Беларуская Служба

За паўгода ад траўмаў на вытворчасці загінулі больш за 50 беларусаў

16.07.2019 11:01
Паводле папярэдніх звестак, смяротныя траўмы, звязаныя з вытворчасцю па віне наймальніка атрымалі 27 чалавек.
 .
Будаўнічая пляцоўка. Photo: MichaelGaida/pixabay.com/CC0 Public Domain

Усяго на працы на працягу студзеня–чэрвеня 2019 года ў арганізацыях Беларусі памерлі або загінулі 279 работнікаў, сведчаць аператыўныя дадзеныя Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы, паведамляе „Свабода”.

Паводле ведамства, смерць 226 чалавек не звязана з вытворчасцю. Сярод іх:

•190 чалавек памерлі выключна з прычыны стану свайго здароўя;
•31 чалавек атрымаў смяротныя траўмы не падчас выканання сваёй працы;
•5 чалавек скончылі жыццё самагубствам.

Паводле папярэдніх звестак, смяротныя траўмы, звязаныя з вытворчасцю, атрымалі 53 чалавекі, у тым ліку 27 — па віне наймальніка. 4 работнікі пры атрыманні траўмаў на вытворчасці знаходзіліся ў нецвярозым стане.

Для параўнання, у першым паўгоддзі 2018 года на працы памерлі або загінулі 286 чалавек, з іх траўмамі, звязанымі з вытворчасцю, прызналі 70 выпадкаў. У 2017 годзе ў выніку траўмаў на вытворчасці загінулі 58 работнікаў.

У красавіку 2019 года ў сувязі з ростам вытворчага траўматызму ў Савеце Міністраў ужо абмяркоўвалі захады, якія маглі б дапамагчы скараціць колькасці выпадкаў траўмаў і смерцяў на вытворчасці. Сярод іншага гучалі прапановы:

•скараціць ручную працу;
•удасканаліць сістэму абавязковага страхавання ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці;
•павялічыць дыферэнцыяцыю страхавых тарыфаў у залежнасці ад ступені прафесійных рызык;
•не выплочваць страхоўкі, калі чалавек атрымаў траўму або загінуў праз тое, што знаходзіўся ў нецвярозым стане.

аз