Беларуская Служба

Новаабраны дэпутат Сейма Міхал Кабоска: Зменаў у адносінах з афіцыйным Мінскам, на якія разлічвае Лукашэнка, не будзе

14.11.2023 15:35
Рэжым Лукашэнкі змяняе рыторыку ў дачыненні да Польшчы. Ці паўплывае гэта на адносіны новага ўраду ў Варшаве да Беларусі?
Аўдыё
  • Рэжым Лукашэнкі змяняе рыторыку ў дачыненні да Польшчы. Ці паўплывае гэта на адносіны новага ўраду ў Варшаве да Беларусі? Адказвае намеснік кіраўніка партыі «Польшча 2050» Міха Кабоска
  ()
Сейм Польшчы (ілюстрацыя)Фота: PAP/Radek Pietruszka

У трэцюю гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі памагатымі рэжыма Лукашэнкі Міністэрства замежных спраў Польшчы выказала падтрымку беларусам, якія падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці.

У прэс-рэлізе польскае знешнепалітычнае ведамства паведаміла, што забойства маладога ні ў чым невінаватага чалавека і бяскарнасць яго катаў з’яўляецца сімвалам стаўлення ўладаў у Мінску да ўласнага народу і памкненняў беларусаў да жыцця ў свабоднай краіне. МЗС Польшчы таксама запэўніла ў падтрымцы беларусаў у іх імкненнях да свабоды і дэмакратыі.

Тым часам у Польшчы пасля парламенцкіх выбараў і пачатку працы Сейма новага склікання пачаўся працэс перафарматавання ўраду. З былых апазіцыйных партыі паўстала будучая ўрадавая кааліцыя, якая і будзе вызначаць знешнюю палітыку дзяржавы.

Жалобную акцыю памяці па Раману Бандарэнку, якая надоечы адбылася ў Варшаве, апроч прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, наведаў Міхал Кабоска – намеснік кіраўніка партыі «Польшча 2050», якая, сярод іншых, фармуе новы ўрад Польшчы.

Беларуская служба Польскага радыё пацікавілася Міхала Кабоска, як будзе выглядаць палітыка будучага ўрада Польшчы ў адносінах да беларусаў і Беларусі:

– Я не магу ўявіць, што палітыка польскага ўраду ў дачыненні да цяперашніх уладаў у Мінску істотна зменіцца. Таму што за ўсходняй мяжой Польшчы, ва Украіне, ідзе вайна, развязаная Расійскай Федэрацыяй. Рэжым Лукашэнкі з'яўляецца саюзнікам Пуціна, які ў сваю чаргу зʼяўляецца агрэсарам у нашай частцы Еўропы. Пакуль не скончыцца вайна ва Украіне, цяжка ўявіць сабе размову з такім узурпатарам, як Лукашэнка. Ён не прэзідэнт Беларусі.

Думаю, палітыка польскага ўраду ў гэтым плане будзе паслядоўнай. Істотных зменаў, на якія вельмі разлічвае рэжым Лукашэнкі, тут не адбудзецца. Бо ідзе вайна, а гэта парушэнне прынцыпаў свабоды, гэта агрэсія супраць украінскага народу. А ў Беларусі адбываецца парушэнне асноўных прынцыпаў дэмакратычнага жыцця.

Польскі ўрад, новы ўрад, які называе сябе дэмакратычным, будзе паводзіць сябе адказна, сур’ёзна і, вядома, не змяніць асноўны падыход. Мы выказваем свой рашучы пратэст супраць парушэння прынцыпаў дэмакратыі, супраць катаванняў, збіцця і зняволення палітычных апанентаў, а таксама ваеннай агрэсіі і намаганняў рэжыму ў Маскве раздушыць краіны, якія Крэмль лічыць сферай свайго ўплыву.

11 лістапада Аляксандр Лукашэнка павіншаваў польскі народ з нагоды Дня незалежнасці, сярод іншага, ён заявіў што «працягвае руку дружалюбнаму польскаму народу». Ці спрацуе змена рыторыкі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Польшчы? А калі, напрыклад, Лукашэнка вызваліць актывіста польскай нацыянальнай меншасці, беларускага журналіста Анджэя Пачобута? Ці знойдзе гэта водгук у будучым урадзе Польшчы?

– Аляксандр Лукашэнка – гэта не прэзідэнт Беларусі, гэта ўзурпатар, які здзейсніў гіганцкую па маштабах выбарчую фальсіфікацыю ў 2020 годзе, і яго цяжка лічыць прадстаўніком беларускай нацыі. Мы будзем рады размаўляць з усімі, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.

Што да ягоных заяваў, то гэта адзін з самых безадказных палітыкаў, якія цяпер дзейнічае ў Еўропе. Як ён адважваецца віншаваць нас з Днём незалежнасці!? Калі літаральна некалькі дзён таму неаднаразова пагражаў нападам на Варшаву, пагражаў ваеннымі дзеяннямі, пагражаў абʼявіць нам вайну. Ён дыктатар, які, на жаль, усё яшчэ мае ў руках велізарную ўладу, але гэты час скончыцца.

Падчас свайго выступу на жалобнай акцыі па Раману Бандарэнку вы казалі, што «браты-беларусы будуць вольнымі», але адкуль у вас такая ўпэўненаць? Ужо трэці год з забойства Рамана Бандарэнкі, але ў Беларусі робіцца ўсё горш і горш ва ўсіх адносінах.

– Ніхто не вечны. Дыктатары ў розных частках свету вераць, што яны вечныя, а іх улада будзе заўсёды... Такога ніколі не было, яны рана ці позна сыходзяць у нябыт. Было б добра, каб усе, хто парушае элементарныя правы чалавека, хто лічыць народ і дзяржаву сваёй прыватнай уласнасцю, як мага хутчэй адышлі ў вечнасць.

Дыктатура ў ХХІ стагоддзі не можа быць асновай функцыянавання такой важнай краіны ў Еўропе, як Беларусь. Так, тры гады – гэта вельмі шмат. Доўгі час для нас, але перш за ўсё для беларусаў, якія так цяжка змагаюцца за сваю свабоду. Мы не можам спыніць гэтую барацьбу і не спынім падтрымліваць беларускі народ, таму што мы верым у бяспечную будучыню Цэнтральнай і Усходняй Еўропа, свабоднай Польшчы, свабоднай Украіны ды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

Эдуард Жолуд


МЗС Польшчы выказала падтрымку беларусам у трэцюю гадавіну смерці Рамана Бандарэнкі

12.11.2023 14:02
Забойства маладога ні ў чым невінаватага чалавека і бяскарнасць яго катаў з’яўляецца сімвалам адносін улад у Мінску да ўласнага народу і памкненняў беларусаў да жыцця ў свабоднай краіне - МЗС РП.

У Варшаве ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі

13.11.2023 11:41
Раман Бандарэнка стаў беларускім сімвалам грамадзянскай мужнасці і адвагі. Апошнім яго допісам у сацыяльных сетках сталі словы: «Я выходжу».

«Іх ахвяра не будзе дарэмнай» – былы пасол Польшчы згадаў трэцюю гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі

12.11.2023 19:31

«Наша зброя – слова». Рыхтуецца кніга сведчанняў беларусаў пра 2020 год і іх далейшыя лёсы

13.11.2023 12:52
Крысціна і Дзіяна Балыка перакананыя, што калі гісторыі не будуць вербалізаваныя, а будуць толькі нашэптаны на кухні, то раніцай яны знікнуць.