Беларуская Служба

«Польскі ўрад будзе супрацоўнічаць з кожнай адміністрацыяй у Белым доме»

06.11.2024 12:31
Польшча заўсёды была праатлантычнай краінай, незалежна ад таго, хто кіраваў у Варшаве і хто займаў галоўную пасады ў Белым доме.
Аўдыё
  • Bыбарах у ЗША перамагае Дональд Трамп
          .
Паводле ўступных вынікаў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША перамагае Дональд Трамп. PAP/EPA/CRISTOBAL HERRERA-ULASHKEVICH

Паводле ўступных вынікаў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША перамагае Дональд Трамп. Кандыдат ад рэспубліканцаў яшчэ ў  ноч выбараў абвясціў аб сваёй перамозе і падзякаваў выбаршчыкам за падтрымку.

Паводле каментатараў, перамога Дональда Трампа азначае праблему для еўрапейскіх краін, якія павінны перагледзець знешнюю палітыку ЕС. А што гэта можа азначаць для Польшчы?

Прэзідэнт Анджэй Дуда павіншаваў кандыдата ад рэспубліканцаў з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах: «Віншую, прэзідэнт Трамп! Атрымалася!», - напісаў кіраўнік польскай дзяржавы на сайце X.

«Я разлічваю на нашае супрацоўніцтва на карысць амерыканскага і польскага народаў», - напісаў у сваю чаргу ў сацсетках прэм'ер Дональд Туск.


Хоць падлік галасоў пасля выбараў прэзідэнта ЗША працягваецца, то шмат сведчыць пра тое, што  іх вынік ужо вырашаны.

Польская дыпламатыя гатовая на любы выбарчы сцэнар у ЗША. Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна(Andrzej Szejna) запэўніў, польскі ўрад будзе супрацоўнічаць з кожным прэзідэнтам ЗША:

- Мы чакаем канчатковых вынікаў выбараў. Усё ж папярэднія вынікі, якія бачым, сведчаць пра перамогу Дональда Трампа. Нагадваю, яшчэ да выбараў у ЗША, міністр Сікорскі і ўвесь урад выразна падкрэслівалі, што нягледзячы на тое, хто пераможа – мы гатовая на любы сцэнар. Польскі ўрад дзейнічае ў інтарэсе Польшчы і таму будзе супрацоўнічаць з кожнай адміністрацыяй ЗША.

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі(Radsoław Sikorski), каментуючы выбарчую сітуацыю ў ЗША запэўніў, што ў Польшчы добрыя адносіны як з дэмакратамі, так і з рэспубліканцамі. Адначасова кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў, што «Еўропа павінна тэрмінова ўзяць на сябе поўную адказнасць за сваю бяспеку»:

- З адноўленым даверам у ЕС і добрымі адносінамі з ЗША, Польшча стане лідарам працэсу ўзмацнення бяспекі ЕС. Вецер гісторыі дзьме яшчэ мацней, але кіраўніцтва Польшчы прыме гэты выклік.

Супрацоўніцтва з амерыканскай адміністрацыяй з’яўляецца інтарэсам Польшчы, незалежна ад таго, хто стане наступным прэзідэнтам ЗША, падкрэслівае міністр па еўрапейскіх справах Адам Шлапка(Adam Szłapka) і нагадвае, што ЗША з'яўляюцца важным партнёрам для Еўропы:

- Супраца са Злучанымі Штатамі Амерыкі для нас вельмі важаная, між іншым, таму, што мы партнёры па НАТА. Па гэтай справе, я лічу, нічога не памяняецца. Будзем працягваць супрацоўніцтва, паколькі альянс – гэта аснова нашай бяспекі. Усё ж Еўропа павінна адчуваць, што яна важны элемент Паўночнаатлантычнага альянсу. ЕС таксама павінен думаць пра бяспеку ў шырокім вымярэнні.

Прагназаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША могуць стаць сур’ёзным выклікам для пытанняў бяспекі ў Еўропе, лічыць у сваю чаргу еўрадэпутат ад «Грамадзянскай кааліцыі» Анджэй Галіцкі(Andrzej Halicki). Аднак, паводле яго, Польшча можа выкарыстаць сітуацыю і стаць мостам паміж Еўрасаюзам і ЗША ў палітычных і ваенных пытаннях:

- Зараз удзел амерыканцаў у будаўніцтве нашай бяспекі значны – нагадваю пра 12 тысяч амерыканскіх жаўнераў, якія дыслакуюцца на нашай тэрыторыі. Аднак Дональд Трамп непрадказальны. У яго могуць быць уласныя ідэі, напрыклaд, па абмежаванні гэтай актыўнасці. Мы павінны рабіць сваё і самі ў большай ступені клапаціцца пра нашую бяспеку.

Анджэй Галіцкі падкрэсліў, што выступае за стварэнне агульнай арміі Еўрасаюза, больш цеснае супрацоўніцтва ў вытворчасці зброі і амуніцыі, а таксама за павышэнне баяздольнасці еўрапейскіх узброеных сілаў.



