Прэзідэнты Літвы і Латвіі сустрэліся 3 кастрычніка ў Вільні. Высветлілася, што яны сыходзяцца ў меркаванні наконт стандартаў бяспекі БелАЭС, аднак прызнаюць, што адрозненні ў падыходзе да пытання блакавання імпарту электраэнергіі з гэтай станцыі застаюцца – паведамляе Радыё свабода, спасылаючыся на delfi.lt.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа папярэдзіў, што гэтая нязгода можа перашкаджаць адключэнню электрасетак Балтыйскіх краін ад постсавецкай сістэмы і яе сінхранізацыі з ЛЭП Заходняй Еўропы.
Латвія адхіліла просьбы Літвы аб блакаванні доступу электраэнергіі з Беларусі, і літоўскія службовыя асобы заяўляюць, што электраэнергія з БелАЭС зможа трапляць на рынак Балтыйскіх краін праз Латвію. Латвія сцвярджае, што пасля ўвядзення Літвой эмбарга, яна па тэхнічных і эканамічных прычынах пяройдзе да гандлю электраэнергіяй з Расіяй, а тэарэтычна праз Расію можа паступаць і электраэнергія з БелАЭС.
Латвійскі прэзідэнт сказаў, што ўрад яго краіны цалкам ухваляе літоўскія патрабаванні па бяспецы АЭС у Астраўцы, аднак у яго «іншы падыход да тактыкі дасягнення гэтай мэты». Паводле яго, гэтае пытанне павінна быць вырашана, самае пазней, да 2025 года, калі Балтыйскія краіны плануюць рэалізаваць праект сінхранізацыі ЛЭП.
эж