Злучаныя Штаты Амерыкі прыпынілі ваенную дапамогу Украіне. Рашэнне аб гэтым прыняў асабіста прэзідэнт Трамп. Гаворка ідзецца пра новыя пакеты, так і пра тэхніку ды амуніцыю, якая знаходзілася ў дарозе. Эксперты прагназуюць складанасці для Украіны і бачаць выйсце ў кансалідацыі Еўропы.
Bloomberg са спасылкай на крыніцы ў Пентагоне паведаміў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп загадаў прыпыніць усю вайсковую дапамогу Украіне. Як зазначыла агенцтва, гаворка ідзе пра ўсю вайсковую тэхніку і зброю ЗША, якая знаходзіцца ў транзіце, альбо чакае адпраўкі ў Польшчы. Журналіст «Голасу Амерыкі» Астап Ярыш падкрэсліў, што прыпыненне дапамогі адаб'ецца на пастаўках зенітных ракет, боепрыпасаў HIMARS і артылерыі, бо гэта ўзбраенне ўвайшло ў апошнія пакеты дапамогі адміністрацыі Байдэна.
Пазней Белы дом пацвердзіў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў ваенную дапамогу Украіне, бо Штатам патрэбны партнёр, нацэлены на мір.
Першая рэакцыя Еўропы на рашэнне Трампа ў асноўным пакуль адмоўная. Адзіным, хто падтрымаў Трампа, стаў венгерскі ўрад, рэшта выступіла з крытыкай. Так французы лічаць, што прыпыненне ваеннай дапамогі ЗША робіць «аддаленым» мір ва Украіне. Пра гэта сказаў міністр Францыі па справах Еўропы Бенджамін Хадад.
— Суверэнітэт Украіны – гэта магчымасць свабодна выбіраць сваю будучыню: дэмакратычную і еўрапейскую. Гэта ў нашым інтарэсе, гэтаксама як і ЗША. Калі мы хочам міру, рашэнне аб прыпыненні паставак зброі ва Украіну ўмацуе мір або адштурхне яго? Яно адштурхне яго, таму што толькі ўмацуе пазіцыі агрэсара. Сёння ўкраінцы змагаюцца за бяспеку нашага ўсходняга фланга. Мы павінны працягваць іх падтрымліваць. Бяспека і будучыня Украіны павінны вырашацца пры ўдзеле ўкраінцаў. На сённяшні дзень адзіны варыянт спынення гэтай вайны, аднаўлення перамоў, - гэта ўстанаўленне балансу сілаў на зямлі, каб Расія зразумела, што няма ваеннага вырашэння вайны.
У Польшчы эксперты называюць рашэннем Трампа - палітыкай сілы з боку ЗША, толькі не туды скіраванай. Замест Украіны, павінна быць Расія ды Пуцін, перакананы прафесар Анджэй Падраза з Каталіцкага ўніверсітэту ў Любліне.
— Менавіта яго трэба паставіць да сценкі, на яго трэба ўплываць, каб Пуцін захацеў міру, і захацеў спыніць гэтую жудасную вайну, якую ён распачаў. Гэтая вайна вельмі брутальная, мы памятаем пра Бучу ды іншыя ўкраінскія гарады. Гэта ўплывае на стаўленне прэзідэнта Зяленскага.
Спыненне ваеннай дапамогі Украіне пагражае Польшчы і Еўрасаюзу, лічыць Барташ Урублеўскі з Інстытута палітычных навук Жэшаўскага ўніверсітэта.
—Прэзідэнт Трамп хоча проста знішчыць Еўрапейскі Саюза. Таму што для яго гэта канкурэнт, і яшчэ таму, што яна слабая. Пытанне толькі ці хоча знішчыць інстытуцыянальна, ці проста, каб пакарылася перад ім.
Рашэнне аб прыпыненні амерыканскай дапамогі для Украіны можа быць элементам перамоў з украінскім прэзідэнтам. Так лічыць былы амбасадар Польшчы ў Кіеве Ян Пекла. Госць Польскага радыё выказаў спадзяванне, што прыпыненне вайсковай дапамогі мае часовы характар.
— Гэта тэст для Еўропы, якая спачатку гучна заявіла аб сваёй падтрымцы для Зяленскага. Аднак па выніках саміту ў Лондане, прагучала сцверджанне, што павінна быць дапамога ЗША, каб мы маглі справіцца з сітуацыяй.
Еўропа і Украіна абыдуцца і без дапамогі Амерыкі, калі Еўропа застанецца цэласнай і адзінай, перакананая кіраўнік Цэнтра міжнародных адносін Малгажата Банікоўска.
— Зразумела, што цяпер кошты вайны кладуцца на плечы іншых кааліцыянтаў, без ЗША. Гэта будзе вялізарная страта. Аднак праўда ў тым, што не толькі ЗША падтрымлівалі Украіну. З самага пачатку вайны Еўропа ўцягнутая ў прадстаўленне дапамогі Украіне. Працяг гэтай дапамогі дазволіць Украіне змагацца далей.
