Беларуская Служба

Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз: Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі можна ўспрымаць як працяг Расіі

24.10.2024 14:27
Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін, лічыць, што Лукашэнку можна ўспрымаць як “субпадрадчыка” задач, пастаўленых Крамлём.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Ф.Брыйка пра палітыку РП у адносінах РБ і РФ.
          23  2024 .
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на саміце БРІКС у Казані 23 кастрычніка 2024 г.Foto: EPA/MAXIM SHIPENKOV Dostawca: PAP/EPA

Праектаванне Шчыта «Усход» — 800-кіламетровай лініі ўмацаванняў на граніцы Польшчы з Беларуссю і Расіяйзавершана. Кошт яго будаўніцтва ацэньваецца ў 10 мільярдаў злотых. Узвядзенне пачнецца ўжо сёлета. Краіны Балтыі і Фінляндыя таксама ўдзельнічаюць у агульных з Польшчай намаганнях па забеспячэнні бяспекі ўсходніх меж ЕС.

У сваім пасланні Сейму Польшчы 16 кастрычніка прэзідэнт краіны Анджэй Дуда падкрэсліў, што задачай урада з'яўляецца забеспячэнне бяспекі, прычым не толькі ваеннай, але і энергетычнай, медыцынскай і харчовай. Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі згодны з Анджэем Дудам у тым, што «бяспека ў цяперашні час з'яўляецца ключавым пытаннем у польскай палітыцы».

Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін, займаецца пераважна расійскай дэзінфармацыяй і нерэгулярнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Гаворачы пра міграцыйны крызіс, выкліканы на граніцы Польшчы рэжымам Лукашэнкі, эксперт адзначае, што да гэтых гібрыдных дзеянняў мае адносіны і рэжым Пуціна.

Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін: — Я б не стаў аддзяляць Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі ад Расіі, таму што рашэнні, якія прынялі ўлады гэтых дзяржаў у апошнія гады адносна інтэграцыі, асабліва ў ваенным вымярэнні, але і ў пэўнай ступені ў эканамічным і палітычным, дэ-факта даказваюць, што Беларусь можна ўспрымаць як працяг тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Асабліва гэта праяўляецца ў ваеннай сферы, напрыклад, у выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны.

Пэўную аўтаномію і ўласную рыторыку рэжым Лукашэнкі захоўвае. Аднак, калі размова ідзе аб пытаннях стратэгіі і бяспекі, — гэта рашэнні, навязаныя Расіяй Беларусі. Яе можна ўспрымаць як свайго роду “субпадрадчыка” задач, пастаўленых Крамлём.

Аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін адзначае, што рэжым Лукашэнкі разам з рэжымам Пуціна выкарыстоўвае мігрантаў для дэстабілізацыі сітуацыі на граніцы з Польшчай.

Філіп Брыйка: — Гэты крызіс мае, вядома, сваю дынаміку. Бываюць перыяды, калі спроб нелегальнага перасячэння мяжы было значна менш, што звычайна звязана з умовамі надвор'я. Але, напрыклад, перад выбарамі ў Еўрапарламент мы назіралі значны рост нелегальнай міграцыі, а таксама напады груп асоб на асобныя кропкі на граніцы.

Філіп Брыйка мяркуе, што крызіс на граніцы быў выкліканы штучна, каб дэстабілізаваць унутраную сітуацыю ў Польшчы. А ў выніку, гэта павінна было паспрыяць актывізацыі прарасійскіх сіл у РП і ЕС.

Філіп Брыйка: — Гэта асяроддзі, якія, з аднаго боку, спрыяюць Маскве і часта паўтараюць яе рыторыку, а з другога боку, таксама выкарыстоўваюцца расійскімі спецслужбамі для інфільтрацыі ў дзяржструктуры ЕС. Красамоўны прыклад — дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Таццяна Жданок, якая шмат гадоў працуе на расійскія спецслужбы.

Філіп Брыйка. Філіп Брыйка.

Сапраўды, у ЕС, у т.л. у РП, пражываюць уласныя грамадзяне з прарасійскімі поглядамі, як тая ж Жданок. Сімпатыкаў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна не бракуе сярод выхадцаў з былога СССР. Ці не ўяўляюць яны пагрозы нашай унутранай бяспецы?

Філіп Брыйка: — Ні адзін урад краін ЕС не мае намераў і мэт рэгуляваць думкі ўсіх сваіх грамадзян — у гэтым перавага дэмакратычных дзяржаў перад аўтарытарнымі. У нас ёсць свабода слова, у нас ёсць свабода палітычных поглядаў і гэта наш здабытак. Але, вядома, у сітуацыі, калі гэтыя погляды суправаджаюцца таксама дзеяннямі, якія з пункту гледжання закона забаронены, напрыклад, дзейнасцю ў інтарэсах знешняй разведкі або ажыццяўленнем нават нязначных дыверсій у выглядзе нанясення графіці, разбурэння помнікаў ці іншых дзеянняў, то, вядома, яны павінны быць прааналізаваны.

Філіп Брыйка ўпэўнены, што сацыяльна-палітычная, эканамічная мадэль Еўрапейскага саюза ў цэлым значна больш прывабная, чым тое, што прапануе РФ.

Філіп Брыйка: — Якасць жыцця на тэрыторыі Еўрасаюза значна вышэйшая, чым у Расіі. Там, калі не лічыць Масквы ці Санкт-Пецярбурга і, магчыма, некалькіх іншых буйных гарадоў, на самой справе існуюць вельмі сур'ёзныя праблемы з якасцю бытавых паслуг, нават у доступе да каналізацыі ў дамах.

Аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносін не сумняваецца, што ЕС мае сілы, каб супрацьстаяць гібрыдным атакам рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

Філіп Брыйка: — ЕС мае soft power: тое, што прапануе сваім грамадзянам, настолькі прывабна, што яно само па сабе ЗДОЛЬНА карэкціраваць меркаванне людзей, якія па нейкіх прычынах маюць прарасійскія сімпатыі. Але лепш за ўсё, на мой погляд, на некарысць Расіі працуе яна сама. Яна ажыццяўляе жудасныя злачынствы супраць нацыі, якая на працягу многіх гадоў тэарэтычна лічылася “братэрскай” (маецца на ўвазе Украіна. — Рэд.). Мы бачым, што заявы пра “братэрства” былі галаслоўныя. А на самой справе Расія імкнулася да дамінавання і тэрытарыяльнай экспансіі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Праф. Роман Шуль: Беларусь —  гэта ўжо не Расія, але яна ўсё яшчэ даспявае да сваёй ідэнтычнасці

18.04.2024 14:03
У варшаўскім выдавецтве Scholar выйшла кніга польскага даследчыка Романа Шуля Separatyzmy, ruchy niepodległościowe i regionalizmy we współczesnej Europie.

Польскі гісторык і палітолаг Вітальд Радкевіч: Лукашэнка часам падкрэслівае элементы беларускай ідэнтычнасці з мэтай захавання асабістай аўтаноміі ад Масквы

10.10.2024 15:01
Галоўны спецыяліст варшаўскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Вітальд Радкевіч лічыць, што Лукашэнка падкрэслівае постсавецкія элементы ў Беларусі, лічачы, што савецкі «стандарт» ён захоўвае лепш, чым у РФ.