Беларуская Служба

Хто будзе лабіраваць інтарэсы Беларусі ў новым Еўрапарламенце?

13.06.2024 08:54
На мінулых выходных у ЕС прайшлі выбары ў Еўрапарламент. Большасць захавала Еўрапейская народная партыя, але яе моцна пасунулі прадстаўнікі крайне правых партыі, якія не раз выказваліся ў падтрымку Крамля.
Аўдыё
  • Еўрапарламент і беларускае пытанне
Ілюстрацыйны здымакEuropean Union

Папярэдні парламент моцна падтрымліваў Украіну ды дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Ці гэтая падтрымка застанецца, ці змалее? Хто сярод новаабраных дэпутатаў можа лабіяваць беларускую справу ў ЕП?

6-9 чэрвеня прайшлі выбары дэпутатаў Еўрапарламента. Большасць месцаў здабылі, як і 5 год таму, цэнтрысцкія партыі: Еўрапейская народная партыя ды Альянс сацыялістаў і дэмакратаў. Аднак у шматлікіх краінах правыя папулісцкія партыі дасягнулі велізарных поспехаў, у першую чаргу ў Францыі ды Германіі. Еўрапейскія СМІ прагназуюць, што ў выніку заканатворчасць Еўрапейскага саюза ўскладніцца.

Гэтым разам на выбарах прагаласавалі 51% выбарцаў ва ўсім ЕС, што крыху больш, чым папярэднім разам, але менш, чым падчас нацыянальных парламенцкіх выбараў. Сярод тых, хто сёлета галасаваў, былі і беларусы. Напярэдадні выбараў у сацыяльных сетках можна было пабачыць заклікі да беларусаў ісці галасаваць. 

Аднак сярод кандыдатаў у дэпутаты беларусаў не было, хаця на мясцовых выбарах, напрыклад, у Польшчы беларусы ўжо былі кандыдатамі. Ці беларусы могуць трапіць у Еўрапейскі парламент? Пакуль гэта вельмі складана, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

-  Гэта складаная справа. Дзеля гэтага патрэбна, каб беларус стаў кандыдатам у адным з выбарчых спісаў і каб ён ішоў па той акрузе, дзе жыве шмат беларусаў з еўрапейскім пашпартам. Не ведаю, ці гэта можна цяпер пралічыць. Тэарэтычна – гэта магчыма, для перамогі магло б хапіць 50 тысяч галасоў. Але больш верагодна беларусам трапіць у Еўрапарламент, калі наша краіна далучыцца да Еўрапейскага Звязу. Вядома, што так станецца не заўтра, але ў прынцыпе такая магчымасць для Беларусі – еўрапейскай краіны, што адпавядае дамове аб стварэнні ЕС, - застаецца адкрытай.

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Еўрапарламент быў адной з першых устаноў ЕС, якая падтрымала беларускі дэмакратычны рух і Святлану Ціханоўскую. Падобным чынам ЕП моцна падтрымліваў Украіну. Ці пасля цяперашніх выбараў, калі дэпутатамі сталі прадстаўнікі кране правых прарасійскіх сіл, гэты курс захаваецца? Пра гэта мы спыталіся ў Матэвуша Кіцкі з Бюро Еўрапарламента ў Польшчы.

- Калі паглядзець на фракцыі, якія будуць мець большасць у парламенце, можна ўбачыць, што расклад сіл моцна не зменіцца. Усё сведчыць пра тое, што еўрапейскі парламент захавае праўкраінскі курс. Парламент цяперашняга склікання моцна падтрымліваў Украіну і грамадзянскую супольнасць у Беларусі. Дастаткова зірнуць на рэзалюцыі адносна санкцый. Менавіта Еўрапарламент ціснуў на ўрады краін ЕС, каб прымаліся санкцыі на Расію ды Беларусь. Другая справа – фінансавая дапамога. Еўрапарламент першым выказаўся за тое, каб Украіна атрымала 50 мільярдаў еўра на ўтрыманне ды абарону. Украінскі прэзідэнт выступіў у першы раз пасля агрэсіі менавіта ў Еўрапарламенце. Там жа прамаўляла Святлана Ціханоўская. Цяпер усё сведчыць, што падтрымка будзе працягвацца. Расклад сіл не зменіцца, дастаткова зірнуць на лічбы. Асноўныя палітычныя групы, якія мелі большасць раней, захоўваюць свой уплыў.

Некаторыя эксперты кажуць, што Еўрапарламент занадта слабы, каб уплываць на палітыку ЕС, ці беларусам варта ўвогуле звяртацца да еўрадэпутатаў за падтрымкай? Варта, Еўрапейскі парламент мае ўплыў у ЕС, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Еўрапейскі парламент мае ўплыў на пытанні звязаныя з замежнай палітыкай, хай сабе і дарадчы. Аднак – гэта важная пляцоўка для абмеркаванняў, каб уздымаць пытанні перад выканаўчымі структурамі ЕС. Ёсць прыклады таго, што ўзаемадзеянне з Еўрапарламентам дазваляла трымаць у парадку дня беларускае пытанне ў ЕС.

У такім выпадку, хто сярод новаабраных дэпутатаў можа стаць прыхільнікам прасоўвання дэмакратыі ў Беларусі?

-  У першую чаргу Беларуссю будуць займацца еўрадэпутаты з Польшчы ды Літвы. Гэта віцэ-старшыня Еўрапейскай народнай партыі Анджэй Галіцкі, два былыя кіраўнікі Групы па стасунках з Беларуссю Богдан Здраеўскі ды Роберт Бедрань. Сярод літоўскіх еўрадэпутатаў гэта могуць быць Петрас Астравічус і Адрыус Кубіліс.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

 

У ЕС набліжаецца галасаванне на выбарах у Еўрапарламент

03.06.2024 15:19
Выбарчая кампанія прайшла пад лозунгам неабходнасці бараніць дэмакратыю ў Еўропе ды свеце.

Упершыню Еўрапарламент выбіраецца ў атмасферы інфармацыйнай вайны

06.06.2024 12:50
Цягам выбарчай кампаніі Крэмль вёў прапагандысцкія атакі, крытыкуючы еўрапейскую дэмакратыю ды інстытуцыі Еўрасаюза. 

Польшча стане больш уплывовай у Еўрапарламенце

10.06.2024 13:55
Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск будзе істотнай сілай у будучай кааліцыі ў Еўрапарламенце, заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.