Міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы працягваецца, а яго ўзмацненне на пачатку бягучага года супала з гэтак званымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, якія прайшлі ў канцы студзеня, і на якіх чарговы раз «перамог» Аляксандр Лукашэнка. Аднак занепакоенасць польскага боку выклікае не толькі рост актыўнасці нелегальных мігрантаў, але таксама планаваныя на восень бягучага года манеўры «Захад 2025».
Напрыканцы студзеня бягучага года 18-я Жалезная механізаваная дывізія перадала 12-й Механізаванай дывізіі свае абавязкі ў рамках аперацыі пад назовам: «Бяспечнае Падляшша».
«Бяспечнае Падляшша» — гэта адказ на міграцыйны ціск на ўсходняй мяжы Польшчы. Галоўная задача вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у аперацыі - дапамагаць утрымліваць шчыльнасць дзяржаўнай мяжы. «Бяспечнае Падляшша» замяніла папярэднія аперацыі, якія праводзіліся ва ўсходнім рэгіёне краіны, такія як: «Gryf» і «Ryngraf». Ад пачатку вайсковай прысутнасці на мяжы, то бок з восені 2021 года, жаўнеры Войска Польскага актыўна падтрымліваюць Памежную службу.
Міграцыйны ціск на мяжы не змяншаецца, пра што сведчаць канкрэтныя дадзеныя, кажа аператыўны камандуючы родаў войск Узброеных сіл Польшчы генерал Мацей Кліш (Maciej Klisz):
— У 2024 годзе ў Польшчу нелегальна спрабавала трапіць на 17% больш людзей, чым у 2023. Тут гаворка ідзе пра больш чым 30 тысяч чалавек на працягу года. Вы можаце лёгка падзяліць гэта на месяцы, дні і гадзіны, каб уявіць сабе, як выглядае праца жаўнераў на ўсходняй мяжы.
Як падкрэсліваюць эксперты, хоць міграцыйны ціск на мяжы не спыняецца, то мяняецца ягоны характар. На пачатку, то бок у 2021 і 2022 гадах, сярод асобаў, якія спрабавалі нелегальна перасякаць польскую мяжу было шмат жанчын і дзяцей. Цяпер сітуацыя іншая - у групах замежнікаў пераважаюць маладыя мужчыны. Паводле адмыслоўцаў, Мінск імкнецца да ўзнікнення гвалтоўных сітуацый, у тым ліку нападаў на польскіх памежнікаў і жаўнераў.
Падараксальна міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю не аблягчае таксама зіма, то бок складаныя ўмовы надвор'я, кажа генерал Кліш:
— Цяпер гэтыя людзі даволі добра падрыхтаваныя да складаных умоваў надвор'я. На Падляшшы апошнім часам сапраўды было холадна - мінус 10 - 15 градусаў, але лічбы гавораць самі за сябе… За 20 дзён лютага ў нас было больш людзей, якія спрабавалі трапіць у Польшчу нелегальна, чым за ўвесь студзень. Такім чынам, сітуацыю найлепш адлюстроўваюць дадзеныя. У нас гэтая статыстыка падзелена літаральна на гадзіны, месяцы, дні і асобныя памежныя пункты, таму мы дакладна ведаем, што там адбываецца, а сітуацыя сапраўды такая, што дастаткова было 20-ці дзён лютага, каб перасягнуць вынік студзеня.
Апошняе ўзмацненне міграцыйнага ціску, адзначыў вайсковец, супала з гэтак званымі «прэзідэнцкімі выбарамі» ў Беларусі, якія прайшлі ў канцы студзеня:
— 26 студзеня ў Беларусі прайшлі гэтак званыя «прэзідэнцкія выбары», вынік якiх нас здзівіў! - прашу прабачэння за гэтую горкую іронію, але гэта таксама паказвае, што ўся з’ява палітычна інспіраваная. Гэта проста тыповая гібрыдная дзейнасць. Фактычна, я б сказаў, спалучэнне арганізаванай злачыннасці і гібрыднай палітыкі – спалучэнне ўсяго, што мы называем гібрыднай вайной.
Нагадваем, у сувязі з павелічэннем міграцыйнага ціску на польска-беларускай мяжы з 2021 года тагачаснае кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі вырашыла пабудаваць на мяжы з Беларуссю сталёвы плот вышынёй у 5,5 метра. Фізічны бар’ер абсталяваны сучаснымі электроннымі прыладамі - сістэмай камераў і датчыкаў.
