«Мы падрыхтаваныя да любых абставінаў. Пры неабходнасці можам павялічыць колькасць нашых памежных сілаў», – супакойвае ў інтэрв'ю парталу wPolityce.pl намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Вонсік.
Палітык запэўнівае, што ўсходняя мяжа Польшчы лічыцца найлепш ахоўванай мяжой Еўрапейскага Саюза, а польская Памежная служба – гэта прафесіяналы.
«За апошнія тыдні колькасць незаконных спробаў уезду на тэрыторыю Польшчы значна павялічылася. Можна сказаць, што мы дасягнулі аналагічнага ўзроўню, як Літва, хоць гэта значна меншая краіна. Мы выкарыстоўваем усе даступныя сродкі, як чалавечыя рэсурсы, так і перадавыя тэхналогіі маніторынгу. Тыя, каму ўдаецца незаконна перасекчы мяжу, затрымліваюцца і ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам змяшчаюцца ў адпаведныя цэнтры, дзе ім аказваецца ўся неабходная дапамога, калі гэта неабходна», – сказаў віцэ-кіраўнік польскага МУС. Ён дадаў, што бяспека палякаў – гэта прыярытэт. Таму кожны чалавек, які перасякае мяжу, таксама падвяргаецца дбайнаму аналізу з пункту гледжання магчымых пагроз для польскіх грамадзян.
Палітык лічыць, што апошнюю сітуацыю на польска-беларускай мяжы цяжка ўспрымаць інакш, як задуманыя дзеянні беларускіх службаў.
«Мы бачым (маем на гэта доказы), як арганізаваныя групы, у тым ліку людзей у форме, дастаўляюць мігрантаў на мяжу і паказваюць месцы, дзе яны могуць дабрацца да Шэнгенскай зоны.(…) Пераважная большасць (мігрантаў – рэд.) гэта маладыя, добра апранутыя людзі, якія не пераследуюцца ў сваіх краінах. Калі з’яўляюцца дзеці, жанчыны ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, мы прапануем ім разнастайную дапамогу. Мы дзейнічаем вельмі паслядоўна ў гэтым пытанні», – сказаў Вонсік, ён нагадаў, што як міжнародныя, так і нацыянальныя правілы, дазваляюць перасякаць мяжу толькі ў вызначаных месцах.
«Мы ніколі не пагодзімся на парушэнне законаў і незаконную міграцыю праз польскія межы», – дадаў віцэ-міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Мацей Вонсік у інтэрвʼю парталу wPolityce.pl.
аз