У выніку парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка, у Сейм не былі пераабраныя ажно 144 дэпутаты Сейма IX склікання. Большасць з іх – гэта дэпутаты ад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», паведамляе Rzeczpospolita. Паводле падлікаў Канцылярыі Сейма, кожны трэці дэпутат не будзе засядаць у складзе Сейма новага склікання.
Першае паседжанне Сейма X-га склікання адбудзецца 13 лістапада. Умовай распачацця выканання паўнамоцтваў дэпутата з'яўляецца прынясенне прысягі на першым пасяджэнні палаты. Акрамя таго, дэпутаты, якія займаюць пасады або функцыі, несумяшчальныя з дэпутацкімі паўнамоцтвамі, абавязаны падаць заяву аб сыходзе з іх. У іншым выпадку яны страцяць дэпутацкі мандат.
Паводле Інфармацыйнага цэнтра Сейма, у Сейме X-га склікання, упершыню дэпутацкія паўнамоцтвы пачнуць выконваць 117 дэпутатаў. Гэта без уліку дэпутатаў, якія вярнуліся ў Сейм пасля некалькі гадовай адсутнасці.
Між тым, дэпутаты, якім не ўдалося паўторна атрымаць дэпутацкага мандата, маюць права на выхадную дапамогу, памер якой роўны суме трох дэпутацкіх зарплатаў. Зараз згаданая зарплата складае амаль 13 тысяч злотых (12 826,64 злотых ) з улікам падаткаў і збораў у месяц. Такім чынам, выхадная дапамога для ўсіх дэпутатаў, якія пакідаюць Сейм, складзе агулам амаль 2 мільёны злотых (больш за 450 тысяч еўра).
Дэпутаты, якія заканчваюць сваю працу ў Сейме, таксама змогуць набыць электроннае абсталяванне, у асноўным ноўтбукі, якімі яны карысталіся падчас парламенцкай працы.
аз