4 кастрычніка ў Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва. Згодна з пералікам на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту, перапісу падлягаюць: беларускія грамадзяне; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Беларусі; грамадзяне Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасці не перавышае аднаго году).
Удзел у перапісе можна ўзяць па інтэрнэце на сайтах census.by і перепись.бел. За першыя суткі гэтай магчымасцю скарысталіся 162 тысячы чалавек. Інтарэс быў настолькі вялізарным, што сайты з-за перагрузкі перыядычна не працавалі, піша "Наша Ніва".
Інтэрнэт-перапіс будзе доўжыцца да 18 кастрычніка ўключна. Пасля гэтага сайты закрыюць. З 21 кастрычніка па хатах і кватэрах пачнуць хадзіць перапісчыкі.
юл