Беларуская Служба

Новы пасол Польшчы ў Італіі: «Расіі нельга давяраць»

26.09.2019 12:59
Анна Марыя Андэрс дала інтэрв'ю італьянскаму выданню «La Stampa».
Anna Maria Anders
Anna Maria Anders WIKIMEDIA COMMONS/P.Mojsak/CC BY-SA 4.0

Сайт Niezalezna.pl друкуе пераклад інтэрв’ю з новым паслом Польшчы ў Італіі Аннай Марыяй Андэрс з італьянскай газеты «La Stampa». Гаворка ідзе між іншым пра размеркаванне імігрантаў у краінах Еўрапейскага Звязу. Польшча не згаджаецца прымаць у сябе мігрантаў. Андэрс нагадала, што ў Польшчы пражывае каля 2 мільёнаў грамадзянаў Украіны, многія з іх з’ехалі са сваёй краіны па прычыне вайны. Новая спадарыня пасол дадае, што ўкраінцы хутка адаптуюцца ў новых умовах, у іншай краіне – Польшчы, якая для іх блізкая па традыцыі ды гісторыі.

Гучыць таксама пытанне пра польскі нацыяналізм. Андэрс адзначае, што нельга называць Польшчу расісцкай краінай толькі таму, што яна не хоча прымаць мігрантаў, якія значна адрозніваюцца ад палякаў сваёй культурай, традыцыяй ды веравызнаннем.

На пытанне, ці Польшча магла б знайсці супольную мову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, Андэрс адказала: «Адносіны з Расіяй заўсёды складаныя. Акрамя таго, нядаўнія міжнародныя падзеі – крызіс у Грузіі, анексія Крыму – павінны паказаць, што праблема глыбокая і складаная». Польскі пасол у Італіі дадае, што ў Еўрапейскім Звязе няма адзінства па дадзеным пытанні. На яе думку, патрэбны дыпламатычны дыялог. «Нельга ставіць кагосьці перад выбарамі – або ты з Амерыкай, або з Расіяй. Неабходна весці перамовы з Масквой, але не забываць пра мінулае. Мой бацька, які добра ведаў Расію, казаў, што расійцам нельга давяраць», – сказала Анна Марыя Андэрс, новы пасол Польшчы ў Італіі, дачка генерала Уладзіслава Андэрса, польскага ваеннага камандзіра і палітыка.

пераклад нг