У адказ на рашэнні Трампа старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен прадставіла план па ўмацаванні абароны Еўропы, які істотна паскорыць і павялічыць ваенную дапамогу Украіне. Кіраўнік Еўракамісіі падкрэсліла, што «бяспека Еўропы знаходзіцца пад рэальнай пагрозай», таму ЕС пачынае ўзбройвацца. Ідзецца пра рост выдаткі на абарону краін ЕС на 1,5% і вылучэнне 150 мільярдаў еўра ў выглядзе пазык на вытворчасць сродкаў СПА ў ЕС і зброі, перш за ўсё, для Украіны.
— Мы ўступаем ў эру пераўзбраення. Еўропа гатовая значна нарасціць свае ваенныя выдаткі, каб адначасова адказаць на цяперашнія выклікі ды падтрымаць Украіну. Гэтаксама мы павінны забяспечыць доўгатэрміновы падыход, каб гарантаваць нашу еўрапейскую бяспеку. Мы прапануем новы інструмент у выглядзе 150 мільярдаў еўра пазык для краін ЕС на інвестыцыі ў абаронны сектар. Гэта дапаможа забяспечыць патрэбы і разам набыць узбраенне, каб значна павялічыць пастаўкі зброі для Украіны.
Таксама прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трюдо заявіў аб працягу ваеннай падтрымкі Украіны.
— Мы працягнем падтрымліваць Украіну, колькі трэба. Украіна не проста бароніць сваю тэрыторыю, яна бароніць асновы і прынцыпы нашай дэмакратыі. Я заяўляю, што ў бліжэйшыя месяцы Канада паставіць яшчэ 25 баявых машын пяхоты LAVIII і 4 трэніровачныя самалёты F-16. Таксама будзем падтрымліваць падрыхтоўку вайсковых у Нямеччыне. Таксама мы перадамо мільён снарадаў, вайсковы рыштунак ды аптэчкі. Яшчэ будзе пералічаны першы транш дапамогі з замарожаных расейскіх актываў — 5 мільярдаў долараў. Вайна магла б закончыцца нават заўтра, калі б Расія спыніла сваю нелегальную агрэсію супраць Украіны.
У самой Украіне ў першую чаргу задаюцца пытаннем, ці абваліцца фронт ва Украіне. Не павінен, прагназуе на сваім канале ў YT палітолаг Ігар Тышкевіч.
— 2-3 месяцы Украіна будзе адчуваць скарачэнне памераў паставак ваенных грузаў. Але пэўныя запасы ёсць ва Украіне, плюс ёсць ва Украіне пэўныя вытворчыя магутнасці па рамонту бронетэхнікі, па вырабе і амуніцыі, часткова ў супрацы з еўрапейцамі. Таму будзе складна, але катастрофы і абвалу фронту не адбудзецца.
Іншыя ўкраінскія эксперты кажуць, што Украіна зможа вырабляць уласныя сістэмы супрацьпаветранай абароны. Украіна мае досвед працы з сістэмамі супрацьпаветранай абароны з 2010-х гадоў. Уласныя зенітныя сістэмы і ракеты былі распрацаваны яшчэ раней, распавёў у эфіры «Кіеў24» авіяэксперт Багдан Далінцэ.
— Украінскі абаронны сектар здольны вырабляць больш, праблема ў тым, што ў дзяржавы не хапае сродкаў, каб усе набыць. Адной з гарантый бяспекі можа быць тое, што Еўропа будзе закупляць зброю ва ўкраінскіх пастаўцоў.
Гэта пацвярджаюць і ўкраінскія ўрадавыя колы. Так паводле слоў кіраўніка абароннага камітэта Вярхоўнай Рады Фёдара Веніслаўскага, украінскі «ваенна-прамысловы комплекс за тры гады набраў дастаткова вялікую здольнасць і можа істотна нівеліраваць пагрозы і рызыкі. Запас трываласці ва Украіне сапраўды ёсць дзесьці на паўгода нават без сістэмнай дапамогі са боку ЗША, сказаў палітык у каментары для РБК-Украіна.
У краіне пабудавана новая абаронная прамысловасць, якая сёння мае большыя магчымасці, нават у 35 разоў, заявіў падчас прэс-канферэнцыі прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль.
— Украіна вырабляе зброі на 35 мільярдаў долараў у год. Гэта значнае дасягненне. За два гады вытворчасць артылерыі павялічылася ў тры разы, бронетранспарцёраў — у 5 разоў, супрацьтанкавай зброі — у 2, боепрыпасаў — у 2,5 раза. Цяпер мы вырабляем каля траціны неабходнай зброі, наша мэта — не менш за 50 працэнтаў».
Такім чынам, пакуль Трамп згортвае амерыканскую дапамогу для Украіны, Еўропа ўступае ў эпоху пераўзбраення. Гэтаксама Украіна нарошчвае свае магчымасці па вырабу зброі ды актывізуе пошукі альтэрнатыўных крыніц паставак узбраення. Украінскі бок заяўляе, што да канца года яму хопіць рэсурсаў для абароны.
Юры Ліхтаровіч