Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка на саміце СНД у Ашгабадзе выказаў занепакоенасць з нагоды маштабных вайсковых вучэнняў НАТА, якія неўзабаве пройдуць ля межаў Беларусі, піша svaboda.org са спасылкай на БелТА.
«НАТА чамусьці вырашыла праз літаральна некалькі месяцаў правесці ля нашых межаў буйнамаштабныя вучэнні і задзейнічаць столькі тысяч, колькі ніколі не задзейнічала. Гэта Польшча і краіны Балтыі. Гэта ненармальна. Гэта ня кажа пра тое, што мір прыйшоў на тэрыторыю Еўропы і ачагоў такіх не паўстане ў будучыні. Гэта незразумелыя вучэнні», – сказаў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, яму разам з прэзідэнтам Расіі Пуціным «давядзецца падумаць аб тым, як засцерагчы сябе ў гэты перыяд». «Мы, напрыклад, у Беларусі ўжо над гэтым працуем», – дадаў Лукашэнка.
Вучэнні НАТА Defender-2020 пройдуць у 2020 годзе. У межах вучэнняў ЗША маюць намер адпрацаваць хуткае перакідванне сваіх войскаў праз Атлантычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. ЗША сцвярджаюць, што вучэнні Defender 2020 стануць самымі маштабнымі за апошнія 25 гадоў. У іх прымуць удзел каля 20 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў разам з вайсковай тэхнікай. Усяго ў манэўрах будзе задзейнічана 37 тысяч салдат НАТА з 18 краінаў, трэніроўкі пройдуць на тэрыторыі 10 краінаў.
яс