накіраванай на стварэнне інфармацыйнага хаосу і падрыў аўтарытэту хаўруснікаў Украіны.
Іншы прыклад - апублікаванае Міністэрствам абароны Расіі відэа, на якім адзін з жыхароў горада Суджа сцвярджае, што «замежныя найміты - палякі, сабралі натоўп людзей і расстралялі іх».
Аднак падобнай тактыкай карыстаецца не толькі Расія. Фактычна, Украіна таксама часам выкарыстоўвае польскую мову, як інструмент дэзынфармацыі. Украінскія жаўнеры, усведамляючы, што вораг можа падслухоўваць іхныя размовы, таму часам наўмысна выкарыстоўваюць польскую мову ў радыёсувязі, каб увесці праціўніка ў падман.
аз