У гэтым годзе і ў Польшчы і ў Беларусі адбываюцца прэзідэнцкія выбары. Толькі гэта дзве зусім розныя падзеі, паколькі тое, што пройдзе ў Беларусі ўжо 26 студзеня, мала хто называе выбарамі.
Гэта «бязвыбар» — гаварылі арганізатары пікету, які ў мінулую нядзелю прайшоў перад генеральным консульствам РБ у Беластоку. Іншыя кажуць пра гэта больш радыкальна: гэта будзе цырк. Ёсць некалькі кандыдатаў, але ніхто не сумняваецца, што пераможца ўжо вызначаны. І будзе ім Аляксандр Лукашэнка, які ўпраўляе краінай звыш 30 гадоў. Таксама кіраўнік Фонду «Наш Вектар Беларусь» Ігар Маслоўскі лічыць, што выбарамі гэтага назваць нельга.
- На мой погляд, тое, што адбываецца ў Беларусі можна назваць прэзідэнцкімі, але цяжка назваць выбарамі. На працягу 30-ці гадоў адзін і той жа сцэнарый: ён часам больш лайтавы, лёгкі, ці такі, як зараз — самы цяжкі. І калі раней мы бачылі, што гэта быў працэс і ў ім можна было ўдзельнічаць некаторым суб’ектам і людзям больш актыўна, дык зараз няма нават і гэтага працэсу. І самі ўлады, і дзяржаўныя СМІ мала выкарыстоўваюць слова «выбары». Яны карыстаюцца тэрмінамі «электаральная кампанія» ці «электаральны цыкл». Таму яны і самі пацвярджаюць, што гэта не выбары.
Але ёсць жа, апрача Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларуссю больш за 30 гадоў, таксама іншыя кандыдаты…
- Калі мы ведаем, якія ў нас правілы, дык тут кожнаму адведзеная свая роля. І мы можам гадаць, якая персанальная роля ў кожнага, але мы бачым, што Гайдукевіч ідзе з такімі мэседжамі супраць Еўропы, супраць Амерыкі. Іншы — таварыш камуніст — ідзе там са сваімі мэседжамі. І напэўна іх галоўная роля адцяняць, што — вось, глядзіце — наш Аляксандр Лукашэнка — гэта ніякі там не радыкал, а сапраўдны цэнтрыст!
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле.
Размаўляў Яраслаў Іванюк