— Сапраўды, мяжа пастаянна мяняецца, і тыя, хто служыў тут год таму, напэўна, зараз не пазнаў бы яе. Па-першае, гаворка ідзе пра фізічны бар’ер, то бок узмоцнены варыянт плота, які несумненна абмежаваў спробы нелегальнага перасячэння мяжы. Тут таксама трэба памятаць, што фізічны бар'ер, які мы бачым - гэта толькі частка сістэмы аховы мяжы. Па зразумелых прычынах, я не магу казаць пра дэталі. Між тым, перыметрыя - набор дзённых і начных камер і розных тыпаў датчыкаў дазваляюць нам сачыць за мяжой больш эфектыўна. Тут таксама трэба ўспомніць пра заслугі Памежнай службы і ейныя намаганні па павышэнні эфектыўнасці гэтага пастаяннага бар'ера. Я магу толькі сказаць (…), што гэта не канец працы. На мяжы плануецца яшчэ шмат іншых элементаў: вышкі, беспілотнікі, больш электронікі, больш фізічных перашкодаў. Варта згадаць таксама праект «Усходні шчыт».
Нагадваем, «Усходні шчыт» - гэта праграма па ўмацаванні сістэмы абароны Польшчы, уключаючы, перш за ўсё, стварэнне ўсёабдымнай рэгіянальнай абарончай інфраструктуры для супрацьдзеяння пагрозам на ўсходнім флангу НАТА і за яго межамі.
Як запэўнівае генерал Кліш праграма «Усходні шчыт» і аперацыя „Бяспечнае Падляшша” ўзаемазвязаныя - усё, што адбываецца ў рамках аперацыі адлюстроўваецца ў рамках праграмы і наадварот:
— Праграма «Усходні шчыт» вельмі цесна каардынуецца і суадносіцца з тым, што жаўнеры робяць на мяжы ў рамках аперацыі «Бяспечнае Падляшша». Таму я б сказаў, што размеркаванне задачаў у Генштабе больш эфектыўнае і простае. Як аператыўны камандуючы, я адказваю за аперацыю «Бяспечнае Падляшша». За пытанні праграмы «Усходні шчыт» адказваюць генерал Чоснэк, генерал Сакалоўскі, генерал Ваўжыняк. Ян магу запэўніць, што мы цалкам суадносім нашыя дзеянні, каб умацаваць дзяржаўную мяжу і бяспеку гэтай мяжы. Тут варта нагадаць, што «Усходні шчыт» - гэта больш пытанне ваенных пагроз у поўнамаштабным сэнсе. Аперацыя «Бяспечнае Падляшша» - гэта вайсковая аперацыя ў падтрымку Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі і Памежнай службы. Так што мы, вайскоўцы, гэта вельмі моцна аддзяляем.
Адносна аперацыі «Бяспечнае Падляшша», на мінулым тыдні беларускае Мінабароны заявіла пра гатоўнасць правядзення ўзаемных ваенных інспекцый з Польшчай на глыбіню 80 кіламетраў.
Беларускі бок назваў прапанову тэстам палітыкі Польшчы: „Калі наш заходні сусед будзе гатовы да гэтых мерапрыемстваў, мы, адпаведна зразумеем, што палітыка міралюбівая і накіраваная на пошук кампрамісу і ўсталяванне добрасуседства. Калі Польшча адмовіцца і праігнаруе дадзеныя мерапрыемствы, у нас будзе іншае меркаванне аб палітыцы Польшчы. І мы будзем будаваць сваю палітыку, у тым ліку ваенную, зыходзячы з гэтых вынікаў», - паведаміў памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.
Аператыўны камандуючы родаў войск Узброеных сіл Польшчы генерал Мацей Кліш, здзіўлены згаданай прапановай:
— Так, я б сказаў, што гэта крыху смешнае. Такая інфармацыя сапраўды прагучала ў СМІ. Тут варта ўспомніць пра планаваныя манеўры «Захад-2025». Як вайсковец, як аператыўны камандуючы, я б пракаментаваў гэта так: Як гэтыя заявы выглядаюць на фоне вучэнняў «Захад-2025», з планаванай буйной перакідкай расійскіх сіл у Беларусь.
Справу з манеўрамі ў Беларусі ўскладняе факт, што падобныя вучэнні з 2021 года скончыліся поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну:
— Навязваючы да таго, што мне не дае спаць па начах, то хутчэй за ўсё, гэта манеўры «Захад-2025», планаваныя на восень. Варта падкрэсліць, што аператыўны камандзір ужо моцна ўключыўся ў назіранне за тым, што адбываецца на ўсходнім баку мяжы. Менавіта так «Захад-2021» скончыўся 24 лютага 2022 года поўнамаштабным уварваннем ва Украіну. Зразумела, я б не хацеў распаўсюджваць занепакоенасць і паніку… Інакш кажучы, каб прымаць добрыя рашэнні на палітычным і стратэгічным узроўні, зараз аператыўнае камандаванне павінна добра выконваць сваю працу.
- заявіў аператыўны камандуючы родаў войск Узброеных сіл Польшчы генерал Мацей Кліш у размове з Польскім Радыё.
PR24/аз