Беларуская Служба

Пуцін бярэ прыклад са Сталіна

06.03.2023 15:35
5 сакавіка ў Расіі адзначаюць 70-ю гадавіну з дня смерці Іосіфа Сталіна.
Аўдыё
-
Путин-Сталинfoto:foto::wikipedia/Kremlin.ru/CC BY 4.0/wikipedia/public domain (коллаж Назара Олийныка)

Для адных гэта тыран і агрэсар, для іншых – мадэрнізатар Расіі ды пераможца нацызму. За апошнія гады ў Расіі адбываецца паскораная рэсталінізацыя палітычнага ды грамадскага жыцця. Прычыны гэтага эксперт бачыць у ментальнай парадыгме расійскага грамадства.

Сталін запомніўся савецкім грамадзянам у першую чаргу індустрыялізацыяй краіны ды перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. Значна менш пра яго згадвалі, як аўтара Вялікага тэрору, то бок мільённых рэпрэсій палітычных апанентаў, разбуральнай калектывізацыі ды масавага голаду. На пачатку 1990 часцей казалася менавіта пра негатыўныя аспекты сталінскага кіравання. Аднак, разам з прыходам Пуціна да ўлады, Сталін стаў прадстаўляцца ў Расіі, як «эфектыўны менеджар», які збудаваў прамысловасць краіны. У апошнія гады пачалася больш актыўнае ўсхваленне Сталіна, яго постаць меліся змясціць на фрэску ў храме Мінабароны, не пускалі ў пракат фільм пра яго смерць, у лютым бягучага года перайменавалі Валгаград у Сталінград і ўсталявалі новы помнік «правадыру». У Расіі паскарэнне рэсталіназацыі звязваюць з агрэсіяй супраць Украіны. Ці сапраўды толькі вайна «вінаватая» у вяртанні Сталіна? Пра гэта размова з палітолагам Паўлам Усавым.

- Пасля смерці Сталіна савецкая сістэма не памерла. Таталітарная сістэма дамінавання над асобай, знішчэння асобы, прапаганда панавала далейшыя 50 год пасля яго смерці. Увесь той дух таталітарнага рэжыму нікуды не дзеўся. У межах той сістэмы вырасла не адно пакаленне. Сённяшнія кіраўнікі Расіі выхаваліся менавіта ў той сістэме, яны маюць тое ж бачанне свету. Тая ментальная парадыгма хавалася ў культурных кодах расійскай свядомасці і вельмі хутка вярнулася ў рэчаіснасць. Яе не імпартавалі з-за мяжы, гэта тое, што заўсёды існавала ўнутры глыбіннага народа. Гэта прага да моцнай дзяржавы, каб Расію баяліся ды вера ў моцнага лідара.

Якая розніца паміжа Сталіным ды Пуціным?

- Культ моцнага лідара, які існаваў у савецкія часы, адрозніваецца ад цяперашняга усхвалення Пуціна. Савецкія правадыры, той жа Сталін характарызаваліся сціпласцю ў прывілеях. Яны не ўзбагачаліся коштам абкрадання народу. Гэта пачало мяняцца за часоў Брэжнева, але вонкавая сціпласць захоўвалася. Калі паглядзець на цяперашнюю кіроўную эліту – гэта алігархі, заможныя людзі, якія жывуць коштам эксплуатацыі расійскага грамадства. Яны характарызуюцца нясціпласцю, прагай да раскошы. Яны бачаць сябе ў якасці новага дваранства, якое коштам утрымання Пуціна ля ўлады забяспечвае свой гіпербалізаваны дабрабыт, калі людзям патрэбны грошы дзеля грошай.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Слухайце поўную размову ў аўдыёфайле

Больш на гэтую тэму: На руінах імперыі