Беларуская Служба

10 найбагацейшых польскіх палітыкаў агулам маюць $60 млн

22.02.2020 12:03
Сярод іх прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі, аднак да самага багатага польскага палітыка Маравецкаму далёка.
 -
Прэм'ер - міністар Матэвуш МаравецкіPAP/Radek Pietruszka

Спіс 50 самых багатых польскіх парламентарыяў падрыхтаваў часопіс Wprost.

Аказваецца, што тузы польскай палітыкі, якія на сцэне знаходзяцца ўжо доўгі час, не накапілі вялікага багацця. Напрыклад, кандыдатка на прэзідэнта Малгажата Кідава -Блоньска мае толькі 1,5 млн злотых ($379 тыс). Лідар правячай у краіне партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі мае толькі дом па бацьках у Варшаве, кошт якога таксама ацэнены ў 1,5 млн злотых. Беата Шыдла, раней польскі прэмʼер-міністр цяпер еўрадэпутат, мае яшчэ менш - 700 тыс. злотых ($177 тыс.)

Ва ўрадзе таксама багатых няшмат. Найбольш заможнымі зʼяўляюцца прэмʼер -міністр Маравецкі і міністр фінансаў Тадэвуш Касьціньскі. Маравецкі з маёмасцю ў амаль 13 млн злотых (больш за $3 млн) займае сёмае месца ў спісе Wprost, а міністр Касьціньскі -17 месца – яго маёмасць ацэнена ў 6 млн злотых (больш за $1,5 млн). Маравецкі, найбагацейшы кіраўнік польскага ўраду ў новай Польшчы пасля 1989 г., вялікія грошы зарабіў у банку BZ WBK, якім ён кіраваў у гадах 2005-2017. У Маравецкага тры дамы, кватэра, 5 млн злотых на рахунку (звыш $1,2 млн) і каштоўныя паперы.

А хто на першым месцы ў спісе Wprost – Артур Лонцкі, сябра Грамадзянскай платформы. Кошт яго маёмасці - 45 млн злотых ($12,5 млн). Лонцкі паходзіць з Паморʼя. Пабагацеў на гатэльным бізнесе – прадае апартаменты на ўзбярэжжы польскага мора. Лонцкі- аматар хуткіх аўтамабіляў і дарагіх наручных гадзіннікаў.

Часопіс Wprost падрыхтаваў спіс на аснове маёмасных заяваў, якія парламентарыі ў Польшчы абавязаны запаўняць штогод да канца сакавіка. Заявы змешчаныя на сайце Сейму і кожны мае магчымасць пазнаёміцца з імі ў любы час.

яс