Летам 2024 года было праведзена колькаснае і якаснае даследаванне ідэнтычнасці беларусаў, якія цяпер жывуць у Беларусі, метадам тэлефоннага апытання. Абсалютная большасць апытаных не назвала беларускую мову як адметную рысу беларускай нацыі, дзеліцца высновамі апытання доктар сацыялагічных навук, прафесар Андрэй Вардамацкі, які і праводзіў гэтае апытанне.
На першыя два месцы з вялікім адрывам у самаідэнтыфікацыі беларусы паставілі фактары «месца нараджэння, Радзіма» і «менталітэт, рысы характару». Далей з невялікім адрывам, які выглядае як статыстычная хібнасць ідуць «гістарычнае мінулае», «дзяржава», «нацыянальная культура», «мова».
Пункт «мова» набраў толькі чатыры працэнты адказаў рэспандэнтаў у гэтым масіве фактараў самаідэнтыфікацыі.
Андрэй Вардамацкі гаворыць, што гэта вялікае пытанне, якое ўсё ж месца ў самаідэнтыфікацыі беларусаў займае беларуская мова.
Разам з тым апытаныя выказвалі пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы, людзі гаварылі, што ім падабаецца гучанне, што няведанне беларускай мовы яны ўспрымаюць як недахоп.
А з негатыўных момантаў гаварылі пра малы прагматызм ведання беларускай мовы, то бок яна мала дзе сапраўды неабходная, невялікі працэнт насельніцтва актыўна ёй карыстаецца.
Для параўнання сітуацыі Андрэй Вардамацкі прывёў вынікі апытання жыхароў Польшчы (даследаванне праводзілі польскія сацыёлагі) наконт таго, што для іх важна для ідэнтыфікацыі чалавека як паляка. І на першае месца выйшла польская мова — гэты фактар назвалі ў суме ажно 92 працэнты апытаных рэспандэнтаў.
Вардамацкі прыгадаў сацыялагічнае апытанне 2013 года, тады ментальнасць як важны фактар у ідэнтычнасці быў на 11-ым месцы, цяпер жа ментальнасць знаходзіцца на другім месцы. Гэта вялікія змены ў выбудоўванні ідэнтычнасці, гаворыць сацыёлаг.
«Пераход ад тэрытарыяльна-дзяржаўніцкай канцэпцыі — вось я пры гэтым балоце жыву і ўсё, да адчування ментальнай сувязі паміж беларусамі», — звяртае ўвагу сацыёлаг.
Андрэй Вардамацкі таксама перакананы, што змена моўнай палітыкі і прыняцце гэтага ў грамадстве моцна залежыць ад інфармацыйнай кампаніі, бягучай сітуацыі. Калі геапалітычныя арыентацыі, а гэта не гнуткі момант у светапоглядах, змяняюцца за месяц, то і моўныя арыентацыі беларусаў таксама маюць усе шанцы хутка змяніцца, запэўнівае сацыёлаг, спасылаючыся на свой досвед шматгадовых назіранняў за паводзінамі ў розных грамадствах.
Марына Гуляева-Новікава ў ліпені-жніўні бягучага года ў рамках згаданага даследавання праводзіла якаснае апытанне, то бок глыбінныя інтэрв’ю з жыхарамі Беларусі.
Яна распавяла, што на пытанне, што звязвае з людзьмі вашай нацыянальнасці, жыхары Беларусі часцей за ўсё называлі такія фактары, як тэрыторыя, менталітэт, культура, гістарычны досвед.
Таксама яна звярнула ўвагу, што на нізавых узроўнях улады ёсць шмат ініцыятыў, ці гатоўнасці падтрымаць ініцыятывы, якія тычацца беларускай мовы.
«З гэтага з’яўляецца нейкі трэнд на замяшчэнне таго, што рабілі дэмакратычныя сілы. Гэта патрабуе даследавання», — кажа Марына Гуляева-Новікава. То бок ідзе размова пра паўставанне ў Беларусі ініцыятыў з народа, якія знаходзяць водгук у мясцовага кіраўніцтва, на фоне агульна неспрыяльнай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы.
Палітык Анатоль Лябедзька падзяліўся сваімі назіраннямі, як прадстаўнікі наменклатуры пераходзілі на беларускую мову, бо знаходзіліся ў асяроддзі, дзе гаварыць на беларускай мове было нармальна і лагічна:
«Я веру ў тое, што калі Беларусь будзе дэмакратычнай краінай, у нас будзе адна дзяржаўная мова. У Вярхоўным Савеце 12-га склікання, калі мы пачалі працу, людзей, якія размаўлялі на беларускай мове было, можа, чалавек пятнаццаць — Гілевіч, Пазняк, Баршчэўскі, Трусаў… Нават у фракцыі БНФ большасць гаварыла па-руску. Большасць дэпутатаў былі прадстаўнікі наменклатуры, але ўжо напрыканцы кадэнцыі амаль усе старшыні парламенцкіх камісій, калі ў іх была магчымасць выйсці на галоўную трыбуну з падрыхтаванай прамовай, выступалі па-беларуску. Падкрэсліваю, ім за гэта не даплачвалі, іх за гэта не каралі. Гэта нармальны працэс. Яны ў складзе дэлегацый прыязджалі ў Польшчу і чулі, што ў Сейме ўсе выступаюць па-польску, прыязджалі ў Бундэстаг і чулі, што гавораць па-нямецку. Гэта камфортна і так мусіць быць. Нават гэтая кансерватыўная частка грамадства, калі паглядзела па баках, зразумела, што калі чалавек прадстаўляе краіну, ён мусіць гаварыць на роднай мове. Гэтая сітуацыя дала мне адчуванне аптымізму».
Палітык Анатоль Лябедзька.
Гэтыя вынікі сацыялагічнага даследавання былі агучаныя ў Варшаве падчас экспертнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню».
вх