Беларуская Служба

Заявы Трампа выклікаюць сурʼёзныя дыпламатычныя і палітычныя супярэчнасці

12.02.2024 12:28
Не сціхае рэха спрэчных словаў Дональда Трампа на тэму НАТА. Яго словы каментуюць ва ўсім свеце.
Аўдыё
  • Заявы Трампа выклікаюць сурʼёзныя дыпламатычныя і палітычныя супярэчнасці
Дональд Трамп PAP/EPA/RANDALL HILL

Трамп з’яўляецца верагодным супернікам Джо Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах і мае немалыя шанцы на перамогу.

Паводле апытання Reuters/Ipsos, праведзенага пад канец студзеня, 40% амерыканскіх выбаршчыкаў прагаласавалі б за Дональда Трампа, 34% – за Джо Байдэна. Астатнія апытаныя не ўпэўненыя, як яны будуць галасаваць, або схільныя выбраць іншага кандыдата. Гэта прымушае звяртаць увагу на погляды і заявы Дональда Трампа.

Падчас аднаго са сваіх перадвыбарных мітынгаў ён заявіў, што не будзе абараняць ад Расіі тыя еўрапейскія краіны НАТА, якія не адпавядаюць патрабаванням выдаткаў на абарону. Такім чынам Дональд Трамп паставіў пад сумнеў 5-ы артыкул НАТА: паводле яго ўзброеная агрэсія супраць адной краіны НАТА лічыцца ўзброенай агрэсіяй супраць усіх краін НАТА, і ў выніку яны абавязаны аказаць дапамогу.

Падчас перадвыбарчага мітынгу ў Паўднёвай Караліне Дональд Трамп распавёў пра размову, якую меў з лідарам адной з еўрапейскіх краін. Нібыта ён сказаў яму: «Калі ты не аддасі запазычанасці, я не буду цябе абараняць». І дадаў, што ў дачыненні да тых, хто не выконвае абавязацельствы па выдзяленні 2% ВУП на абарону, ён «заахвочваў бы Расію рабіць з імі ўсё, што заўгодна».

Белы дом імгненна адрэагаваў на словы Дональда Трампа. «Заахвочванне ўварвання забойчых рэжымаў да нашых бліжэйшых саюзнікаў – жахлівае і бессэнсоўнае (...). Гэта пагражае нацыянальнай бяспецы Амерыкі, глабальнай стабільнасці і нашай унутранай эканоміцы», – падкрэсліў прэс-сакратар Белага дома Эндру Бэйтс.

-Любыя намёкі аб тым, што саюзнікі не будуць абараняць адзін аднаго, падрываюць бяспеку НАТА, у тым ліку бяспеку ЗША, і падвяргаюць рызыцы амерыканскіх і еўрапейскіх салдат, – падобным чынам пракаментаваў Енс Столтэнберг.

Ён падкрэсліў, што НАТА застаецца гатовым і здольным абараніць усіх саюзнікаў і што любы напад будзе сустрэты адзіным і рашучым адказам. Кіраўнік НАТА таксама выказаў спадзяванне, што незалежна ад таго, хто пераможа на восеньскіх прэзідэнцкіх выбарах, ЗША застануцца моцным і адданым саюзнікам.

У сваю чаргу кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль назваў гэтую заяву глупствам.

-Давайце сур'ёзна. НАТА не можа быць ваенным альянсам, які залежыць ад настрою прэзідэнта ЗША. Не можа быць – сёння так, заўтра не. Ну, сапраўды, давайце сурʼёзна. НАТА не можа быць альянсам, да якога ставяцца выбарачна, ён альбо існуе, альбо яго няма. Я не збіраюся марнаваць час на каментарыі дурных поглядаў, якія ўзнікаюць падчас гэтай кампаніі ў ЗША.

«Дзіўна», – так словы Дональда Трампа аб НАТА каментуе Кім Дарак, былы амбасадар Вялікабрытаніі ў ЗША і галоўны дарадца па нацыянальнай бяспецы. Паводле яго, гэта яшчэ адна трывожная заява пасля выказванняў аб прыпыненні дапамогі Украіне, увядзенні імпартных пошлін і засяроджванні на экалагічна шкоднай здабычы нафты.

-Гэта дзіўныя словы. Ён заахвочваў бы агрэсараў паступаць з тымі чальцамі НАТА, якія не выдаткоўваюць на абарону 2% ВУП, як заўгодна. Гэта трывожная і разбуральная праграма. Нават калі не ўсё спраўдзіцца, то асцярогі зразумелыя, – лічыць Кім Дарак.

Portalobronny.se.pl звяртае ўвагу, што некаторыя аглядальнікі амерыканскай палітычнай сцэны адзначаюць, што заявы Трампа прадыктаваныя выбарчай кампаніяй і тым, што хочуць пачуць выбаршчыкі. «Скажам шчыра, ЗША за апошнія гады перажылі сурʼёзныя эканамічныя крызісы, больш за ўсё трацяць на ўзбраенне і ўсялякую дапамогу свету. Расце незадаволенасць некаторых амерыканцаў тым, што ўлады ЗША больш занепакоеныя светам, чым праблемамі ўласнай краіны, такімі як адсутнасць комплекснага медыцынскага абслугоўвання, дэпапуляцыя прыгарадаў, закрыццё заводаў і г. д. Таму Дональд Трамп гаворыць тое, што хочуць пачуць амерыканцы. Што, на жаль, можа выклікаць непакой у некаторых палітыкаў і людзей у Еўропе ці ва ўсім свеце», – піша на партале Пётр Мядзіньскі.

Пры гэтым аналітык звяртае ўвагу, што гэта не мяняе таго факту, што заявы Трампа выклікаюць сурʼёзныя дыпламатычныя і палітычныя супярэчнасці, паколькі яны падрываюць моц НАТА, апорай якой зʼяўляюцца ЗША.

Патрабаванні НАТА да выдаткаў на абарону складаюць 2% ВУП. Ліпеньская справаздача штаба паказвае, што патрабаванням адпавядаюць 11 саюзнікаў, на чале з Польшчай, якая выдаткоўвае на абарону амаль удвая больш. Летась Варшава выдаткавала на абарону 3,9% ВУП, найбольш у ЕС. Больш за 2% ВУП выдалі: Эстонія, Літва, Фінляндыя, Грэцыя, Венгрыя, Латвія, Румынія і Славакія.

Краіны, якія не выконваюць гэтыя патрабаванні: Бельгія – 1,1%, Баўгарыя – 1,8%, Данія – 1,7%, Германія – 1,6%, Францыя – 1,9%, Італія – 1,5%, Харватыя – 1,8%.

ав