«Тбiлiсоба» пройдзе ў Мінску ў суботу, 24 жніўня, - нагадвае "Наша ніва". Фестываль правядуць у Верхнім горадзе, завершыць яго адкрыты канцэрт гурта Mgzavrebi. Грузінскія песні будуць гучаць са сцэны ў гістарычным цэнтры Мінска ад паўдня і да паўночы. Каб прывезці ўсіх музыкаў, якія выступяць на сцэне ў гэты дзень, замест звычайнага рэйсавага «Эмбраэра» ў Беларусь з Грузіі ў гэты дзень прыляціць больш ёмісты «Боінг».
Першая «Тбiлiсоба» прайшла пяць гадоў таму.
Грузінскі фестываль застаецца самым папулярным сярод жыхароў горада і турыстаў: у мінулым годзе на свята прыйшло каля 80 тысяч чалавек.
На фестывалі ўпершыню будзе беларуская пляцоўка, дзе гасцей з сонечнай Грузіі навучаць беларускай мове. Праводзіць урокі будзе «Арт-Сядзіба»: каманда арганізацыі падрыхтуе спецыяльныя пазлы са словамі на рускай, беларускай і грузінскай мовах.
Арганізатары фестывалю – ТМ «Баржомі», Мінгарвыканкам, мэрыя Тбілісі, Пасольства Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь і грузінскае культурна-асветніцкае таварыства «Мамулі».
яс