Беларуская Служба

З 16 шпіёнаў, завербаваных ГРУ дзеля дыверсій на польскай чыгунцы, 12 – грамадзяне Украіны

28.08.2023 11:02
Мэтай была затрымка транзіту зброі праз Польшчу.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/652234

З 16 чальцоў найбуйнейшай у гісторыі расійскай сеткі шпіёнаў, распрацаваных Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы і Люблінскай пракуратурай, аж 12 – гэта грамадзяне Украіны. Частка з іх, па інфармацыі выдання Rzeczpospolita, мае статус ваенных бежанцаў. Самаму малодшаму завербаванаму 16 гадоў. У групе ёсць таксама студэнты з Беларусі і адзін расіянін – малады хакеіст. Усе аматары.

Маштаб шпіёнскай сеткі паказвае, што Польшча сутыкнулася з вялікай праблемай. Расійскія спецслужбы вербавалі дылетантаў, у тым ліку ўкраінцаў, для правядзення дыверсіяў у Польшчы, якія ўдалося прадухіліць.
Шпіёнаў завербавала расійская ваенная выведка ГРУ. У Падкарпацці, куды ходзяць цягнікі з дапамогай для Украіны, яны ўсталявалі камеры на чыгуначных шляхах і рыхтавалі дыверсіі.

У сакавіку былі затрыманыя першыя дзевяць удзельнікаў сеткі, а потым наступныя – агулам 16 чалавек. Сенсацыйную інфармацыю аб тым, што ядро групоўкі складалі ўкраінцы, паведаміла газета The Washington Post. Сярод атрыманых імі заказаў былі, між іншым, сход з рэек цягнікоў са зброяй для Украіну, падпалы і нават забойствы.

Сетку ўдалося распрацаваць, калі мінак заўважыў аб'ектыў камеры на дрэвах уздоўж важнага ўчастка каля моста, дзе цягнікі павінны запавольвацца. Дзякуючы дадзеным з камеры і мабільных апаратаў, польскія следчыя ўстанавілі першага ўдзельніка сеткі, які ўказаў на іншых і «апекуна».

«Мэтай Расіі была затрымка транзіту зброі праз Польшчу, на долю якой прыпадае перавоз звыш 80% ваеннай тэхнікі, якая пастаўляецца ва Украіну», – ацэньвае газета, дадаючы, што гэта магло б змяніць ход вайны.
Польскія службы старанна ахоўвалі інфармацыю, што 3/4 сеткі складалі ўкраінцы, каб не выклікаць антыўкраінскіх настрояў. «Сярод людзей, якія ўцяувлі ад вайны, былі прадстаўнікі расійскіх службаў. Расія не ўпусціла б такой магчымасці. І гэта не адзіная шпіёнская сетка, я мяркую, што іх некалькі», – адзначыў генерал Вальдэмар Скшыпчак.

На Польскай чыгунцы апошнімі днямі здарыліся выпадкі несанкцыянаванага выкарыстання радыёсігналу прыпынку, якія парушылі рух цягнікоў.

Значная частка ўкраінскіх бежанцаў паходзіць з усходняй Украіны. Сярод іх ёсць шпіёны, завербаваныя ГРУ. «Гэта сведчыць аб тым, што асновай гэтай супрацы былі не толькі грошы, але і паходжанне, настроі», – лічыць генерал Скшыпчак. Напрыклад, бацька адзінага ў сетцы расіяніна (хакеіста) працуе ў канструктарскім бюро Тупалева.

«Неабходна звяртаць увагу на людзей, якія празмерна цікавяцца транспартам, які ідзе на ўсход, вайсковымі часткамі ці энергетычнай інфраструктурай – гэтыя аб’екты даследуюцца цікавяць расійскія службы», – адзначае намеснік міністра-каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.

нг