Беларуская Служба

Венгрыя вядзе палітычную кампанію супраць дыскусіі аб уступленні Украіны ў ЕС

06.12.2023 15:10
За тыдзень да саміту Еўрасаюза ў Бруселі, дзе будзе абмяркоўвацца пытанне аб уступленні Украіны ў ЕС, прэм'ер-міністр Венгрыі распачаў палітычную кампанію супраць гэтага. А на фоне ідзе дыскусія пра тое, што Украіна не дасягнула пастаўленых мэтаў на фронце, расійскія медыя пішуць пра перамовы, магчыма, у Венгрыі.
Ambasador USA: Węgry popierają Rosję i ignorują interesy NATO
Ambasador USA: Węgry popierają Rosję i ignorują interesy NATOI T S/Shutterstock

Саміт Еўрасаюза пройдзе ў Бруселі 14-15 снежня. Прэмʼер-міністр Венгрыі патрабуе зняць з парадку дня Еўрасаміта пытанне аб уступленні Украіны ў ЕС. Украіна падала заяўку на сяброўства ў ЕС у лютым 2022 года. У чэрвені мінулага года Еўрапейскі савет надаў Украіне статус краіны-кандыдата.

Улічваючы цяперашні стан палітычнай і тэхнічнай падрыхтоўкі Украіны, чаканні таго, што рашэнне аб пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС можа быць прынята на пасяджэнні Еўрапейскага саміту, неапраўданыя – напісаў прэмʼер-міністр Венгрыі Віктар Орбана да старшыні Еўрапейскай рады Шарля Мішэля ў лісце. Венгерскі прэмʼер запатрабаваў ад прэзідэнта Еўрапейскай рады не ўключаць пачатак перамоваў аб сяброўстве з Украінай у парадак дня саміту ЕС на наступным тыдні.

Кіраўнік венгерскага ўрада напісаў, што неапраўдана чакаць, што на саміце будзе прынята рашэнне пачаць перамовы з Украінай у адпаведнасці з рэкамендацыяй Еўракамісіі. На думку Віктара Орбана, найперш неабходная глыбокая стратэгічная дыскусія аб будучай палітыцы ЕС у дачыненні да Украіны. «Відавочна, што ў прапановах Камісіі няма адзінства», – напісаў кіраўнік венгерскага ўрада. Ён дадаў, што калі гэтая тэма зʼявіцца ў парадку дня, гэта непазбежна прывядзе да правалу саміту.

«Еўрапейская рада павінна пазбегнуць гэтага ў імя адзінства, якое заўсёды было нашым здабыткам», – напісаў прэмʼер-міністр Венгрыі, які акурат неаднаразова ішоў насуперак гэтаму адзінству, пагражаючы накласці вета альбо на дапамогу Украіне, альбо на санкцыі супраць Расіі, зацягваючы дыскусіі месяцамі.

Віктар Орбан таксама напісаў, што краіны-сябры далёкія ад дасягнення кансэнсусу па пераглядзе бюджэту ЕС. Прэмʼер-міністр Венгрыі назваў прапанову Еўракамісіі аб перадачы Украіне 50 млрд еўра неапраўданай, незбалансаванай і нерэалістычнай.

Гэта ўжо другі ліст Віктара Орбана за апошнія дні да старшыні Еўрапейскай рады на гэты конт. На мінулым тыдні Шарль Мішэль быў у Будапешце на перамовах з кіраўніком венгерскага ўрада, але прарыву тады не было абвешчана. Многія дыпламаты і чыноўнікі ЕС у Бруселі мяркуюць, што гэтыя лісты і публічныя заявы зʼяўляюцца чарговым блефам Віктара Орбана, і ён не будзе блакаваць ніякае рашэнне на саміце, калі Камісія разблакуе частку сродкаў ЕС для Венгрыі.

На думку Віктара Орбана, замест неадкладнага ўступлення трэба было б спачатку заключыць з Кіевам пагадненне аб стратэгічным партнёрстве на 5-10 гадоў.

Больш за тое, кіруючая партыя Венгрыі «Фідэс», падала ў парламент праект рэзалюцыі супраць таго, каб Еўрапейскі саюз пачаў перамовы аб уступленні Украіны. Кіраўнік парламенцкай групы партыі Матэ Кочыш мяркуе, што Кіеў не павінен абганяць у працэсе ўступлення балканскія краіны, якія чакаюць уступлення ў ЕС.

