Беларуская Служба

Польшча закупіла «нервовую сістэму СПА» – такая ёсць толькі ў амерыканцаў

29.03.2024 06:03
Вайна ва Украіне і агрэсіўная палітыка Расіі прымусілі многія дэмакратычныя краіны звярнуць увагу на стан армій і павялічыць інвестыцыі ў галіне абароны.
   Patriot
Зенітны ракетны комплекс Patriot Mark Holloway from Beatty, Nevada, USA/German Patriot/CC BY 2.0/commons.wikimedia.org

Польшча з’яўляецца лідарам у Еўропе па капіталаўкладаннях у мадэрнізацыю войска. Прычым Варшава мадэрнізуе ўсе роды войск, у тым ліку і супрацьпаветраную абарону. На фоне паветраных інцыдэнтаў, такіх як заход расійскіх ракет ці беларускіх верталётаў у польскую паветраную прастору, мадэрнізацыя сістэмы СПА мае яшчэ большае значэнне. Сёння мы раскажам пра тое, як Польшча інвестуе ў ахову свайго неба.

У апошні час інцыдэнты, звязаныя з парушэннем польскай паветранай прасторы, сталі амаль рэгулярнымі. Так, у мінулую нядзелю расійская ракета парушыла паветраную прастору Польшчы і прабыла ў ёй 39 секунд. Крылатая ракета была запушчаная самалётамі расійскай дальняй авіяцыі, якія наносілі ўдары па гарадах заходняй Украіны. Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл паведаміла, што былі ўведзеныя ўсе неабходныя працэдуры для гарантавання бяспекі паветранай прасторы Польшчы. У прыватнасці, была актывізаваная польская і натаўская авіяцыя.

У лістападзе 2022 года ўкраінская ракета СПА збілася з курсу і ўпала ў вёсцы Пшэводаў на мяжы з Украінай. У выніку загінулі два мірныя жыхары населенага пункту. Пасля гэтага інцыдэнту нямецкі бок запрапанаваў размяшчэнне па польска-ўкраінскай мяжы батарэй Patriot. Польшча згадзілася на прапанову Берліна і неўзабаве нямецкія сістэмы СПА з’явіліся на граніцы.

У сваю чаргу ў красавіку мінулага года ў цэнтральнай Польшчы ў лесе былі знойдзеныя абломкі крылатай расійскай ракеты Х-55 без боегалоўкі.

А вось у жніўні мінулага года Варшава заявіла, што два беларускія верталёты парушылі паветраную прастору краіны. Вайсковыя машыны зняў на відэа жыхар польскай памежнай вёскі.

Згаданыя інцыдэнты, ваенныя дзеянні ў суседняй краіне і агрэсіўная палітыка ды рыторыка Крамля прымушаюць Варшаву мадэрнізаваць супрацьпаветраную абарону.

Так, месяц таму Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы і адміністрацыя ЗША падпісалі кантракт на пастаўку сістэмы кіравання супрацьпаветранай і супрацьракетнай абаронай IBCS. Інтэграваная сістэма кіравання IBCS прызначаная для другой фазы праграмы Wisła і праграмы Narew – гэта праграма СПА сярэдняй і малой дальнасці адпаведна.

Кошт паставак складае каля 2 млрд 530 млн долараў ЗША. Кантракт будзе рэалізаваны ў 2024-2031 гадах.

Прадметам кантракту з'яўляецца набыццё інтэграванай сістэмы IBCS, у тым ліку абсталявання кіравання і сувязі, неабходнае для шасці батарэй Wisła і 23 комплексаў Narew, набытых у рамках рэалізацыі другой фазы. Пагадненне таксама прадугледжвае лагістычную і тэхнічную падтрымку ды пастаўкі запасных частак.

IBCS – гэта надзвычай сучасная распрацоўка амерыканскага ВПК. Баявая гатоўнасць сістэмы ў СПА Узброеных сіл ЗША была дасягнутая толькі год таму. Падчас паветранай атакі IBCS аналізуе інфармацыю, якая паступае з сістэмаў сачэння, і выбірае адпаведнае ўзбраенне для знішчэння варожага аб’екту.

