Беларуская Служба

Польшча пачынае дыпламатычны наступ перад самітам НАТА

15.02.2023 13:01
Мэтай польскіх дыпламатычных намаганняў з’яўляецца не толькі дапамога Украіне, але таксама ўзмацненне ўсходняга флангу альянсу.
Аўдыё
  • Польшча пачынае дыпламатычны наступ перад самітам НАТА
Прэзідэнт Польшчы Анджэй ДудаPAP/Leszek Szymański

Прэзідэнт Польшчы распачаў шырокія міжнародныя кансультацыі напярэдадні запланаванага на ліпень у Вільні саміту Паўночнаатлантычнага альянсу. Анджэй Дуда плануе размаўляць з сусветнымі лідарамі не толькі пра далейшую ваенную падтрымку Украіны, але таксама пра ўзмацненне бяспекі ў Еўропе, у тым ліку шляхам умацавання ўсходняга флангу НАТА. Бліжэйшыя тыдні для польскай дыпламатыі выглядаюць вельмі інтэнсіўна. «Гэта будзе час сустрэч, звязаных з узмацненнем бяспекі Польшчы», – сказаў Анджэй Дуда.

Кіраўнік Бюро па міжнароднай палітыцы ў Канцылярыі прэзідэнта Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz) заявіў у эфіры TVP Info, што надыходзячая гадавіна расійскай агрэсіі супраць Украіны нагадвае нам пра важнасць палітыкі бяспекі ў Еўропе і падтрымлівання альянсаў:

- Прэзідэнт накіруецца ў некалькі месцаў, каб размаўляць з ключавымі лідарамі Заходняга свету. Размовы не будуць тычыцца выключна Украіны. Другая важная тэма – гэта ўзмацненне ўсходняга флангу НАТА. Польшча робіць у гэтай сферы сапраўды шмат, у тым ліку выдзяляе значныя сродкі на ўзбраенне. Аднак усходні фланг, які зараз падвяргаецца розным дэстабілізацыйным пагрозам з усходняга напрамку – гэта не толькі нашая праблема. Гэта абавязак усяе еўраатлантычнай супольнасці.

«Мы хочам узмацніць бяспеку Польшчы і каб саміт НАТА прывёў да добрых рашэнняў для ўсходняга флангу альянсу, у тым ліку ў сферы ўмацавання інфраструктуры», – падкрэсліў лідар Польшчы.
У аўторак Анджэй Дуда ўжо размаўляў у фармаце відэаканферэнцыі з прэзідэнтам Славакіі Зузанай Чапутавай і з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам:

- Сёлета працу Бухарэсцкай дзявяткі ачольвае Славакія то бок таксама прэзідэнт Зузана Чапутава, у сваю гаспадаром саміту НАТА ў Вільні з’яўляецца прэзідэнт Гітанас Наўседа. Таму з імі, я абмяркоўваю найважнейшыя арганізацыйныя і тэхнічныя справы.

Да запланаванага на будучы тыдзень візіту прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Польшчы Анджэй Дуда сустрэнецца, між іншым, з прэм’ерам Вялікабрытаніі, прэзідэнтам Францыі, канцлерам Германіі і Генеральным сакратаром НАТА.

З Енсам Столтэнбергам Анджэй Дуда плануе размаўляць пра вайну ва Украіне, а таксама пра ўмацаванне бяспекі шляхам актывізацыі дзейнасці альянсу:

- У чацвер у сядзібе НАТА ў Бруселі адбудзецца сустрэча з Генсакратаром Енсам Столтэнбергам. Мы будзем размаўляць, як пра сустрэчу Бухарэсцкай дзявяткі, а таксама пра магчымыя рашэнні саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні.

Пасля візіту ў Бруселі Анджэй Дуда накіруецца ў Лондан, дзе сустрэнецца з каралём Карлам ІІІ і прэм’ерам Рышай Сунакам:

- Там гаворка пойдзе пра справы, датычныя альянсу, у тым ліку, пытанне ваеннай падтрымкі Украіны, падрыхтоўкі да саміту НАТА. Хутчэй за ўсё мы падвядзем дзеянні, якія адбыліся да гэтай пары. Пагаворым пра будучыню. Затым я накіруюся ў Мюнхен на сустрэчу Веймарскага трохкутніка.

Падчас штогадовай Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Анджэй Дуда сустрэнецца з канцлерам Германіі Олафам Шольцам і прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, а таксама з новаабраным прэзідэнтам Чэхіі Петрам Павелам і прэм'ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сцёрэ.

Усе згаданыя кансультацыі пройдуць напярэдадні візіту прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, які прыбудзе ў Варшаву на будучым тыдні. Падчас сустрэчы з амерыканскім лідарам прэзідэнт Анджэй Дуда плануе размаўляць аб бяспецы ў рэгіёне і падтрымцы Украіны:

- Абмяркоўваць будзем пытанні бяспекі ў нашай частцы Еўропы, падтрымкі Украіны і абароны ад расійскага імперыялізму. Будзем задумоўвацца, як з аднаго боку будаваць нашую ўстойлівасць, а з другога – будаваць сістэму стрымлівання. Усё гэта будзем абмяркоўваць.

Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак (Mariusz Błaszczak) лічыць, што планаваны візіт прэзідэнта Джо Байдэна – таксама доказ польскай эфектыўнасці ў імкненні да ўмацавання бяспекі ў Еўропе:

- Па запрашэнні прэзідэнта на будучым тыдні з візітам у Польшчу прыбудзе лідар ЗША Джо Байдэн. Гэта таксама доказ паспяховасці нашых намаганняў за ўзмацненне бяспекі ў Польшчы і на ўсім усходнім флангу НАТА. Запэўніваю, што мы будзем надалей умацоўваць патэнцыял Войска Польскага і падтрымліваць Украіну.

Джо Байдэн будзе знаходзіцца ў Польшчы з 20 па 22 лютага. У гэты час – з ягоным удзелам – у Варшаве адбудзецца саміт Бухарэсцкай дзявяткі, то бок краін-членаў НАТА гэтай часткі Еўропы.
Нагадваем, саміт Бухарэсцкай дзявяткі адбудзецца ў Варшаве 20-22 лютага, а чарговы саміт НАТА – 11-12 ліпеня ў Вільні.

IAR/аз

NATO: Пуцін рыхтуецца да вайны

14.02.2023 11:15
Мы павінны гарантаваць, што Украіна атрымае зброю, неабходную для перамогі ў вайне, заявіў шэф Альянсу Енс Столтэнберг.

У Бруселі прайшла дзявятая сустрэча партнёраў Украіны ў фармаце Rammstein.

14.02.2023 15:34
ЗША, Германія і Нідэрланды заявілі аб супрацы па забеспячэнні паставак сістэм СПА «Patriot» Украіне. Францыя і Італія ўзгаднілі пастаўкі сістэмы СПА SAMP/T.

Прэзідэнт Латвіі: «Ніхто з нас не хоча жыць у свеце, дзе агрэсіўная вайна з'яўляецца нормай»

14.02.2023 18:11
Эгілс Левітс заклікаў Еўропу знайсці палітычную волю, каб судзіць Расію і даць Украіне будучыню ў Еўропе.