Дональда Трампа не трэба пераконваць не абмяжоўваць амерыканскую прысутнасць у Еўропе, супакойвае дэпутат апазіцыйнай партыі «Права і справядлівасць» Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz), які нагадвае, што з 2016 года амерыканская прысутнасць у Польшчы расце:

- Дональда Трампа не трэба пераконваць не абмяжоўваць амерыканскую прысутнасць у Еўропе. Не толькі ў Польшчы. Таму, што прысутнасць амерыканскіх жаўнераў у Германіі, таксама ў нашых інтарэсах. Аднак, калі самі немцы кажуць - і Дональд Туск гэта паўтарае - што «чым менш амерыканцаў у Еўропе, тым лепш», то для Трампа нічога лепшага. Тады ён скажа: калі ласка.

Перамога Дональда Трампа выклікае шмат сумневаў адносна замежнай палітыкі ЗША, у тым ліку ў дачыненні да вайны ва Украіне.

Змена на пасадзе прэзідэнта ЗША можа азначаць шанец на новы погляду на вайну ва Украіне, паколькі, магчыма, існуючыя формы падтрымкі вычарпалі сябе і трэба прапаноўваць новыя шляхі вырашэння канфлікту, лічыць кіраўнік Упраўлення міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Мешка Паўляк(Mieszko Pawlak):

- Таксама ў палітычным і міжнародным вымярэнні маем уражанне, што мы апынуліся ў сітуацыі, калі не вядома, што далей рабіць.Таму, магчымая змена на пасадзе прэзідэнта ЗША можа стварыць нейкі шанец. Магчыма, што існуючыя формы падтрымкі Украіны вычарпалі сябе; магчыма мы дайшлі да нейкай мяжы і трэба прапанаваць іншыя дзеянні.

Нагадваем, падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп неаднаразова запэўніваў, што калі б гэта ён быў прэзідэнтам, то Пуцін не адважыўся б на поўнамаштабны напад на Украіну. Ён таксама аб’яцаў, што калі пераможа на выбарах, то спыніць вайну «на працягу 24 гадзін». Аднак ён ніколі публічна не казаў, як плануе гэта ажыццявіць.

Да перамогі Дональда Трампа рыхтуюцца таксама рынкі -  курс долара расце, курс польскай валюты падае. Дырэктар Бюро рынкавых стратэгій PKO Bank Polski Марыюш Адамяк(Mariusz Adamiak) падкрэсліў, што хаця ўсё паказвае на перамогу рэспубліканцаў, то невядома, якім будзе склад Кангрэса:

- Хутчэй за ўсё Сенат будзе пад кантролем рэспубліканцаў, але палата прадстаўнікоў – не абавязкова – гэта яшчэ вырашаецца. Між тым, з эканамічна пункту гледжання, прэзідэнт павінен супрацоўнічаць з Кангрэсам, каб ажыццявіць свае прапановы. На інфармацыю пра магчымую перамогу Трампа рынкі адрэагавалі, перш за ўсё, ростам кошту долара, што дарэчы не адбылося раптоўна, бо яны бралі пад увагу такую магчымасць.

Супрацоўніцтва паміж ЗША і Польшчай будзе працягвацца незалежна ад таго, хто стане наступным прэзідэнтам, запэўнівае амерыканскі амбасадар у Польшчы Марк Бжазіньскі:

- Нашая супраца ў галіне эканомікі, абароны, энергетычнай бяспекі і міжчалавечых сувязяў ніколі не была больш інтэнсіўнай. Незалежна ад таго, ці пераможа віцэ-прэзідэнт Харыс і экс-прэзідэнт Трамп я абсалютна ўпэўнены, што сувязі, якія мы збудавалі, будуць толькі ўмацоўвацца цягам бліжэйшых гадоў.

Паводле каментатараў, пачынаючы з 1989 года Польшча заўсёды была праатлантычнай краінай, незалежна ад таго, хто кіраваў у Варшаве і хто займаў галоўную пасады ў Белым доме. Хоць несумненна, што ўраду Дональда Туска лягчэй было б дамовіцца з адміністрацыяй Камалы Харыс, то палякаў і амерыканцаў звязваюць эканамічнае супрацоўніцтва, вялізныя кантракты на пастаўку ўзбраенняў і агульныя інтарэсы бяспекі - гэта хутчэй за ўсё нe зменіцца.

IAR/аз

Зяленскі павіншаваў Дональда Трампа з перамогай на выбарах

06.11.2024 10:12
Пасля перамогі Трампа больш шанцаў, што ва Украіне будзе справядлівы мір, выказаў спадзяванне ўкраінскі прэзідэнт.

Мэр Варшавы Тшаскоўскі: Польшча з'яўляецца ідэальным сябрам НАТА для Трампа

06.11.2024 13:15
Па словах Тшаскоўскага, важную ролю ў адміністрацыі Дональда Трампа будзе адыгрываць Джорджэт Масбахер, якая была амбасадарам у Польшчы.