«Мы супраць таго, каб Украіна пачала перамовы аб уступленні ў ЕС, і ўнеслі рэзалюцыю па гэтым пытанні ў парламент», – напісаў Кочыш у Facebook. «Еўракамісія не можа прымяняць двайныя стандарты. Краіны-кандыдаты заўсёды павінны былі адпавядаць усім крытэрыям. Нельга рабіць выключэння з-за цяперашняй палітыкі і ідэалогіі», – дадаў ён.

Вугоршчына выступае не толькі супраць пачатку перамоваў аб уступленні Украіны, але і супраць зменаў у бюджэце Еўрасаюза з мэтай прадастаўлення далейшай фінансавай дапамогі краіне, якая змагаецца з расійскай ваеннай агрэсіяй.

Украіна стане прадметам перамоваў прэмʼер-міністра Венгрыі Віктара Орбана і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона. Сайт Politico паведаміў, што Макрон мае намер пераканаць Орбана ў Парыжы змяніць сваю пазіцыю падтрымаць уступленне Украіны ў ЕС. Адзін з парыжскіх чыноўнікаў, якога цытуе Politico, сцвярджае, што пазіцыя Орбана ў гэтым пытанні накіравана на тое, каб атрымаць ад ЕС больш грошай. «Гэта тактыка, таму ёсць пэўны аптымізм, што мы можам дасягнуць пагаднення», – сказаў французскі чыноўнік.

Міністр замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі вель Сэнк перасцерагае кіраўніка венгерскай дыпламатыі ад даверу Расіі. Кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў, што стаўленне да Расіі раздзяляе Польшчу і Венгрыю.

«Мы размаўляем пра гэта з міністрам Сіярта. Хаця б яго сустрэча з расійскім міністрам МЗС Сяргеем Лаўровым у кулуарах саміту АБСЕ – мы разглядаем гэта як памылку. Бо Расію нельга разглядаць як партнёра на якога можна пакласціся, яна будзе выкарыстоўваць нават эканамічныя пагадненні супраць краінаў, з якімі іх заключае. У нас ёсць такі досвед і, як блізкі партнёр венграў, мы іх ад гэтага перасцерагаем», – сказаў Шымон Шынкоўскі вель Сэнк.

Петэр Сіярта і Сяргей Лаўроў сустрэліся на мінулым тыдні ў Паўночнай Македоніі. Некаторыя палітыкі з Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы адмовіліся ад удзелу ў саміце АБСЕ, які там праходзіў, менавіта з-за прысутнасці кіраўніка расійскай дыпламатыі.

Пазіцыю Венгрыі не адобрылі таксама ў Германіі. «У нас няма часу на гульні», – заявіла міністр замежных спраў ФРГ Анналена Бэрбок падчас свайго візіту ў Любляну, каментуючы пагрозу Венгрыі заблакаваць пачатак перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС. На што кіраўнік венгерскай дыпламатыі Петэр Сіярта адказаў на крытыку, падкрэсліўшы, што Будапешт не зменіць сваёй пазіцыі.
Амбасадар ЗША ў Будапешце заявіў, што ўрад Венгрыі, які падтрымлівае Уладзіміра Пуціна, ігнаруе інтарэсы NATO. Дэвід Прэсман дадаў, што спыненне дапамогі Венгрыі Украіне адбываецца ў той час, калі расійскія ваенныя злачынцы забіваюць украінцаў.

Давід Прэсман падкрэсліў, Венгрыя разглядае Паўночнаатлантычны саюз як дамоўленасць, а не сапраўдны саюз. І ў выпадку пагрозы ЗША можа змагацца за Венгрыю не таму, што яны выконваюць дамоўленасці, а таму, што абедзве краіны ёсць чальцамі гэтай супольнасці. Ён сказаў, што ўрад Віктара Орбана відавочна ігнаруе інтарэсы НАТА, адначасова падтрымліваючы Уладзіміра Пуціна, блакуючы дапамогу Украіне. І гэта непрыемна, бо ў той жа час ва Украіне расійскія вайскоўцы мучаць мужчын, жанчын, дзяцей.

Цікава, што ў гэты ж час расійскія медыя пачалі пісаць, што Расія не супраць перамоваў з Украінай на тэрыторыі адной з заходніх краін, у тым ліку ў Венгрыі. Аб магчымасці перамоваў па Украіне на тэрыторыі Венгрыі згадаў у пачатку снежня кіраўнік венгерскага МЗС Петэр Сіярта.

IAR/РАР/вх