Турцыя гатовая арганізаваць мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй. Пра гэта заявіў прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган пасля сустрэчы ў Анкары з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам. Прэзідэнт Эрдаган заявіў, што Турцыя можа прадставіць месца для перамоў, калі Украіна і Расія будуць гатовыя сесці разам за стол перамоў. Турэцкі лідар станоўча ацаніў гатоўнасць Украіны ўвесці рэжым спынення агню ды выказаў надзею, што Расія таксама станоўча адрэагуе на гэтыя заявы і прапанаваў арганізаваць мірныя перамовы.
— Мы не хочам далейшага разліву крыві ды прагнем, каб абодва бакі – нашыя суседзі - завяршылі справедліва ды мірна канфлікт.
У сваю чаргу польскі прэм’ер пасля сустрэчы з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам заявіў, што Польшча і Турцыя хочуць як мага хутчэйшага спынення баявых дзеянняў і справядлівага міру для Украіны. Польшча разлічвае на ўсё большае значэнне Турцыі ў мірным працэсе ў Еўропе. Дональд Туск падкрэсліў, што абедзве краіны пазітыўна ацэньваюць украінска-амерыканскія перамовы аб спыненні агню.
Падсумоўваючы перамовы з прэзідэнтам Турцыі, польскі прэм’ер падкрэсліў, што вельмі задаволены вынікамі сустрэчы. Кіраўнік урада адзначыў, што Турцыя гатова ўдзельнічаць у стабілізацыі сітуацыі ў Чорным моры, каб расчысціць там гандлёвыя шляхі.
— Турцыя гатовая больш актыўна далучыцца да стабілізацыі сітуацыі ў басейне Чорнага мора. Не трэба нагадваць, наколькі важна для польскіх фермераў утрыманне бяспечнага і стабільнага шляху з украінскіх партоў праз Чорнае мора на поўдзень, каб украінскі экспарт спакойна тудой ішоў, а не праз нашыя межы.
Намеснік міністра нацыянальнай абароны Павал Залеўскі дадаў, што візіт важны, бо Турцыя адыгрывае важную ролю ў рэгіёне Міжземнага і Чорнага мораў.
— Дзякуючы Турцыі, расійскія вайсковыя караблі не змаглі заплыць у Чорнае мора. Таксама Турцыя дапамагала Украіне, пастаўляючы вайсковую тэхніку ды зброю. Сёння цяжка ўявіць працэс умацавання суверэнітэту Украіны ад Расіі без супрацоўніцтва з Турцыяй.
Павал Залеўскі дадаў, што візіт польскай дэлегацыі ў Анкару мае таксама на мэце ўмацаванне супрацоўніцтва з Турэччынай у галіне ўзбраенняў.
Польскі бок бачыць значэнне Турцыі ў рэгіёне, падкрэсліў Караль Васілеўскі з Цэнтру ўсходніх даследаванняў у Варшаве.
— Турцыя хацела б, каб перамовы праходзілі ў іх, хацела бы быць пасрэднікам на перамовах. Гэта звязана з тым, што туркі доўгі час прадстаўляюць сябе як бок, які балансуе паміж сапернікамі, які паспяхова ў сваім пасрэдніцтве. Частка амерыканскай камунікацыі з Расіяй ішла праз Турцыю. З другога боку выпрацавала збожжавае пагадненне. Аднак турэцкія дзеянні маюць шырэйшае вымярэнне, бо кажа, што доўгатэрміновы мір немагчымы, калі ігнараваць інтарэсы Турцыі.
Важна яшчэ тое, што польскі бок сёння выступае як прыхільнік уступлення Турцыі ў ЕС. Для Еўропы Турцыя мае важнае значэнне ў сферы бяспекі, зазначае турколаг з Варшаўскага ўніверсітэту Конрад Заштаўт.
— Польшча як адна з нешматлікіх краін ЕС здаўна мае добрыя адносіны з Турцыяй. Не было ніякіх буйных палітычных крызісаў паміж Анкарой і Варшавай у адрозненні да Францыі ды Германіі. Цяпер Польшча мае старшынства ў ЕС, таму прэм’ер Польшчы паехаў у Турцыю яшчэ як прадстаўнік ЕС. Туск сказаў, што Турцыя павінна вярнуцца да еўрапейскай інтэграцыі. ЕС разумее важнасць Турцыі ў справах бяспекі. Гэтая краіна мае другую ў НАТА армію па памерах.
Польскі і турэцкія лідары таксама абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў праекце будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі і дзеяннях па ўмацаванні адносін паміж Турцыяй і Еўрапейскім саюзам. Разам з тым у Анкары не прагучала дэкларацыя гатоўнасці накіраваць турэцкія войскі ва Украіну.
Юры Ліхтаровіч