У размове з Польскім радыё вайсковы аналітык з парталу Defence24.pl Яцэк Раўба заўважыў, што польская сістэма СПА патрабуе вялікіх інвестыцый.

- Вялізныя сродкі, накіраваныя на інвестыцыі ў сістэму СПА, сведчаць пра тое, што гэты род войск патрабуе радыкальнай мадэрнізацыі. Ахова ўсходняй польскай мяжы – гэта не толькі ахова нашай краіны, але і ахова ўсходніх рубяжоў НАТА. А інвеставаць неабходна, таму што польская армія, і перш за ўсё СПА, патрабуюць глыбокай мадэрнізацыі.

Эксперт заўважае, што пакупка сістэмы IBCS – гэта вельмі добры крок у мадэрнізацыі роду войск. Бо, як гаворыць спецыяліст, IBCS – гэта «нярвовая сістэма СПА».

- Гэта нервовая сістэма СПА, якая дазваляе сістэмам кіравання інтэграваць розныя элементы супрацьпаветранай абароны, каб можна было «бачыць» больш і «бачыць» эфектыўна. У выпадку, калі з’яўляецца варожы паветраны аб’ект, сітуацыя развіваецца дынамічна, і рашэнні трэба прымаць хутка і адпаведна да сітуацыі. Сёння перавага ў таго, хто першы заўважыць пагрозу і хто хутка прыменіць адпаведную зброю для знішчэння ракеты альбо іншага паветранага аб’екту. У ваенны час аб’ектаў і ракет можа быць шмат, таму IBCS пры дапамозе добра падрыхтаванага чалавека каардынуе знішчэнне паветраных цэляў.

Калі растлумачыць звычайна мовай, то IBCS на падставе дадзеных, атрыманых з радараў і сістэм сачэння, распазнае варожы аб’ект і прымае рашэнне, якой зброяй яго знішчыць і якая батарэя мае гэта зрабіць. Таму што, для прыкладу, для знішчэння меншага аб’екту не патрэбная сістэма СПА, прызначаная для ліквідацыі крылатых ракет. Гэта як па вераб’ях страляць з гарматы. А IBCS на падставе праведзенага аналізу дазволіць выбраць адпаведную зброю для ліквідацыі цэлі. Больш за тое, у выпадку масіраванай атакі сістэма кіруе агнём па варожых аб’ектах.

На сённяшні дзень польскае неба ахоўваюць сістэмы Patriot амерыканскай вытворчасці, купленыя Польшчай. Так, паветраная прастора над Варшавай поўнасцю перакрытая СПА Patriot. Акрамя таго, на ўзбраенні Войска Польскага – сістэмы СПА айчыннай вытворчасці малой і сярэдняй дальнасці. У Польшчы таксама дыслакуецца каля 11 тыс. вайскоўцаў армій НАТА. Сярод узбраення – батарэі СПА і знішчальная авіяцыя. Канешне, у Польшчы ёсць і свая знішчальная авіяцыя, а неўзабаве на ўзбраенне ВПС краіны паступяць сучасныя знішчальнікі F-35 амерыканскай вытворчасці.

вс

слухайце аўдыёфайл

Расійская ракета парушыла паветраную прастору Польшчы

24.03.2024 09:28
Гэта не першы інцыдэнт, звязаны з парушэннем паветранай прасторы Польшчы расійскімі ракетамі

Польшча накіруе дадатковыя вайсковыя сілы на мяжу з Беларуссю і Расіяй – віцэ-прэм’ер краіны

24.03.2024 09:53
Віцэ-прэм'ер сказаў, што ўсе дзеянні, якія прадпрымаюцца, накіраваныя на стрымліванне патэнцыйнага ворага.

МЗС у Варшаве выкліча пасла Расіі ў сувязі з парушэннем расійскай ракетай польскай паветранай прасторы

24.03.2024 15:39
«Падобныя інцыдэнты нельга пакідаць без рэакцыі – гэта парушэнне міжнароднага права».