Беларуская Служба

Польшча заплаціць за амерыканскія сучасныя баявыя самалёты менш, чым планавалася

21.01.2020 15:30
Першыя самалёты Ф-35 могуць прыбыць у Польшчу ў 2025-2026 гг.
Myśliwiec F-35
Myśliwiec F-35Shutterstock

Dziennik Gazeta Prawna піша пра набыццё Польшчай знішчальнікаў Ф-35. На працягу некалькіх бліжэйшых дзён Міністэрства нацыянальнай абароны краіны падпіша дамову на пакупку ваеннай тэхнікі. Неафіцыйна выданню ўдалося даведацца, што кошт усёй дамовы, разам з пакетам лагістыкі і падрыхтоўкі пілотаў, складзе каля 4 млрд. долараў ЗША. Гэта менш, чым прадбачвалася раней.

Калі польскі ўрад звяртаўся з гэтак званай натыфікацыяй (зварот ва ўрад іншай дзяржавы) у Кангрэс ЗША, у дакументах ішла гаворка пра 6,5 млрд. долараў. Як правіла канчатковая цана тэхнікі, якую Штаты прадаюць саюзнікам, значна ніжэйшая. Так сталася, калі Польшча купляла сістэму супрацьпаветранай абароны Патрыёт. Тым не менш, набыццё самалётаў нясе дадатковыя кошты, між іншым падрыхтоўкі інфраструктуры, што будзе каштаваць яшчэ мільярды долараў.

Паводле інфармацыі амерыканскага ВПК, польскія пілоты маглі б пачаць трэнавацца на Ф-35 праз чатыры гады. Першыя самалёты прыбылі б у Польшчу ў 2025-2026 годзе. Гэта будзе самае сучаснае ўзбраенне ў Войску Польскім. Праблема аднак у тым, што іншая тэхніка, якую маe на ўзбраенні польская армія, на столькі састарэлая, што войска не зможа цалкам выкарыстаць усе магчымасці знішчальнікаў.

Ці так станецца, палякі пераканаюцца праз нейкі час. Тым часам, ужо цяпер вядома, што працэдура пакупкі самалётаў зусім непразрыстая. Іншыя дзяржавы, як Бельгія, Швейцарыя ці Фінляндыя, таксама плануюць пакупку падобнай тэхнікі. Але яны не спяшаюцца, іх пілоты нават праводзяць тэставанне розных самалётаў. А палякі, не чакаючы інфармацыі ад канкурэнцыі, вырашылі купіць Ф-35.

нг