Беларуская Служба

Сяргей Вазняк: Калі палітыка пытаюць, ты агент ці не агент, я не ведаю, што ён мусіць адказваць

11.12.2023 15:50
Новая палітычная ініцыятыва на папялішчы грамадска-палітычнага сектару Беларусі.
Аўдыё
  • — Ёсць прававое поле, у якім можна дзейнічаць, — гаворыць Сяргей Вазняк.
 .
Сяргей Вазняк. Архіўнае фотаФота: gazetaby.com

У Мінску заявілі пра стварэнне аргкамітэту новай левай дэмакратычнай партыі, ідэйна-палітычнай асновай якой будзе марксізм. Літаральна сёлета ўлады Беларусі пазбавілі рэгістрацыі шэраг палітычных партый, іх цяпер засталося толькі чатыры, усе праўладныя, а яшчэ ў пачатку года было 15.

На пачатку 2023 года ў Беларусі было 15 партый, пасля перарэгістрацыі, а дакладней масавай ліквідацыі, у краіне зарэгістраваныя чатыры партыі: «Белая Русь» (старшыня Алег Раманаў), Ліберальна-дэмакратычная партыя (Алег Гайдукевіч), Камуністычная партыя Беларусі (Аляксей Сокал), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (Аляксандр Хіжняк).

Умовы, каб заснаваць новую палітычную партыю, сталі больш жорсткімі. У прыватнасці, трэба сабраць подпісы менш чым 5 тысяч чалавек, якія выступаюць за стварэнне новай партыі. Раней гэтая лічба складала 1 тысячу чалавек. Прычым неабходна, каб прадстаўніцтва такой структуры было не менш як 100 чалавек у кожнай вобласці і горадзе Мінску. Арганізацыйныя структуры партый павінны быць створаны не менш як у 1/3 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання кожнай з абласцей рэспублікі, а таксама не менш як у 1/3 раёнаў горада Мінска

«Партыя ў чарговы раз сказала: «Трэба». Камсамолец/камуніст Вазняк адказаў: «Ёсць!» У суботу, 9 снежня, у Мінску сфармаваны Арганізацыйны камітэт па стварэнні ў Беларусі новай левай дэмакратычнай партыі, ідэйна-палітычнай асновай якой будзе марксізм, – паведаміў сёння палітык, грамадскі дзеяч Сяргей Вазняк. – У верасні Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў Беларускую партыю левых «Справядлівы свет» (да 2009 года – Партыя камуністаў Беларусі), членам якой я стаў у студзені 1992 года, а ў 1993-2023 гадах уваходзіў у склад яе кіруючых органаў».

Я дакладна ведаю, што прыйдуць іншыя часы. А мы будзем рабіць тое, што магчыма ў цяперашніх умовах

Сяргей Вазняк кажа, што летам яшчэ да ліквідацыі партыі «Справядлівы свет» праходзіў з’езд, і некаторыя яе чальцы агучвалі думку, што калі рэгістрацыя будзе забраная ўладамі, варта паспрабаваць аб’ядноўвацца хаця б пад эгідаю аргкамітэту па стварэнні партыі.

– Відавочна, цяпер беларускае грамадства знаходзіцца ў стадыі палітычнага заняпаду, інтарэс да палітыкі знізіўся, мы назіраем сіндром 2020 года. Але гэта часовая з’ява, бо нічога застылага няма, асабліва ў грамадскім жыцці. Пройдзе час і ў людзей зноў прачнецца цікаўнасць да палітыкі, будзе праяўляцца жаданне ўплываць на дзяржаўныя рашэнні нейкім чынам. А такія людзі схільныя аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі нейкім чынам, грамадскія арганізацыі, прафсаюзы, грамадскія ініцыятывы. Гэта нармальны працэс. Трэба перажыць гэты час, спадзявацца. Я дакладна ведаю, што прыйдуць іншыя часы. А мы будзем рабіць тое, што магчыма ў цяперашніх умовах. І я разумею, што магчымасці будуць вельмі абмежаваныя. Адна справа, калі ты зарэгістраваная палітычная партыя, іншая – калі ты аргкамітэт па стварэнню партыі, магчымасцяў менш. Але яны ёсць, мы будзем іх выкарыстоўваць, – гаворыць Вазняк.

Ён некалькі разоў у размове кажа пра магчымасці, якія дае беларускае заканадаўства. І гэта крыху нагадвае 2020-ты год і каманду экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, якая таксама спадзявалася перамагчы, абапіраючыся на юрыдычна-прававыя нормы.

– Адбываецца тое, што адбываецца. Так, ліквідаваныя партыі, у тым ліку і некаторыя праўладныя. Яны ліквідаваныя, але ёсць закон, які дазваляе ствараць грамадзянам палітычныя партыі. То бок ёсць прававое поле, у якім можна дзейнічаць, – падкрэслівае Сяргей Вазняк.

Ва ўмовах разгромленага грамадска-палітычнага жыцця ініцыятыва распачаць стварэнне палітычнай партыі выглядае як мінімум нечакана. Наўпрост пытаемся, ці не было кансультацыі наконт гэтага кроку з КДБ, і ці не агент вы, Сяргей Вазняк, як цяпер папулярна казаць?

– (Смяецца,  – рэд.) Я не ведаю, як на такія пытанні адказваць (паўтарае некалькі разоў, – рэд.). Ведаеце, калі палітыка пытаюць, ты агент ці не агент, я не ведаю, што ён мусіць адказваць. Рваць на сабе кашулю і казаць, што ён не агент, ці што агент? Мне нічога такога невядома, пра што вы мяне пытаеце.

Сяргей Вазняк кажа, што з некаторымі прадстаўнікамі ліквідаванай партыі «Справядлівы свет» гэтае рашэнне ўзгодненае.

Што тычыцца камуністычных ідэй, то Вазняк спакойна заўважае, што нікога, хто не падзяляе іх светапогляд, ініцыятары за сабою не завуць. «Мы клічам толькі прыхільнікаў левых марксісцкіх поглядаў, нармальная сітуацыя, калі нехта з намі не згодны, радзі Бога! Нармальная сітуацыя, калі нехта мысліць інакш».

Аргкамітэт па стварэнню партыі, паводле беларускага заканадаўства, не мае абмежаванняў у часе для сваёй дзейнасці. Гэтым можна займацца і адзін дзень, і колькі заўгодна год.

вх