Крэмль хоча выкарыстаць 9-мільённую краіну, каб аднавіць свой эканамічны патэнцыял і падрыхтавацца да далейшага ўварвання.
«Трагедыя Беларусі ў тым, што яе незалежнасць залежыць толькі ад Масквы і капрызу Пуціна», — заявіў для медыя FAKT Каміль Клысіньскі, галоўны спецыяліст па Беларусі, Украіне і Малдове Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Планы стварэння агульнай дзяржавы Расіі і Беларусі бяруць пачатак з канца 1990-х гадоў, але цяпер набываюць рэальныя абрысы. Як гаворыцца ў адмысловай справаздачы ISW, «Крэмль знаходзіцца ў завяршальнай фазе дзесяцігоддзяў стратэгічных намаганняў па эфектыўнай анексіі Беларусі». Гэта мусіць умацаваць вайсковы і эканамічны патэнцыял Расіі ў геапалітычным спаборніцтве з ЗША і краінамі НАТА.
Доказы плану Пуціна
«Крэмль імкнецца фактычна анексаваць Беларусь, фармалізаваўшы Саюзную дзяржаву як федэральны ўрад, дзе дамінуе Расія, што дае Маскве ўладу над большасцю, калі не над усімі, аспектамі беларускага ўрада», — гаворыцца ў дакладзе.
Гэта ўключае ў сябе, сярод іншага, усталяванне поўнага аператыўнага і адміністрацыйнага кантролю над узброенымі сіламі Беларусі ў мірны час, палітычны саюз з федэральным урадам, у якім дамінуе Крамль, і цалкам інтэграваная эканоміка з агульнымі рынкамі і валютным саюзам. «Вельмі верагодна, Крэмль плануе выкарыстоўваць у сваіх мэтах 9-мільённае насельніцтва, геастратэгічную тэрыторыю Беларусі на ўсходнім флангу НАТА і беларускія эканамічныя рэсурсы на службе расійскай дзяржавы», — гаворыцца ў матэрыяле ISW.
«Па-першае, падкрэслім самае галоўнае — з вясны 2022 года ў Беларусі не было вялікіх канцэнтрацый расійскіх войскаў. Застаўся толькі тэхнічны персанал для абслугоўвання расійскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» і іншых установак, — пракаментаваў матэрыялы Інстытута вывучэння вайны эксперт OSW Каміль Клысіньскі. — Нават невядома, ці ёсць на тэрыторыі Беларусі расійская ядзерная зброя, таму што не зафіксавана прысутнасць спецыяльных падраздзяленняў, якія звычайна ахоўваюць гэтую зброю. Ні пра якія расійскія брыгады і дывізіі размовы няма. Магчыма, у сувязі з вучэннямі «Захад-2025» можа часова з'явіцца больш расійскіх вайскоўцаў. Ваеннай пагрозы для Польшчы з боку Беларусі цяпер няма. Не будзем нагнятаць паніку».
Клысіньскі пацвердзіў, што расійскі ўплыў у Беларусі прагрэсуе ў эканамічнай, палітычнай і ваеннай сферах. «Рэжым Лукашэнкі — выканаўца волі Пуціна і падтрымлівае гібрыдную вайну Расіі. Улады ў Мінску знаходзяцца ў ізаляцыі з-за заходніх санкцый, і без расійскай падтрымкі мясцовая эканоміка абрынецца», — звяртае ўвагу палітолаг.
У той жа час так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, прызначаныя на 26 студзеня, на думку эксперта, «з'яўляюцца проста рытуалам рэжыму і не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй».
— Я не прадбачу поўнай анексіі, таму што Пуціну ўсё роўна выгадна мець падтрымку і запрашаць Лукашэнку як замежнага лідара. Магчымая анексія прынесла б Расіі больш стратаў, чым карысці. Трагедыя Беларусі ў тым, што яе незалежнасць залежыць толькі ад Масквы і капрызу Пуціна, — гаворыць Клысіньскі.
Анексія Беларусі з'яўляецца вялікай пагрозай для Польшчы. У дакладзе згадваюць Сувалкаўскі калідор
Аўтары справаздачы ISW заклікалі асобаў, якія прымаюць рашэнні ў краінах НАТА, улічваць Беларусь у сваіх абаронных стратэгіях як тэрыторыю, цалкам падкантрольную Расіі.
«Стратэгічныя базы Расіі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, адыграюць важную ролю ў будучай пазіцыі расійскіх узброеных сіл пасля 2025 года і непасрэдна павялічаць ваенную пагрозу на мяжы НАТА. Асабліва ў больш доўгатэрміновай перспектыве, паколькі расійскія вайскоўцы могуць стварыць у Беларусі новыя манеўраныя дывізіі і працягнуць стварэнне аб'яднанай расійска-беларускай рэгіянальнай групоўкі войскаў супраць НАТА», — мяркуюць эксперты ISW.
Паводле аналітыкаў ISW, «пастаянная прысутнасць расійскіх сухапутных войскаў у Беларусі павялічыла б патэнцыял расійскіх войскаў што тычыцца ўварвання праз Сувалкаўскі калідор з мэтай геаграфічнай ізаляцыі Літвы, Латвіі і Эстоніі ад астатніх краін НАТА».
«Больш за тое, любая пастаянная расійская ваенная прысутнасць у Беларусі — нават калі яна будзе накіравана ў першую чаргу супраць НАТА — павялічыць патрэбы Украіны ў абароне для стрымлівання і, у выпадку неабходнасці, адбіцця расійскіх пагроз на ўкраінска-беларускай мяжы. Расійскія базы ў Беларусі захаваюць прысутнасць значных Украінскіх сілаў на поўначы і паўночным захадзе краіны, адцягваючы іх ад лініі фронту на ўсходзе і поўдні Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.
вх