Беларуская Служба

Сабатаж на Балтыцы. Расіяне з кітайцамі абвялі спецслужбы НАТА вакол пальца

17.12.2024 15:09
«НАТА не змагло аператыўна адрэагаваць на падзеі ў Балтыйскім моры, а ўлады пазбягалі прамых абвінавачанняў у адрас Расіі, каб прадухіліць паніку».
Ілюстрацыйны здымакshutterstock.com/tunasalmon

Пацвярджаецца версія, што менавіта расіяне стаялі за пашкоджаннем тэлекамунікацыйных кабеляў у Балтыйскім моры, хоць яны непасрэдна гэтага і не зрабілі. Вынікі расследавання паказваюць, як спецслужбы дзвюх дзяржаў здолелі абвесці разведку НАТА вакол пальца і зрабіць тое, пра што эксперты папярэджвалі ўжо даўно – чытаем на сайце Forsal.pl.

Амаль месяц таму заходні свет скалыхнула інфармацыя пра пашкоджанне тэлекамунікацыйных кабеляў і сарвання сувязі паміж Германіяй, Швецыяй, Фінляндыяй і Літвой. Аперацыя была праведзена такім чынам, каб складана было непасрэдна павязаць яе з Расіяй. Праўда, быў затрыманы магчымы выканаўца – кітайскае грузавое судна Yi Peng 3, якім кіраваў расіянін, але афіцыйныя абвінавачанні так і не прагучалі. Тым часам журналісты The Wall Street Journal атрымалі доступ да дэталяў усёй аперацыі сабатажу.

Спасылаючыся на размовы з амерыканскімі следчымі, яны прадставілі доказы таго, што расійская разведка накіравала кітайскае судна ў Балтыйскае мора і дала яму канкрэтныя ўказанні. Але перад гэтым на Балтыцы з’явілася расійскае судна Меркурый, якое даследавала марское дно, а атрыманыя даныя перадавала ў штаб Балтыйскага флоту.

Быў таксама задзейнічаны кітайскі транспартнік Yi Peng 3. Гэтае судна стала часта заходзіць у расійскія парты. У лістападзе судна накіравалася ў бок дацкіх праліваў, і адразу пасля яго праходжання над інтэрнэт-кабелем сеткавыя аператары зафіксавалі вялікую аварыю. На яе ліквідацыю, якая заняла некалькі тыдняў, давялося выклікаць спецыяльнае судна з Францыі.

Гэта была не першая падобная расійска-кітайская акцыя ў Балтыйскім моры. У кастрычніку 2023 года аналагічны кабель быў пашкоджаны якарам кітайскага судна, якое праходзіла над ім, што ўскосна пацвердзіў шведскі карабель Belos, які займаецца ратаваннем падводных лодак. Ён абследаваў кабель і пацвердзіў, што пашкоджанні былі выкліканыя «знешняй механічнай сілай».

«НАТА не змагло аператыўна адрэагаваць на падзеі ў Балтыйскім моры, а ўлады пазбягалі прамых абвінавачанняў у адрас Расіі, каб прадухіліць паніку», – сцвярджаюць аўтары справаздачы.

нг