Расія ўзмацніла гібрыдныя дзеянні ў рэгіёне Балтыйскага мора, абраўшы сваёй цэллю крытычную інфраструктуру краін ЕС – піша інтэрнэт-выданне Forsal.pl. Нямецкія аналітыкі заклікаюць Захад умацаваць абарону рэгіёну.
Балтыйскае мора разглядаецца як транспартная зона, эканамічная база і прастора для праекцыі сілы, якую асабліва актыўна выкарыстоўвае Расія. У дакладзе Фонду імя Фрыдрыха Наумана адзначаецца, што пашкоджанне падводнай інфраструктуры, напрыклад, газаправода Balticconnector, можа ажыццяўляцца нават без адмысловай тэхнікі – дастаткова кінуць якар. Акрамя таго, зафіксаваныя шматлікія рэйсы расійскіх «даследчых суднаў», якія дзейнічалі падазрона блізка да крытычнай інфраструктуры краін Захаду.
Аналітыкі папярэджваюць, што пасля ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў НАТА Балтыку сталі называць «унутраным морам Альянсу». Аднак суседства з Калінінградскай вобласцю Расіі, узброенай ракетамі кароткага радыусу дзеяння, застаецца сур'ёзнай пагрозай. Эксперты заклікаюць краіны НАТА ўзмацніць абарону крытычнай інфраструктуры на розных узроўнях і стварыць адмысловыя структуры дзеля маніторынгу сітуацыі з дапамогай дронаў.
Некаторыя эксперты кажуць, што Германія можа вучыцца ў краін Балтыі, Скандынавіі і Польшчы, якія лепш падрыхтаваныя да расійскай пагрозы і могуць своечасова рэагаваць на атакі.
нг