Беларусь адкрыла ў Індыі пяць візавых цэнтраў. Яны размешчаныя ў гарадах Дэлі, Бангалор, Калькута, Мумбай, Чэнай, паведамляе «Еўрарадыё». Падаваць дакументы візавых заявак на беларускую візу праз візавыя цэнтры могуць грамадзяне Індыі і яшчэ 74 краін. Аператар візавых цэнтраў Беларусі ў Індыі – кампанія VFS Global. Ёй належаць візавыя цэнтры шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, якія працуюць у Беларусі.
«Пачатак працы па візавых пытаннях з VFS Global – гэта важны крок для развіцця ўязнога турызму ў Беларусь у Паўднёва-Усходняй Азіі. Новы падыход адлюстроўвае наша імкненне спрасціць перасоўванне грамадзян паміж Індыяй і Беларуссю, што мае вялікае значэнне для плённага двухбаковага супрацоўніцтва», – заявіў пасол Беларусі ў Індыі Андрэй Ржавускі.
Як піша індыйскае выданне Businessworld, у апошнія гады колькасць турыстаў, якія прыязджаюць з Індыі ў Беларусь, стабільна расце. Штогод па беларускую візу звяртаюцца каля 1200 грамадзян Індыі.
вс
на фота: на вуліцы індыйскага горада