Беларуская Служба

НАТА заклікае Расію вывесці войскі з мяжы з Украінай

13.04.2021 16:39
Канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай самая вялікая з 2015 года.
Аўдыё
  • НАТА заклікае Расію вывесці войскі з мяжы з Украінай
     ()            -   ,
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг (справа) і міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ўдзельнічаюць у медыяканферэнцыі ў штаб-кватэры НАТА ў Брусэлі, Бельгія PAP/EPA/Francisco Seco / POOL

Ацэньваецца, што Расія засяродзіла больш за 40 тысяч жаўнераў каля ўсходняй мяжы Украіны і больш за 40 тысяч вайскоўцаў на Крыме. Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг заявіў, што павелічэнне колькасці расійскіх вайскоўцаў было неапраўданым і невытлумачальным.

-У апошнія тыдні Расія размясціла тысячы баяздольных вайскоўцаў у ваколіцах украінскай мяжы. Гэта самая вялікая канцэнтрацыя расійскіх сіл пасля незаконнай анексіі Крыма ў 2014 годзе. Расія павінна спыніць правакацыі і неадкладна знізіць напружанасць.

Пра гэта кіраўнік альянсу гаварыў пасля сустрэчы з кіраўніком украінскай дыпламатыі і перад скліканай па патрабаванні ўлад у Кіеве камісіяй НАТА-Украіна.

Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба заклікаў да ваеннай падтрымкі і санкцый супраць Расіі за парушэнне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Паводле яго, кошт прадухілення вайны будзе ніжэйшы, чым кошт яе наступстваў.

Гаворачы аб канкрэтных чаканнях адносна альянсу, украінскі міністр падкрэсліў, што «ў стратэгічным сэнсе Расія павінна разумець, што Украіна належыць да свету дэмакратыі, да заходняга свету і што захад не дазволіць разбурыць украінскую дэмакратыю і суверэнітэт».

- Гэта простае паведамленне, якое нашы сябры і партнёры могуць адправіць у Расію. Украіна не з'яўляецца часткай расійскага свету і ніколі не будзе, – сказаў Кулеба. - На аператыўным узроўні нам патрэбныя меры для стрымлівання Расіі і спынення яе агрэсіўных намераў. Гэта могуць быць дадатковыя санкцыі. Гэта можа быць і прамая падтрымка, накіраваная на ўмацаванне абароназдольнасці Украіны, паколькі мы ведаем, што Расія прыкладае ўсе намаганні, каб прадухіліць супрацу трэціх краін з Украінай.

Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Кулеба ў Бруселі прыняў удзел у камісіі НАТА-Украіна, скліканай па просьбе Кіева ў сувязі з расійскай канцэнтрацыяй войскаў. Ён падкрэсліў, што Захад робіць высновы з 2014 года, калі Расія наступала на Украіну, а Захад тады разважаў, як рэагаваць.

-Расія больш нікога не зможа здзівіць. Украіна і нашы сябры застаюцца пільнымі. Мы не губляем часу. Калі Расія зробіць смелы крок альбо распачне новую спіраль гвалту, яна заплаціць высокую цану ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Міністр замежных спраў Украіны таксама заявіў, што Кіеў не хоча вайны, але шукае палітычнага вырашэння канфлікту.

У сваю чаргу Расія папярэджвае ЗША, што ёй трэба «трымацца далей» ад Крыма і ўзбярэжжа Чорнага мора Расіі, заявіў у аўторак намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў. Ён палічыў прысутнасць амерыканскіх караблёў у Чорным моры «правакацыйнымі дзеяннямі».

«Амерыканскія ваенныя караблі не маюць нічога агульнага з нашымі ўзбярэжжамі», – сказаў Рабкоў. Ён абвінаваціў ЗША ў тым, што яны дзейнічаюць «літаральна правакацыйна» і «гуляюць на нервах Расіі».

Рабкоў таксама заявіў, што «калі пагоршыцца сітуацыя ва Украіне, Расія зробіць» усё, каб забяспечыць уласную бяспеку і бяспеку грамадзян, дзе б яны ні знаходзіліся. Адказнасць за наступствы будзе «на Кіеве і яго заходніх куратарах», абвясціў ён.

Ён абвінаваціў ЗША і краіны НАТА ў ператварэнні Украіны ў парахавую бочку. Менавіта так ён апісаў узмацненне заходняй ваеннай і вучэбнай дапамогі для Украіны. Гэтая дапамога, адзначыў Рабкоў, стварае выклік бяспецы Расіі. Паводле яго слоў, заходнія краіны «дэмагагічна абмяркоўваюць абарону незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а ЗША робяць правакацыйныя дзеянні ў непасрэднай блізкасці» ад межаў Расіі.

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павал Яблоньскі адзначае, што падпарадкаванне Украіны Расіяй – аналагічна Беларусі – будзе велізарнай пагрозай для Польшчы, Еўрасаюза і НАТА.

-Мы сёння стаім перад вельмі сур’ёзнай пагрозай для бяспекі Украіны, для яе незалежнасці. А гэта ў шырокай перспектыве адбіваецца на бяспецы і незалежнасці Польшчы.

Ён падкрэсліў, што стратэгічны інтарэс усёй Еўропы заключаецца ў недапушчэнні такой сітуацыі.

Канцэнтрацыя расійскіх войскаў на мяжы з Украінай самая вялікая з 2015 года, адзначае Conflict Intelligence Team. Аналітыкі заяўляюць, што гэтыя сілы накіраваны ў анексаваны Крым і Варонежскую вобласць, гэта значыць у рэгіён, прылеглы да Украіны. Аднак, CIT не бачыць відавочных прыкмет таго, што яны відавочна рыхтуецца да ўваходу. Аналітыкі лічаць, што мэта перакідвання сіл праз мяжу – «праверыць вытрымку» адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

ав


Украіна прапануе Польшчу на месца сустрэч трохбаковай групы па Данбасе

07.04.2021 08:31
Леанід Краўчук: Сустрэчы групы больш не павінны адбывацца ў Мінску, паколькі Беларусь – недэмакратычная краіна «пад пяткай Расіі».

Палітолаг Ежы Таргальскі: Расія пры Пуціне будзе гніць, як Савецкі Саюз гніў пры Брэжневе

07.04.2021 15:00
Польскі Палітолаг Ежы Таргальскі сцвярджае, што мы маем справу з расколам у блоку НАТА ў дачыненні да ваеннага канфлікту ва Украіне.

Польшча занепакоеная колькасцю расійскіх войскаў каля ўкраінскіх межаў

11.04.2021 14:04
Варшава мае намер эфектыўна выкарыстоўваць старшынства ў АБСЕ для спроб дээскалацыі сітуацыі на ўсходзе Украіны.