Беларуская Служба

Лідар Польскай сялянскай партыі паскарае прэзідэнцкую кампанію

05.11.2019 12:15
Польская сялянская партыя вырашыла выкарыстаць хаос, які пасля парламенцкіх выбараў назіраецца ў апазіцыі ў Польшчы.
 -
Уладзіслаў Касіняк-Камыш PAP/Paweł Topolski

Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak -Kamysz) выкарыстоўвае крызіс у „Грамадзянскай кааліцыі” і прадстаўляецца, як кандыдат на пасаду прэзідэнта ад усяе апазіцыі. „У вас няма кандыдата на прэзідэнта? У нас ёсць!”, - пераконваюць палітыкі ад Польскай сялянскай партыі, піша Павел Вроньскі ў выданні Gazeta Wyborcza.

У апошнюю нядзелю Вярхоўная рада Польскай сялянскай партыі вылучыла свайго лідара на кандыдата ў прэзідэнты.

Ідэя Уладзіслава Касіняка-Камыша і ягоных супрацоўнікаў абапіраецца на некалькіх простых прадпасылках. Астатнія апазіцыйныя партыі пакуль не вылучылі сваіх кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, паколькі яны загразнулі ва ўнутраных спрэчках, датычных структуры і кіраўніцтва.

Польская сялянская партыя вырашыла выкарыстаць гэты час на прасоўванне свайго кандыдата, і каб даказаць грамадству, што сялянская арганізацыя – адзіная апазіцыйная партыя, якая мае канцэпцыю і кандыдата на бліжэйшыя выбары.

Польская сялянская партыя будзе прасоўваць свайго кандыдата як адзінага, які ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў здолее адабраць частку галасоў у кандыдата кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” Анджэя Дуды.

Паводле палітыка Марэка Савіцкага (Marek Sawicki), лідар сялянскай партыі - гэта натуральны кандыдат на лідара будучай цэнтра-правай арганізацыі і прапанова для тых выбаршчыкаў найбуйнейшай апазіцыйнай партыі ў Польшчы, „Грамадзянскай платформы”, якія маюць правыя погляды, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.

аз